Хронікі рэпрэсій за 20 снежня: сталі вядомыя афіцыйныя прычыны смерці Тарайкоўскага, Ашурка і Шутава

З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сённяшні дзень.

1_1097_1.png

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1499 дзён, Дзяніс — 1379

***

17 снежня ў Дзяржынску прайшлі затрыманні і ператрусы, паведамляе «Вясна». Паводле папярэдняй інфармацыі, сілавікоў цікавілі незалежныя назіральнікі на мінулых выбарах, а таксама людзі, якія праходзілі па адміністрацыйных справах за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах.

Дакладная колькасць затрыманых высвятляецца.

***

«Кіберпартызаны» ў сваім тэлеграм-канале паведамілі, што ў іх з'явілася інфармацыя пра памерлых у Беларусі людзей да 2024 года з афіцыйнымі прычынамі смерці.

Сярод прымацаваных скрыншотаў з атрыманай базы ёсць звесткі пра афіцыйныя прычыны смерці палітвязняў і памерлых падчас пратэстаў беларусаў.

Афіцыйная прычына смерці Генадзя Шутава — «ачаговая траўма галаўнога мозгу». У Вітольда Ашурка — «іншыя недакладна пазначаныя і неўдакладненыя прычыны смерці». У Аляксандра Тарайкоўскага — «адкрытая рана пярэдняй сценкі грудной клеткі».

***

У Беларусі вялікая колькасць палітычных крымінальных артыкулаў, па якіх актыўна судзяць беларусаў. Акрамя самых распаўсюджаных дыфамацыйных і «народнага», ёсць так званыя «лічбавыя» артыкулы: «Незаконныя дзеянні ў дачыненні інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных» (арт.230-1 Крымінальнага кодэкса), «Несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі» (арт.349 КК), «Знішчэнне, блакаванне або мадыфікацыя камп’ютарнай інфармацыі» (арт.350 КК), «Неправамернае завалоданне камп’ютарнай інфармацыяй» (арт.352 КК), «Выкарыстанне шкоднасных камп’ютарных праграм» (арт.354 КК).

Самы распаўсюджаны з іх — арт.203-1 КК: па ім судзілі не меней за 83 чалавекі. Агулам па ўсіх згаданых артыкулах судзілі як мінімум 119 чалавек, пішуць праваабаронцы. Часта прад’яўляюць абвінавачванне адразу па некалькіх артыкулах. З імі звязаныя справа «ўзлому кампутарнай сістэмы Мінгарвыканкаму», «Чорнай кнігі Беларусі» і іншыя. 

***

Стала вядома пра арышт стэндап-коміка і радыёвядучага Сцяпана Манкевіча.

Напрыканцы снежня яго будуць судзіць паводле «народнага» артыкула за ўдзел у пратэстах, піша «Наша Ніва». 33-гадоваму коміку інкрымінуецца арт.342 КК. Па цяперашняй практыцы людзей з такім абвінавачваннем утрымліваюць да суду пад вартай.

Сцяпан Манкевіч — беларускі комік. Ён вучыўся на псіхолага ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце, працаваў вядучым на «Радыус ФМ». Апошнія гады быў вядомы як стэндап-комік, таксама займаўся правядзеннем вяселляў.

***

17 снежня суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў кнігу расійскага журналіста Міхаіла Фішмана «Пераемнік. Гісторыя Барыса Нямцова і краіны, у якой ён не стаў прэзідэнтам» «экстрэмісцкімі» матэрыяламі. Абнаўленне ў спісе заўважыў праваабарончы цэнтр «Вясна».

Акрамя гэтага ў спіс трапілі дзве старонкі ў сацыяльнай сетцы «Х»: «Андрусь Белавешкін» і «Speak_like_Belarus»; закрыты чат у Viber «Калегі-сяброўкі».

***

Заснавальніка сеткі клінік «Новое зрение» Алега Каўрыгіна ўнеслі ў «спіс тэрарыстаў», паведамляе «Медыязона».

Акрамя Каўрыгіна, у спіс таксама трапілі добраахвотнік Ціхан Клюкач, Юрый Аверкаў, Дзмітрый Сідарэнка, Уладзімір Алісіевіч, Андрэй Валахановіч, Эдуард Кашацян і Вікторыя Верас.

25 лістапада суд прысудзіў заснавальніка клінікі «Новое зрение» Алега Каўрыгіна да 12 гадоў калоніі. Яго прызналі вінаватым паводле некалькіх артыкулаў КК. Сярод іх — «Ухіленне ад выплаты падаткаў» (арт.243-1 КК), «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт.361-4 КК), «Распальванне варожасці» (ч.3 арт.130 КК), «Дыскрэдытацыя Беларусі» (арт.369-1 КК), «Заклікі да санкцый» (ч.3 арт.361 КК).

***

У «спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 29 імёнаў — цяпер у ім 4795 чалавек, піша «Салідарнасць».

20 снежня МУС падрыхтавала традыцыйнае пятнічнае абнаўленне «Спісу грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых у спіс трапілі гомельскі праўладны правакатар Яўген Катляроў, майстар ААТ «Гроднажылбуд» Дзмітрый Голуб, жыхарка Брэста Ала Дзясяцік.

***

На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Максіма Знака — 685 дзён, Мікалая Статкевіча — 682 дні, Ігара Лосіка — 673 дні, Віктара Бабарыкі — 611 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 541 дзень, Уладзіміра Гундара — 504 дні, Аляксандра Арановіча — 199 дзён.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваецца 1298 чалавек.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1405 чалавек. Сярод іх — 173 жанчыны і 3 непаўнагадовых. 24 палітвязні адпраўлены на прымусовае лячэнне.