Коршунаў: Рэжым спрабуе паказаць, што нібыта стаў лагоднейшым, але рэпрэсіі нікуды не дзеліся
Сацыёлаг Генадзь Коршунаў у размове з Юрыем Дракахрустам на «Радыё Свабода» аналізуе сёлетнія тэндэнцыі ў рэпрэсіях, новыя тактыкі сілавікоў і дае прагноз на будучы год.
— Генадзь, на канец снежня 2023 года ў Беларусі было 1477 палітзняволеных; на сярэдзіну снежня 2024 года — 1280. Зніжэнне колькасці на 13%. У папярэднія гады (і ў 2022-м, і ў 2023-м) на працягу года назіраўся рост гэтага паказніка. Як трактаваць паказнік 2024 года: зніжэнне на цэлых 13% ці зніжэнне ўсяго на 13%?
— Я б не фіксаваўся выключна на колькасці палітвязняў. Разумею, што гэта (выбачаюся за цынізм) даволі зручна, таму што можна параўноўваць з іншымі краінамі. Але нават калі параўноўваць, то я б параўноўваў не абсалютныя лічбы, а глядзеў на колькасць палітвязняў на 1000 чалавек насельніцтва. І тады мы ўбачым, што наш паказнік колькасці палітвязняў на тысячу чалавек насельніцтва істотна вышэйшы, чым, скажам, у Расіі ці Венэсуэле.
Зніжэнне колькасці палітвязняў у Беларусі за 2024 год — вынік двух працэсаў. Па-першае, некалькі хваль так званых «памілаванняў» — гэта каля 200 чалавек. Па-другое, заканчэнне тэрмінаў зняволення многіх палітвязняў, якія былі асуджаныя пасля 2020 года на тэрміны ад аднаго да чатырох гадоў. У выніку, калі не ўлічваць памілаваных, колькі чалавек на працягу года выйшлі на волю пасля заканчэння тэрмінаў, прыкладна столькі ж і пасадзілі.
Але самае галоўнае — гэта тое, што ступень рэпрэсіўнасці рэжыму нельга ацэньваць толькі па адным паказніку. Тут варта глядзець на тое, колькі ініцыятыў, тэлеграм-каналаў, выданняў атрымалі статус «экстрэмісцкіх фарміраванняў» ці «экстрэмісцкіх матэрыялаў», на тое, якой была колькасць затрыманых з палітычных матываў. Гэты апошні паказнік я называю «індэксам хапуноў». Дык толькі за апошні квартал колькасць затрыманых складала некалькі соцень. Самы буйны «хапун» сёлета быў па справе «INeedHelp». Гэта калі людзей хапалі за дапамогу сем’ям палітвязняў. Хапалі і тых, хто яе аказваў, і тых, хто атрымліваў.
— Вы ўжо пачалі гаварыць пра тое, што рэпрэсіі сёлета набывалі новыя формы, якія раней альбо не ўжываліся наогул, альбо ўжываліся рэдка. Напрыклад, канфіскацыя маёмасці ў палітычных апанентаў. Супраць усіх кандыдатаў на выбарах у Каардынацыйную раду распачалі крымінальныя справы, а канфіскоўваць іх маёмасць у Беларусі пачалі яшчэ да таго, як асудзілі. Прычым рабілі гэта сістэмна, паводле спісу, не прапускаючы нікога. Якія яшчэ новыя формы рэпрэсій вы маглі б прыгадаць?
— Так, гэта і канфіскацыя маёмасці, і спецвядзенне, завочныя суды — раней іх не было так шмат, як сёлета. Раней пераследавалі за данаты і за іншыя формы дапамогі, але пераследавалі тых, хто яе аказваў. Сёлета сталі караць за атрыманне дапамогі. Таксама ў 2024 годзе шырэй сталі пераследаваць сваякоў палітвязняў і палітычных эмігрантаў.
— У свой час Аляксандар Лукашэнка сказаў, звяртаючыся да палітычных эмігрантаў, што становішча іхніх сваякоў у Беларусі можа пагоршыцца за іх актыўнасць за мяжой.
— Так, ён гэта сказаў напрыканцы 2023 года, калі распачалася кампанія ціску на актывістаў дыяспары. «Першыя ластаўкі» мэтанакіраванага ціску на сваякоў палітэмігрантаў былі яшчэ ў 2022 годзе. Але цяпер гэты пераслед пастаўлены на паток, на канвеер: гэта сістэмная палітыка.
— Наколькі я ведаю, гэты пераслед сваякоў палітвязняў і палітэмігрантаў не абавязкова заўсёды даходзіць да завядзення крымінальных спраў. Але на людзей ціснуць, іх выклікаюць на допыты, робяць ператрусы.
— Так, і прыходзяць не адзін раз, а як на працу, з пэўнай рэгулярнасцю. Прыходзяць да тых, хто ўжо адседзеў і выйшаў на волю — і саджаюць паўторна ці нават трэці раз. На пэўным этапе пачаўся ціск на сваякоў не толькі лідараў дэмакратычных сіл, але і актывістаў ніжэйшага ўзроўню, скажам, адміністратараў дыяспаральных тэлеграм-суполак і чатаў, на родных тых актывістаў, якіх заўважылі на фотаздымках з дыяспаральных імпрэз. Гэта вельмі моцна ўдарыла па грамадскай актыўнасці дыяспары. І гэта дзейнічае. Людзі баяцца за бацькоў, за сваякоў, за тых родных, якія засталіся ў Беларусі.
— Вы казалі, што колькасць палітвязняў — гэта не зусім адэкватны паказнік ступені рэпрэсіўнасці, у рэпрэсій ёсць і іншыя вымярэнні. Але наколькі рэалістычныя самі гэтыя лічбы колькасці палітзняволеных?
— Цягам апошніх месяцаў стала бачна, што ўлады пачалі не змяншаць ціск, але прыхоўваць яго. Шмат выпадкаў, калі выклікаюць «на размовы» ў розныя сілавыя канторы кшталту КДБ актывістаў нават тых арганізацый ці суполак, якія не забароненыя. І першае, што ім кажуць, — каб ніхто не даведаўся пра гэтыя гутаркі, бо інакш размовы ператворацца ў адміністрацыйныя ці нават крымінальныя справы. Яшчэ адзін паказнік гэтай палітыкі прыхоўвання — тое, што тэлеграм-каналы сілавікоў перасталі выкладваць так званыя «пакаяльныя» відэа. Часам яны не могуць стрымацца і замест відэа выкладваюць аўдыёролікі з затрыманымі.
Праваабаронцы паведамляюць, што цяпер часта судзяць людзей без публічнага абвяшчэння пра адпаведныя судовыя пасяджэнні ў раскладзе працы судоў. То-бок працэс ніяк не фіксуецца. Таксама пабольшала выпадкаў, асабліва па адміністрацыйных справах, калі тым, хто выходзіць з месцаў зняволення, проста не даюць аніякіх папер, якія маглі б засведчыць рэпрэсіі адносна іх. У мяне вельмі моцнае адчуванне, што да завяршэння выбарчай кампаніі ўлады паставілі адной з мэт стварэнне карцінкі, што рэпрэсіі нібыта змяншаюцца, а рэжым робіцца лагоднейшым. У гэтую карцінку ўпісваюцца і 7 хваль сёлетніх памілаванняў.
Але пад гэтай паверхняй адбываецца ціск, пераслед вельмі шырокіх колаў насельніцтва, пачынаючы з былых палітвязняў і іх сваякоў і заканчваючы тымі, хто ў 2020 годзе падпісваўся за альтэрнатыўных Лукашэнку кандыдатаў. Дагэтуль па прадпрыемствах рассылаюць спісы тых, каго трэба звольніць.
— Як вы ставіцеся да крытыкі лічбаў колькасці палітвязняў, якія падае праваабарончая супольнасць — «Вясна», Хельсінкскі камітэт і іншыя? Некаторыя кажуць, што ўлады ціснуць на сваякоў палітвязняў, пагражаюць, што калі яны паведамяць праваабаронцам пра справы іх родных, то вязням будзе горш. Я назваў лічбу на сярэдзіну снежня — 1280. А можа, яна насамрэч значна большая, можа, ёсць шмат спра, пра якія праваабаронцы проста не ведаюць?
— Я веру, што праваабаронцы робяць максімум таго, што могуць зрабіць у бягучых умовах. Разам з тым, ведаю, што ціск на зняволеных і на іх сваякоў ёсць і быў заўсёды, пачынаючы з 2020 года. Праваабаронцы ведаюць і самі пра гэта шчыра кажуць, што да іх даходзіць не ўся інфармацыя. Менавіта праз тое, што аказваецца неймаверны ціск на сваякоў. Натуральна, яны баяцца за сваіх родных, якія сядзяць за кратамі. Але паўтаруся: я б не засяроджваўся на адным паказніку колькасці палітвязняў, каб усвядоміць маштабы і дынаміку рэпрэсій.
— Ці мянялася сёлета колькасць палітвязняў, якія трапілі пад так званы рэжым incommunicado — поўнай ізаляцыі ад вонкавага свету? Скажам, Мікола Статкевіч сядзіць у гэтых умовах ужо больш за 600 дзён.
— Я магу сказаць дакладна, што нядаўна з гэтага рэжыму выйшла Марыя Калеснікава — ёй дазволілі сустрэчу з бацькам. Але пра агульную колькасць вязняў ва ўмовах incommunicado я, на жаль, дакладна сказаць не магу. Праваабаронцы фіксуюць гэты рэжым адносна больш вядомых асоб. Мы не ведаем, колькі людзей, менш вядомых, сядзяць ва ўмовах поўнай ізаляцыі.
— Наступнае пытанне больш паліталагічнае. Сёлета было 7 хваль памілаванняў. Гэта ўжо не назавеш асобным пробным шарам. А ў чым, на ваш погляд, прычына? З боку Захаду нейкіх крокаў насустрач не бачна. Санкцыі ніхто не здымае, у снежні ЕС увёў чарговы пакет; амбасадары ў Мінск не вяртаюцца. Чаму Лукашэнка працягвае гэтыя памілаванні?
— З таго, што кажуць наконт гэтага ўладныя прапагандысты, можна вызначыць двух адрасатаў. Першы, галоўны, — гэта калектыўны Захад. Юрый Васкрасенскі кажа: няхай прыедзе міністр замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі — адразу ж аддамо яму Анджэя Пачобута. Навідавоку спроба гандлю. І другая мэта — стварыць для ўнутранай аўдыторыі карцінку рэжыму, які нібыта стаў лагоднейшым.
— А каго яны хочуць прывабіць унутры краіны гэтымі памілаваннямі?
— Лукашэнка пераймаецца наконт таго, што ён ужо не «народны прэзідэнт». Ён памятае, як рабочыя на МЗКТ крычалі яму: «Сыходзь!» Прапаганда можа гаварыць, што супраць яго была толькі купка прастытутак і наркаманаў пад кіраўніцтвам лялькаводаў. Але сам ён ведае праўду. Ведае і колькі было супраць яго, і колькі людзей эмігравала, якія праблемы ад гэтага ў ПВТ, у медыцыне. Яму хочацца змяніць гэтую сітуацыю ў грамадстве. Чаму б не паспрабаваць паказаць тым, хто застаўся ў Беларусі, што не такі ўжо ён звер, што ён не «доктар Асад». Можа і памілаваць. Так бы мовіць, дыктатар з чалавечым тварам.
— Як вы ацэньваеце з'яўленне новай палітычнай плыні, новага падыходу ў дэмсілах, паводле якога вызваленне палітвязняў павінна стаць галоўнай мэтай? Гэта не мэйнстрым, але гэтыя галасы ўжо чуваць, яны прадстаўленыя ў тым ліку і ў Каардынацыйнай радзе. І гэта — альтэрнатыва падыходу, які адстойвае кіраўніцтва дэмакратычных сіл на чале са Святланай Ціханоўскай. Як вы ацэньваеце перспектывы гэтай новай плыні?
— Я цалкам разумею, чаму гэтая плынь з'явілася і чаму зараз яна робіцца мэйнстрымам. Таму што гэта надзвычай балючая тэма. Яна баліць не толькі самім палітвязням. Але я не да канца разумею, чаму гэтае пытанне вылучаецца як галоўнае. Магчыма, таму што беларускае палітычнае асяроддзе проста не змагло прапанаваць іншы падыход, які мог бы стаць агульным, аб’яднальным. Павінны быць нейкія падыходы, якія будуць накіраваныя на назапашванне сіл, на перамены, на рэформы, на змену сітуацыі ў краіне. Такога кшталту прапаноў я не бачу.
— Памятаю, у сярэдзіне года вы рабілі сярэднетэрміновы прагноз: рэпрэсіі будуць паглыбляцца. Ваш прагноз на 2025 год, на час пасля 26 студзеня наступнага года — такі ж? Ці можа быць нейкая змена палітыкі? Усё ж гэтыя 7 хваль памілаванняў сёлета пра нешта ж сведчаць. Тут варта нагадаць, што да таго такое памілаванне некалькіх чалавек было толькі адзін раз у 2021 годзе. Пасля былі памілаваныя Раман Пратасевіч і Сафія Сапега, але гэта былі асобныя выпадкі. Сёлета за 7 хваль памілаваныя больш за 200 чалавек. У святле гэтага — ваш прагноз на 2025 год?
— Як паказвае досвед папярэдніх электаральных цыклаў у Беларусі, пасля заканчэння цяперашняй электаральнай кампаніі тэарэтычна можа быць пэўнае змяншэнне рэпрэсіўнага ціску. Але тэндэнцыі апошніх месяцаў, пра якія я сказаў, могуць працягнуцца і налета. Колькасна, публічна рэпрэсіі могуць і зменшыцца, як і іх жорсткасць. Але «пад коўдрай», прыхавана яны могуць і працягвацца. Запалохванні, звальненні, ператрусы — усё гэта можа працягнуцца. Мэта: каб людзі адчувалі татальнае сачэнне за сабой, пастаянную пагрозу рэпрэсій, каб уключалі рэжым самацэнзуры і ўнутранай эміграцыі. На жаль, я думаю, што гэтыя механізмы застануцца і будуць дзейнічаць.