Улічылі досвед праваабаронцаў? Замест «пакаяльных відэа» сілавікі запісваюць з затрыманымі «пакаяльныя аўдыя»

У сілавікоў новая тактыка — не публічыць запісаныя «пакаяльныя відэа», а толькі галасы затрыманых. Відаць, не хочуць, каб праваабаронцы і медыя знаходзілі імёны тых, каго затрымалі.

Ілюстрацыйная выява: «Stable Diffusion»

Ілюстрацыйная выява: «Stable Diffusion»

Міліцэйскія відэа сталі часткай рэпрэсіўных практык пасля 2020 года. «Медыязона» не раз пісала пра тое, як эвалюцыянаваў жанр публічных здзекаў з затрыманых. У лістападзе ТГ-каналы, звязаныя з сілавікамі, усе як адзін перасталі публікаваць падобныя відэа. Праз перапынак з'явіўся новы «жанр» — цяпер выходзяць аўдыяролікі з галасамі затрыманых.

У кастрычніку міліцыянты выпусцілі каля 50 «пакаяльных відэа» з затрыманымі беларусамі. Праз месяц маўчання з'явілася чатыры роліка, з якіх можна зразумець, што хтосьці затрыманы, і толькі выказаць здагадку за што. Раней, аналізуючы гэтыя відэа, журналісты знаходзілі імёны і інфармацыю пра затрыманых.

Цяпер ролікі складаюцца з «прызнанняў» затрыманых — чутны толькі іх голас. На відэа паказаны скрыны паведамленняў акаўнтаў у «Тэлеграме», падпіскі, у адным роліку мільгае кадр з жанчынай у турэмным бушлаце, у іншым — жаночыя рукі ў кайданках.

Каментары

У трох з чатырох ролікаў «без твару», але з галасамі затрыманых на відэа паказаныя скрыны каментароў, якія ім ставяць у віну. Адна дзяўчына сцвярджае, што скінула інфармацыю пра кіраўніцтва нейкага дзіцячага дома ў «Чорную кнігу Беларусі», у гэтым роліку таксама паказаныя запісы выдаленага акаўнта ў «Тэлеграме».

Яшчэ адзін затрыманы кажа, што быў падпісаны на «Nexta». Сярод скрыншотаў, паказаных у роліку, ёсць нядаўні допіс канала «Nexta Live». Астатнія скрыншоты — з каментарамі. Адзін з іх падтрымлівае УСУ, другі — «Мент ад усведамлення сваёй нікчэмнасці спрабуе хоць над кімсьці паказаць сваю ўладу. Але не вельмі атрымалася)».


Глядзіце таксама

Трэцяму затрыманаму, з кім у снежні апублікавалі міліцэйскае відэа, прыпісваюць эмацыйныя каментары, у якіх не пазначана, каму яны адрасаваныя. Затрыманы кажа, што «абражаў супрацоўнікаў міліцыі, іншых службовых асоб».

Адміністратар чата

«OlaLA2709 — гэта мой нік цяпер, тады без лічбаў быў. Ён мяняўся, я не памятаю. Было паведамленне, што я з'яўляюся завадатарам гэтай групы», — кажа дзяўчына ў адным з ролікаў. Пасля яе слоў пачынае граць музыка з ролевай гульні «Cyberpunk 2077».

Апошні раз акаўнт з гэтым імем заходзіў у сеціва 1 лістапада 2024 года. На відэа паказаныя паведамленні акаўнта з гэтым нікам у чаце «Белыя Крылы Баранавічы», прызнаным «экстрэмісцкім». Там напісана, што тым, хто «баіцца аказацца на камеры», трэба «прадугледзець маскі і галаўныя ўборы», у іншым паказаны неабходны пералік рэчаў — белыя шары, кветкі, светлае адзенне, абутак і запас вады і ежы. Дадаткова пазначана, што на акцыі не патрэбныя плакаты і сцягі.


Глядзіце таксама

На фотаздымках, якія суправаджаюць аўдыяшэраг, бачны пашпарт, долары і пісталет. На наступным фота паказана дзяўчына ў чорнай куртцы з чырвоным манікюрам, яе рукі закутыя ў кайданкі, твару не відаць.

У «спісе экстрэмісцкіх фарміраванняў» сярод удзельнікаў «Чата Белыя Крылы Баранавічы» паказаная 29-гадовая Вольга Нікалаева. Як мяркуецца, відэа запісана з ёй.