«Рытуал віны і ганьбы». Навошта сілавікі запісваюць «пакаяльныя відэа»?
Шмат хто думае, што «пакаяльныя відэа» спачатку з’явіліся ў нас, а потым, з пачаткам вайны ва Украіне — у Расіі. Насамрэч гэта крыху не так. Яшчэ 10 гадоў таму «пакаяльныя відэа» запісвалі ў Чачні. Навошта гэта сілавікам, і дзеля чаго яны гэта робяць, руская служба ВВС разбіралася з экспертамі на расійскіх прыкладах.
У сярэдзіне сакавіка расійскія сацсеткі абляцела відэа, на якім паліцыянты прымушаюць наведвальнікаў маскоўскага бара падпяваць песням гурта «Любэ». Праз дзень пасля гэтага сілавікі разагналі прэзентацыю ў іншым маскоўскім клубе і таксама здзекаваліся з прысутных. Гэта — толькі два гучныя прыклады таго, што сацыяльныя антраполагі называюць «рытуаламі віны і ганьбы». Пасля пачатку вайны расійскія сілавікі ўсё часцей звяртаюцца да падобных практык прыніжэння і запалохвання.
Ад Чачні да маскоўскіх бараў
Тое, што робяць сілавікі, запісваючы «пакаяльныя відэа», у сацыяльнай антрапалогіі называецца «рытуалам віны і ганьбы». У дадзеным выпадку гаворка ідзе аб пазасудовых уздзеяннях, якія патрэбныя сілавікам, калі пакараць па законе няма за што — або такое пакаранне здаецца недастатковым.
Культуру выбачэнняў на камеру прынята звязваць з Паўночным Каўказам і асабліва з Чачэніяй. Першым па-сапраўднаму рэзанансным выпадкам публічнага раскаяння стала гісторыя, якая адбылася з супрацоўніцай рэабілітацыйнага цэнтра Айшат Інаевай у снежні 2015 года — тая абвінаваціла кіраўніка рэспублікі Рамзана Кадырава ў «паказусе» і потым была вымушаная асабіста прасіць у яго прабачэння. На самай жа справе гэты жанр распаўсюджаны і за межамі Чачні.
За апошнія гады прасіць прабачэння на камеру расійскія сілавікі прымушалі за ўдзел у пратэсных мітынгах, карупцыю, стральбу на вяселлі, распаўсюджанне фэйкаў пра каронавірус і нават за жарты.
У Расіі законнасць такой практыкі не ацэньвалася. У 2021 годзе арганізацыя «Прававая ініцыятыва» (прызнаная ўладамі Расіі «замежным агентам») прапанавала ацаніць гэты феномен Еўрапейскаму суду па правах чалавека (ЕСПЧ), падаўшы скаргу ў інтарэсах жыхара Інгушэціі, якога прымусілі прасіць прабачэння за словы сваяка. Рашэнне па ёй яшчэ не прынята.
Пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну сілавікі сталі звяртацца да такіх «рытуалаў» асабліва часта. Вось толькі некалькі выпадкаў.
У траўні мінулага года ў сацсетках з'явіліся відэа, на якіх жыхары акупаваных украінскіх тэрыторый выбачаюцца перад расійскім войскам (удзельніца аднаго з іх казала, што прайшла курс «дэнацыфікацыі»).
У Томскай вобласці мужчыну, які раскідаў антываенныя стыкеры перад мэрыяй, прымусілі папрасіць прабачэння на відэа і сказаць, што «расійскія войскі змагаюцца з фашызмам ва Украіне і ўсё правільна робяць».
У Крыме ў Інтэрнэт выклалі прабачэнні тату-майстра, якая на замову кліента зрабіла яму татуіроўку «Крым — гэта Україна». Запісаць ролік з публічным раскаяннем прыйшлося і выкладчыку з Першаўральска, якога аштрафавалі за «дыскрэдытацыю ўзброеных сіл» пасля допісу з фота ва ўкраінскай вышыванцы.
Тыя ж рытуалы прыніжэння двойчы мелі месца ў Маскве за ўсяго адны сакавіцкія выходныя: увечары ў пятніцу 17 сакавіка паліцыя прыйшла ў бары Underdog і La Virgen і прымусіла каманду бара і наведвальнікаў спяваць песню «Бярозы» гурта «Любэ».
Напалохаць астатніх, каб сядзелі ціха
Вакол вайны, якая ідзе цяпер, арганізуецца пятля гвалту, тлумачыць антраполаг Аляксандра Архіпава: «Людзі пачынаюць здзяйсняць гвалт, таму што вакол яго таксама здзяйсняюць. І калі, умоўна, у аддзяленні міліцыі 10 супрацоўнікаў, і з іх сем б'юць затрыманых, катуюць і зневажаюць іх, то астатнія тры таксама будуць так рабіць. І паколькі праваахоўнікі ведаюць, што гэта беспакарана, то яны ў гэтую пятлю трапляюць, і выйсці з яе ўжо не могуць».
У рытуалаў віны і ганьбы ёсць задача проста зняважыць, а ёсць задача прымусіць папрасіць прабачэння — прычым, не перад грамадствам, а перад кіраўніцтвам, разважае Архіпава. Прымушаць рабіць тое, што сам чалавек бы рабіць не стаў — напрыклад, спяваць патрыятычныя песні, называць сябе ідыётам, хваліць расійскае войска — гэта таксама форма прыніжэння.
Тое, што запісаныя сілавікамі відэа ўсплываюць у СМІ і інтэрнэце — далёка не выпадкова, мяркуе антраполаг. Публічнасць — важная частка прыніжэння.
«Была класічная таталітарная сістэма — сталінская. Сучасныя інфармацыйныя аўтакратыі працуюць не так, — кажа Архіпава. — Іх задача — не па-ціхаму знішчыць вялікія групы людзей, як гэта рабіў таварыш Сталін. Іх задача — напалохаць астатніх, каб сядзелі ціха».
Механізму для масавых рэпрэсій у Расіі проста няма, дадае яна. Але напалохаць людзей трэба, таму «рытуалы віны і ганьбы» распаўсюджваюцца так шырока.
Такія паводзіны паліцэйскіх — гэта даволі натуральная практыка дэманстрацыі іерархіі ўлады, сказала ВВС псіхолаг Паліна Салдатава: «Гэта спосаб паказаць, што ты дамінуеш, што ў цябе ёсць права гэта рабіць. У апошні час, вядома, такія выпадкі маглі ўзрастаць, таму што пачуцці беспакаранасці ў сілавых структур становіцца больш. Гэта звязана з тым, як грамадства змяняецца: тыя, у каго больш улады, фармуюць новыя правілы, і ў некаторых класаў грамадства з'яўляецца больш правоў гэтую ўладу дэманстраваць».
«Тут праблема ў тым, што калі градус гвалту павышаецца паступова, у чалавека адаптацыя адбываецца. На самай справе чалавек гатовы адаптавацца да чаго заўгодна, і гэта самае прыкрае тут», — дадае псіхолаг.
Мы мяркуем, што «запазычаная» з Чачэніі практыка для беларускіх сілавікоў азначае тое ж самае, што і для расійскіх.
Пераклад НЧ у скарачэнні