Хронікі рэпрэсій за 24 лістапада

У Лідзе сілавікі зладзілі чарговы «хапун»; Вярхоўны суд змяніў пакаранне палітзняволенай Таццяне Пыцько; ТГ-канал «Жопа с усами» — «экстрэмісцкі». Такія галоўныя навіны сённяшняга дня знутры краіны.

hroniki_represij2_logo.png

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо каля тысячы дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1107 дзён, Дзяніс — 987.

***

АМАП затрымаў жыхара Гродна пасля размовы ў чат-рулетцы, піша «Медыязона» са спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы.

Раней быў апублікаваны фрагмент размовы, у ім мужчына кажа: «Яны разумеюць, што Лукашэнка — гэта часовае лайно, бл*ць, і што заўтра, на*уй, ім давядзецца жыць у гэтай краіне. А такіх, як ты, мы заўтра-паслязаўтра не проста будзем вешаць на ліхтарах — дзеля прыколу нашы дзеці будуць прыходзіць у цябе шпількі ўтыкаць. Ты, дэбільны, бл*ць. Ты прадаўся гэтай сістэме, якая ўжо сама сябе з'ела». Хто яго суразмоўца — невядома.

Было паказана таксама відэа затрымання гродзенца — у яго кватэру заходзяць як мінімум трое, на наступных кадрах двое заводзяць мужчыну ў будынак.

На камеру затрыманы кажа, што быў п'яны і «пад уздзеяннем размовы з украінцам» у чат-рулетцы «абразіў» сілавіка і Аляксандра Лукашэнку. Гродзенец дадае, што зарэгістраваўся ў плане «Перамога».

Аўтары праўладнага канала пішуць, што мужчына «зарабіў некалькі артыкулаў КК», не ўдакладняючы, па якім артыкуле затрыманы беларус.

***

Магілёўскі абласны суд 20 лістапада вынес прысуд мясцоваму жыхару Аляксандру Бараноўскаму за «фінансаванне экстрэмісцкага фарміравання» (ч. 1 арт. 361-2 КК) і за «фінансаванне дзейнасці па выкарыстанні грамадзян РБ для ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні і ваенных дзеяннях» (ч. 2 арт. 361-3 КК), піша MAYDAY.TEAM.

Першы эпізод здарыўся ў студзені 2022 года. Тады Бараноўскі са свайго разліковага рахунку ў банку зрабіў перавод неназванай структуры, прызнанай «экстрэмісцкім фарміраваннем». Дакладная сума пераводу невядомая. У красавіку 2022 года Бараноўскі зрабіў данат ужо на рахунак палка Каліноўскага.

Вядома, што вясной 2023 года мужчыну затрымалі супрацоўнікі КДБ.

Суд над Аляксандрам Бараноўскім праходзіў у закрытым рэжыме. Суддзя Ірына Цяплова прызнала мужчыну вінаватым і прысудзіла яго да 5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

***

Суд Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці 23 лістапада вынес прысуд прадпрымальніку Аляксандру Каліну. Суддзя Марына Вецярэц прызнала яго вінаватым ва «ўхіленні ад выплаты падаткаў» (ч. 3 арт. 243 КК) і «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх» (ч. 1 арт. 342 КК) за ўдзел у мірных шэсцях у жніўні 2020 года.

Каліну прысудзілі да 6,5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Акрамя таго, вядома, што бізнесмена чакае канфіскацыя некаторай маёмасці, паведамляюць праваабаронцы.

Нагадаем, у жніўні 2020 года старшыня Круглянскага райвыканкама Сцяпан Палоннікаў склікаў праўладны мітынг, на якім публічна абразіў прадпрымальніка Аляксандра Каліна за яго грамадзянскую пазіцыю. У адказ ад імя прадпрымальнікаў Аляксандр Калін з калегамі вярнулі ў райвыканкам больш за дзясятак узнагарод, грамат і падзяк, атрыманых ад чыноўнікаў. Дыпломы яны расклалі проста на ганку райвыканкама.

***

Суд Фрунзенскага раёна Мінска прысудзіў футбольнага трэнера РЦАР БДУ Руслана Пратасеню да 3 гадоў «хіміі», паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Суддзя Ала Скуратовіч прызнала яго вінаватым у «грубым парушэнні парадку» (ч. 1 арт. 342 КК). У матэрыялах абвінавачання значыцца, што ў 2020 годзе Руслан удзельнічаў у акцыі пратэсту на праспекце Пераможцаў у Мінску: «Выкрыкваў лозунгі, блакаваў шлях транспарту і парушыў яго працу, што прывяло да шкоды ў 30 687,17 рублёў».

***

На лакаматыўным дэпо «Ліда» сілавікі затрымалі семярых работнікаў за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у Інтэрнэце», паведамляе «Салідарнасць» са спасылкай на тэлеграм-канал райвыканкама «Лідскі не(афіцыйна)».

Нагадаем, што месяц таму паведамлялася пра затрыманні на ААТ «Лідскае піва».

***

Палітзняволеную Таццяну Пыцько 24 лістапада выпусцілі з віцебскага СІЗА пасля таго, як Вярхоўны суд змяніў ёй прысуд, паведамляе БАЖ. Жанчыне тры гады калоніі замянілі на тыя ж тры гады, але з адтэрміноўкай: калі яна ўчыніць правапарушэнне, то пакаранне ўступіць у сілу.

Яе муж, відэааператар Вячаслаў Лазараў павінен адбыць 5 гадоў у калоніі.

***

МУС Беларусі прызнала YouTube-канал «Жопа з усами» «экстрэмісцкім фарміраваннем», піша «Медыязона».

Там публікуюць сатырычныя мульцікі, а вокладкі ролікаў — на чырвона-зялёным фоне. На канал падпісана каля 20 тысяч чалавек, а нагодамі для новых выпускаў з'яўляюцца «навіны, ад якіх хочацца вешацца».

Акрамя таго, «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаныя сацсеткі і сайт штаба Віктара Бабарыкі і партыі «Разам», сайт і сацсеткі ініцыятывы politzek.me, суполка ў Facebook «Лісты салідарнасці Беларусь 2020.»

***

Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 284 дні, Максіма Знака — 288 дзён, Мікалая Статкевіча — 290 дзён, Ігара Лосіка — 278 дні, Сяргея Ціханоўскага — 143 дні, Віктара Бабарыкі — 215 дзён, Уладзіміра Гундара — 112 дзён.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1450 палітвязняў. У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1662 чалавекі. Сярод іх — 177 жанчын і 7 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.