Пакуль мы не вывучым слова «стоп», пакуты не скончацца

Сёння — Міжнародны дзень барацьбы супраць гвалту ў дачыненні да жанчын. І гэтая тэма актуальная для Беларусі як ніколі.

Ілюстрацыйная выява: «Midjourney»

Ілюстрацыйная выява: «Midjourney»

Выбіраючы ў краме робат-пыласмок або пасудамыйку, вы напэўна ўяўляеце сабе, наколькі тая ці іншая рэч спросціць вам жыццё. Прыкладна гэтак жа — як рэчы — некаторыя асобіны чалавечага роду выбіраюць жанчын: каб спрасціць жыццё. Посуд памые, у хаце прыбярэ, есці нагатуе, дзяцей, наштампаваных сумеснымі намаганнямі, пракантралюе і яшчэ не забудзе пра «сужэнскі абавязак».

Што хаваць, такі прымітыўны ўзровень адносінаў — даволі распаўсюджаная рэч і не залежыць ад інтэлектуальных здольнасцей удзельнікаў гісторыі. І калі нешта ідзе не па сцэнарыі, канфлікт у драме вырашаецца таксама даволі прымітыўна, без усялякіх хітрыкаў — рукамі.

Глядзіце таксама

МУС і іншыя «статысты» даўно не паказваюць лічбы. Што там з хатнім гвалтам, што з сэксуалізаваным гвалтам у дачыненні да жанчын — таямніца, ахутаная самым шчыльным змрокам. Але тут не трэба быць геніямі, каб здагадацца, што ў краіне, дзе дзяржава збівае сваіх грамадзян, гэтыя грамадзяне, якія не могуць дацягнуцца да дзяржавы і даць здачы, збіваюць тых, хто пад рукой, хто слабейшы і аналагічна не можа адказаць.

Так жанчыны ператвараюцца з прыбіральшчыц-кухарак-сэкс-работніц у манекены і баксёрскія грушы. І гэта адбываецца па ўсім свеце: у «гарачых кропках» і «выспах стабільнасці»; ва Украіне і сектары Газа; у Беларусі і Кітаі. Па ўсім свеце проста цяпер жанчыны пакутуюць ад беспакараных злачынстваў сваіх партнёраў, блізкіх, прыяцеляў і нават людзей, якіх ніколі не бачылі раней.

Аднак выратаваць увесь свет мы не можам, а таму вернемся да аднаго «шматка зямлі», дзе жудасныя рэчы адбываюцца проста на нашых вачах.

  • «У Брэсце дачка зрабіла заўвагу п'янаму тату, які зневажаў бабулю. Той жорстка збіў школьніцу — спатрэбілася дапамога медыкаў»;
  • «Жыхар Наваполацка жорстка забіваў жонку на вачах у маленькіх дзяцей. Але ў калонію ён не адправіцца»;
  • «Нанёс 13 удараў нажом і відэльцам. Суд у Брэсце прысудзіў мужчыну да 25 гадоў пазбаўлення волі за забойства знаёмай»,

— гэта толькі некалькі загалоўкаў навін, якія СМІ звычайна змяшчаюць у раздзел «Здарэнні».

Глядзіце таксама

Такія навіны з'яўляюцца ледзь не штодзень, і за кожным «здарэннем» — вялікая трагедыя ўседазволенасці і бяссілля, фізічных і псіхалагічных траўм (у тым ліку і ў тых, хто непасрэдна гвалту не падвяргаецца, але вымушаны жыць у гэтай атмасферы), адабраных жыццяў — у літаральным сэнсе слова. Бо нават калі вядзецца не пра забойства, а пра сістэматычнае збіццё, наступствы траўм будуць уплываць потым і на сны, і на рэальнасць усё жыццё.

Да нядаўняга часу Беларусь была краінай кантрастаў: наколькі добра жыла сталіца, настолькі стабільна кепска ўсё было на перыферыі. У Мінску ладзіліся святы і фестывалі, за МКАДам народ співаўся ад няма чаго рабіць. Апошнія тры гады згладзілі ўсё вуглы і няроўнасці: цяпер кепска аднолькава ўсім. І гэтае «кепска» лагічным чынам вынікае з тых уседазволенасці і беспакаранасці, якія спачатку прыжыліся на кухнях і за зачыненымі дзвярыма кватэр, а пасля выліліся на вуліцы праз прарэхі чорных масак.

Глядзіце таксама

Сёння — Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў дачыненні да жанчын, і я хачу яшчэ раз нагадаць, што вялікае заўсёды вырастае з малога. Гвалт, які мы маем сёння, — прамое наступства таго дазволу, які дае сабе кожны, хто заносіць руку над слабейшымі, над дзіцём ці жанчынай. Цяперашняе «вялікае» настолькі страшнае, што даводзіцца хаваць лічбы, інакш уся карцінка стабільнасці разляціцца на дробныя пікселі. Мы яшчэ доўга будзем збіраць плады сённяшняй дзяржаўнай палітыкі, і тут у мяне няма ніякага «але», якое б суцешыла і прынесла палёгку. Цяжар, з якім жывуць жанчыны ў партнёрстве з гвалтаўнікамі, — гэта цяжар усёй краіны, якую таксама тэрарызуюць людзі, што не ведаюць слова «стоп». І пакуль мы не вывучым гэтае слова так, каб яно працавала, пакуты не скончацца.