Прапрапраўнучка класіка: «Спадзяюся, што Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч перажыве ўсё гэта»

Адзін з першых «сялянскіх» пісьменнікаў, якому па многіх параметрах не пашчасціла быць занадта сучасным, цяпер — «экстрэміст». Не прайшло і двухсот гадоў, калі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч атрымаў сапраўднае прызнанне!

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Фота: wikipedia.org

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Фота: wikipedia.org

Двухтомнік выбраных твораў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча прызналі ў Беларусі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Такое рашэнне 8 лістапада 2023 года вынес суд Жыткавіцкага раёна. Кнігі выйшлі ў дзяржвыдавецтве «Мастацкая літаратура» ў 2007 і 2008 гадах. Выданне трапіла пад увагу чыноўнікаў, імаверна, таму што ў ім надрукаваныя ананімныя вершы «Плывуць вятры» і «Гутарка старога дзеда», якія заклікаюць да барацьбы супраць Расійскай імперыі. Іх аўтарам літаратуразнаўцы лічаць Дуніна-Марцінкевіча. Абодва вершы прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі» яшчэ ў жніўні, таксама як і прадмова беларускага літаратуразнаўца і архівіста Язэпа Янушкевіча да кнігі «DUBIA» з серыі «Беларускі кнігазбор» «Выбраныя творы. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч».

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч — паэт, драматург, тэатральны дзеяч, яго творы ўключаны ў школьную праграму, п'есы ідуць у беларускіх тэатрах. Чаму рэжым Аляксандра Лукашэнкі раптам спалохаўся літаратара, які памёр амаль 150 гадоў таму? Што пра гэта думаюць нашчадкі Дуніна-Марцінкевіча? «Dеutsche Welle» паразмаўляла з праўнучкай класіка.

Прапрапраўнучка пісьменніка: «Я не магла ў гэта паверыць»

«Спачатку я не магла ў гэта паверыць. Я падумала, што гэта занадта абсурдна, каб быць праўдай. Аднак людзі, ад якіх я пра гэта пачула, не жартавалі», — расказвае прапрапраўнучка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча Агнешка Крыжаньска-Дусь. Яна з цікаўнасці нават знайшла на Вікіпедыі тэкст «экстрэмісцкай» «Гутаркі старога дзеда». «Я зразумела змест верша, хоць ніколі не вучыла беларускую мову, але не разумею, чым верш XIX стагоддзя можа нашкодзіць уладзе ў XXI стагоддзі», — кажа суразмоўца.


Глядзіце таксама

Агнешка жыве ў Непаламіцэ — невялікім мястэчку за 20 кіламетраў ад Кракава. Яна настаўніца польскай мовы ў пачатковай школе ў Кракаве, выкладае яе дзецям з Украіны і Беларусі. «Я не з'яўляюся ні даследчыкам творчасці Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, ні экспертам па палітычнай сітуацыі. Я толькі выйграла ў латарэю, будучы нашчадкам вядомага чалавека», — кажа суразмоўца.

Паводле яе слоў, у Дуніна-Марцінкевіча шмат нашчадкаў у Польшчы, ЗША і Нідэрландах, толькі ў яе пакаленні адзінаццаць чалавек. Пасля Другой сусветнай вайны бабуля і дзядуля Агнешкі прыехалі ў Польшчу са сваімі дзецьмі, узяўшы толькі самае неабходнае для жыцця. «Праз шмат гадоў, калі мой бацька ўпершыню наведаў Люцынку, дзе ён правёў у дзяцінстве ваенныя гады, ён прывёз фотаздымак лесвіцы перад тым месцам, дзе калісьці стаяў сядзібны дом з лістоўніцы, і кавалак ствала ліпы, якая расла побач з ім», — дзеліцца гераіня.

Нашчадкі Дуніна-Марцінкевіча былі на святкаванні яго 200-годдзя ў Беларусі

Пра сваё сваяцтва са знакамітым паэтам і драматургам Агнешка даведалася, калі вучылася ў старэйшых класах школы — ёй з братам бацька паказаў дакументы і расказаў тое нямногае, што сам ведаў пра Дуніна-Марцінкевіча. «Пра значэнне Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча для беларускай літаратуры мы даведаліся толькі ў 1980-я гады дзякуючы Язэпу Янушкевічу. Я шукала інфармацыю пра свайго прапрапрадзеда, але тады без інтэрнэту гэта было няпроста», — кажа суразмоўца.

Яна таксама адзначае, што беларускамоўныя творы Дуніна-Марцінкевіча не перакладзеныя на польскую, а польскамоўная творчасць не ацэненая, бо ён пісаў у той час, калі і іншыя выбітныя паэты, у Польшчы ён мала вядомы. Першы твор Дуніна-Марцінкевіча, з якім Агнешка пазнаёмілася праз шмат гадоў — «Пінская шляхта» ў перакладзе яе цёткі Барбары Чарнавецкай.

У 2008-м прапрапраўнучку беларускага класіка разам з дзядзькамі запрасілі ў Мінск — на афіцыйнае святкаванне 200-годдзя з дня нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. «Убачыўшы маштаб цырымоніі, якая доўжылася некалькі дзён з раніцы да вечара, я зразумела, наколькі важным быў наш продак для беларускай культуры. Гэта пакінула ў мяне шмат незабыўных успамінаў, як ад афіцыйнай праграмы, так і ад сустрэч з людзьмі», — згадвае Агнешка.


Глядзіце таксама

У гэты візіт у Беларусь яна ўпершыню наведала Люцынку, пабывала на магіле свайго знакамітага продка і на спектаклі «Сялянка» («Ідылія») па п'есе Дуніна-Марцінкевіча, якую ў тэатры ім. Янкі Купалы паставіў Мікалай Пінігін. У 2016 годзе Агнешка прыязджала ў Беларусь разам з дзвюма дочкамі. Іх запрасілі на 150-годдзе п'есы Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта»: «Мае дочкі таксама змаглі адчуць і ўбачыць, наколькі паважаецца і шануецца іх знакаміты прапрапрапрадзядуля».

Забарона прыцягне новых чытачоў?

Праз 7 гадоў творы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў Беларусі назавуць «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

«Я не магу адказаць, чаму паэта XIX стагоддзя зноў затаўравалі "экстрэмістам" у XXI стагоддзі. Можа быць, таму што дзвесце гадоў таму яго віна (удзел у паўстанні 1863 года.Заўв. рэд.) не была даказаная, і хтосьці вырашыў, што пара выправіць гэтую "памылку"? — разважае Агнешка Крыжаньска-Дусь. — Аднак, мне здаецца больш разумным паказаць на сучасных людзей і з'явы. Навядзенне страху і пошук ворагаў — вядомыя і, на жаль, папулярныя метады кіравання. Магчыма, у гэтым ёсць нейкі глыбока схаваны сэнс, які прынясе ўладам чаканую карысць. Ці зусім наадварот».

Прапрапраўнучка беларускага класіка не губляе надзеі, што забарона ўладаў паслужыць рэкламай творам Дуніна-Марцінкевіча і прыцягне новых чытачоў, бо «чым больш супярэчлівай з'яўляецца кніга, п'еса, фільм ці песня, тым больш людзей да іх імкнуцца». «Спадзяюся, што Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч таксама перажыве гэтую няласку», — дадае Агнешка.


Глядзіце таксама

«Для многіх гэта падстава пачаць вывучаць Дуніна-Марцінкевіча, калі не ў Беларусі, то ў іншых краінах, адкрываць у ім нешта новае, таму што гэты пісьменнік заўсёды актуальны сваім свабодалюбствам», — упэўнены даследчык літаратуры, выкладчык, драматург і сцэнарыст Васіль Дранько-Майсюк. Паводле яго слоў, рашэнне аб прызнанні «экстрэмісцкімі» твораў Дуніна-Марцінкевіча тлумачыцца цяперашняй палітыкай РБ, накіраванай «на канфлікт з заходнім светам, з Польшчай».

Эксперт нагадаў, што ў свой час улады Расійскай імперыі абвінавачвалі Дуніна-Марцінкевіча ў падтрымцы паўстання 1863-1864 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Хоць гэта і не было даказана, пісьменнік год правёў у турме.


Глядзіце таксама

«Дунін-Марцінкевіч падтрымліваў паўстанцаў, якія не хацелі быць у імперыі, яму прыпісваюцца таксама некаторыя антыімперскія вершы. Цяпер Беларусь зноў, на вялікі жаль, пад уплывам гэтай самай імперыі. Імперыя адчувае сябе на беларускіх землях таксама свабодна, як у XIX стагоддзі», — кажа Дранько-Майсюк. Суразмоўца мяркуе, што пад крытыку ўладаў могуць трапіць і іншыя «беларуска-польскія ці польска-беларускія пісьменнікі».

Што тычыцца Дуніна-Марцінкевіча, эксперт лічыць, што ўлады могуць ціхенька «прыбраць яго творы са школьнай праграмы», як ужо прыбралі «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча. І ў цяперашняй сітуацыі ў Беларусі «ніхто не будзе выказваць сваю нязгоду». «Проста паспрабуюць навесці на яго цень у прамым і пераносным сэнсе, зрабіць так, каб людзі пра яго забыліся. Так будзе і з іншымі пісьменнікамі, якія ў XIX стагоддзі займалі актыўную антыімперскую пазіцыю. Гэта жорсткая логіка сённяшняга дня», — кажа Васіль Дранько-Майсюк.