Асобная думка. Месца страху

З перыядычнасцю недзе ў месяц на розных пляцоўках з’яўляюцца артыкулы практычна аднолькавага зместу, якіх яднае думка «Як страшна жыць у Беларусі». Звычайна ў іх ананімны суразмоўца распавядае, як даводзіцца «чысціць» тэлефон і ставіць лайкі пад коўдрай, а потым іх зноўку чысціць. У фінале артыкулу каментары экспертаў, якія роўна нічога не праясняюць, а толькі падбадзёрваюць тых нямногіх, хто застаўся ў Беларусі, яшчэ больш дбаць пра сваю віртуальную бяспеку. Дарэчы, слова «віртуальную» тут можна выкарыстаць у розных сэнсах.

_belarus_zyccjo_naziranne_kantrol_2023_fota_novy_czas__2_.jpg

Пачнем з таго, што на маю асобную думку, гэта ўсё абсалютна бессэнсоўна ў рэаліях сённяшняй Беларусі. Калі да вас прыйшлі бамбізы ў бронекамізэльках з аўтаматамі, то не проста таму, што іх а 6-й ці а 7-й раніцы вельмі зацікавіла, на якія каналы вы падпісаны. І зусім не мае значэння, за што вы паедзеце, у лепшым выпадку, на содні, а ў горшым — на месяцы ці гады. Вы проста былі ў іх спісе. А патрэбны для суда рэпост ці падпіску яны зробяць самі — гэта секундная справа. І вось ці варта псаваць зрок пад коўдрай, ліхаманкава выдаляючы «экстрэмісцкія» падпіскі? Тым больш, што, каб чытаць «нячэсныя» каналы, зусім не абавязкова на іх падпісвацца. Вы не ведалі? Да і выдаляецца пошукавы спіс нашмат хутчэй, калі што...

Але давайце троху паглыбімся ў пытанне і спытаем сябе — а, увогуле, дзеля чаго гэта рабіць? На першы погляд, ідыёцкае пытанне — ну канешне, каб не трапіць на сумнавядомае Акрэсціна ці ў іншы ізалятар, застацца на свабодзе, захаваць працу, не траўмаваць сваякоў нечаканым затрыманнем. Карацей, працягваць жыць звыклым і зручным жыццём. Тады паўстае іншае пытанне — а навошта ж чытаць «забароненыя» навіны? Адрэналіну ў кроў падкінуць? Абурыцца чарговым «не да законаў» (але ж каб ніхто не пабачыў!)? Ці, можа, з дапамогай атрыманых ведаў будаваць у сябе нейкую сістэму адносінаў з існуючым рэжымам, шукаць сваё месца ў барацьбе з ім, вырашаць — на якім ты баку з улікам «кіндэр, кюхен, кірхе» ды «айн фольк, айн райх, айн фюрэр»? Проста сумленна адкажыце сабе — правільных адказаў не існуе, толькі сумленныя. Хлусіць сабе — апошняя справа.

Падзялюся з вамі гісторыяй. Падчас чарговага наведвання «сумнага санаторыя» адным з маіх шматлікіх сукамернікаў быў чалавек, які трапіў туды пасля візіту тых самых «красаўцаў». У сумбуры «прыёму» яны неяк забыліся ўзяць ягоны тэлефон, але гэта іх не вельмі збянтэжыла, вяртацца не сталі, і ён «заехаў» за «супраціў супрацоўнікам міліцыі». На маё пытанне, ці быў тэлефон «пачышчаны», ён з вялікім здзіўленнем адказаў адмоўна. «А навошта? Гэта мая прастора! Чаму я павінен перад кімсьці справаздачыцца, чым я цікаўлюся? Мне баяцца няма чаго — я нічога супрацьзаконнага не раблю і маю права чытаць тое, што я хачу. Каму гэта не падабаецца — гэта іх асабістая праблема. Рэпостаў я не раблю, бо гэта не мае сэнсу — усе мае сябры чытаюць тое ж самае. А рабіць фота з самім сабой на тэлефон падчас розных падзей я не лічу патрэбным, бо яшчэ на памяць не хворы». Гэта было настолькі проста і мудра, што мне нават і не было што дадаць да ягонай прамовы. Насамрэч, трэба толькі перамагчы страх і вызначыцца са сваёй пазіцыяй. Але перамагчы страх — справа зусім не простая.

Страх. Усепаглынальнае пачуццё, якое прымушае рабіць страшэнныя рэчы як з сабой, так і з навакольнымі. Мэта толькі адна — захаваць сябе і сваё жыццё такім, якім яно было да таго, як ты адчуў страх. Перспектываў няма, бо ты малюеш сабе жудасныя карціны наступстваў абставінаў, якія спарадзілі ў табе той самы страх. Пагроза страціць звыклы лад жыцця, няўпэўненасць у самім сябе і сваіх сілах, адчуванне пагрозы сям’і і сваякам, чаканне грукату ў дзверы... Гэтае пачуццё ўжо некалькі гадоў з’яўляецца звыклым спадарожнікам вельмі вялікай колькасці беларусаў, якія на некалькі тыдняў адважыліся паспрабаваць нешта змяніць у сваім жыцці. Некаторыя псіхолагі ўжо самі звяртаюцца да іншых псіхолагаў, каб неяк утрымацца ад звароту да псіхіятраў. Але ж псіхіятры таксама не гумовыя.

На іншым баку праблемы не меншыя, а нават і большыя. Можна прыгадаць вядомы выпадак, калі адзін з самых адыёзных супрацоўнікаў ГУБАЗіКа гістэрычна тэлефанаваў у мясцовы аддзел міліцыі і патрабаваў неадкладнага выбыцця «ўсіх наяўных сілаў» з нагоды таго, што нейкі невядомы чалавек звоніць яму ў дамафон. У выніку некалькі кіраўнікоў страцілі свае пасады толькі з-за таго, што не палічылі неабходным тэрмінова накіраваць і без таго абмежаваныя сілы на гэты выклік. Бясконцае стварэнне сумнавядомым таварышам Карпянковым рознага кшталту спецпадраздзяленняў ды іх першачарговае фінансаванне і ўзбраенне таксама сведчыць аб вельмі няўтульным сабеадчуванні ў вышэйшых кабінетах. Ну не паводзіць сябе так моцная і ўпэўненая ў сваіх сілах улада! 

Так мы і падыходзім да таго, што баяцца ўсе і ўсіх! Трэба вызначацца — працягваць баяцца, ці ўсё ж пачаць спрабаваць пакінуць свой страх недзе ў мінулым. Адчулі, пажылі з ім, можа надышоў час развітвацца? Тым больш, што так званым «сілавікам» вельмі падабаецца, што іх баяцца. Яшчэ адзін мой сябра, выкліканы за данаты ў КДБ, на пытанне — «Ну, тэлефон пачысціў нябось?», адказаў «Канешне ж!». Супрацоўнік задаволена пасміхнуўся... Ім падабаецца, што іх баяцца. Яны будуць так пасміхацца і адчуваць сябе гаспадарамі жыцця і краіны роўна столькі, колькі мы ім будзем дазваляць і роўна столькі, колькі мы будзем баяцца і «чысціць» гісторыю свайго жыцця. 

Магчыма, гэта будзе і залішнім, але ж нагадаю, што літаральна днямі будуць чарговыя ўгодкі Слуцкага збройнага чыну. Хто аб гэтым нічога не ведае — вельмі раю пашукаць і пачытаць. Гэта да таго, што тады шмат людзей, сапраўдных беларусаў, пераадолелі свой страх і пайшлі бараніць свой край ад бальшавіцкай навалачы. Яны змагаліся супраць кратна перабольшваючых сілаў праціўніка і не аднойчы перамагалі. Яны ішлі на смерць, а не на содні. 

А мы тут «падабайкі» ды падпіскі хаваем...