Наталля Русецкая: «Трэба сур'ёзна сказаць, што беларусы — нацыя паэтаў»
«Беларусы, асабліва творчыя людзі, доўгі час дзейнічалі ў свеце, паралельным таму, у якім кіраваў Лукашэнка, у інтэрнэце і сацыяльных сетках», – тлумачыць літаратуразнаўца, кандыдат навук Наталля Русецкая. Гутарку надрукаваў партал Onet.pl.
«Беларускія паэты адрэагавалі на крызіс. Паэзія фарміравала супраціў. Трэба сурʼёзна сказаць, што беларусы – нацыя паэтаў. Магчыма, таму, што паэты адчуваюць, што адбудзецца»,— тлумачыць у размове з Барташам Панэкам літаратуразнаўца, выкладчык Універсітэта Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне, кандыдат навук Наталля Русецкая, піша «Польскае радыё».
«Беларусы, асабліва творчыя людзі, доўгі час дзейнічалі ў свеце, паралельным таму, у якім кіраваў Лукашэнка, у інтэрнэце і сацыяльных сетках. Пачалі пісаць вершы не толькі паэты, але і работнікі культуры, юрысты, настаўнікі», — расказвае Русецкая.
«Калі ў Фэйсбуку пайшла паэтычная хваля, то на маршах і мітынгах у дварах выступалі музычныя калектывы, гадамі адарваныя ад сцэн, радыё і тэлебачання.
Усё пакаленне, якое вырасла пры Лукашэнку, раптам убачыла беларускія гурты. Гісторыкі і экскурсаводы вялі экскурсіі па невядомым Мінску. Расказвалі, як яго знішчыла пасля вайны савецкая ўлада», — патлумачыла Наталля Русецкая.
Навуковы супрацоўнік, але таксама і беларуская паэтка адзначае, што паэтычныя тэксты абʼядноўвае лозунг «Жыве Беларусь».
«Гэта словы з верша Янкі Купалы, нашага паэта пачатку ХХ стагоддзя, якія актуальныя і цяпер. Бо Беларусь час ад часу памірае. Таму часта беларусы звяртаюцца да творчасці Купалы, у тым ліку да яго паэмы «А хто там ідзе» — гэта ўнікальны тэкст, які яшчэ ў Савецкім Саюзе быў перакладзены на 80 моў свету».
«Яшчэ адна адметная рыса гэтай пратэснай паэзіі — адсылкі да 1930-х гадоў, да сталінскіх рэпрэсій», — кажа Русецкая.
— Аўтары вершаў пісалі: «Мы не чакалі вяртання трыццаць сёмага, а дзве тысячы дваццаты пастукаў у нашы дзверы».
«Гэта быў выразны намёк на сучасныя падзеі і адначасова сігнал таго, што грамадства бачыць рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі.
А на больш глыбокім узроўні гэта сведчыць аб тым, што нацыянальная траўма шматгадовай даўніны не адпрацавана. Праўда ў тым, што беларусы не маюць доступу да архіваў. Нават найвялікшая беларуская паэтка Ларыса Геніюш, якая перажыла лагеры, так і не атрымала прызнання. Некалі на яе навешвалі ярлык ворага нацыі, і гэта застаецца дагэтуль. Многія арганізацыі прасілі ўлады аднавіць яе добрае імя і рэабілітаваць, але гэтага так і не было дасягнута. Нядаўна нават разбурылі помнік, які стаяў на месцы, дзе жыла паэтка. Аднойчы ноччу помнік проста знік. І ніхто не ведае, дзе ён», — сказала ў размове з Барташам Панэкам беларуская літаратуразнаўца, выкладчыца Універсітэта Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне кандыдат навук Наталля Русецкая.
Паводле www.onet.pl, www.polskieradio.pl