Несумненна, вінаватыя будуць пакараны: Ці адкажуць сілавікі за гібель пратэстоўцаў?

З 2020 года праваабаронцамі сабраны тысячы доказаў віны прадстаўнікоў рэжыму.

img_0735_logo_2.jpg

Праваабаронцы высветлілі, колькі людзей пазбавілі жыцця ў Беларусі падчас і пасля пратэстаў, якія ўспыхнулі пасля прэзідэнцкіх выбараў жніўня 2020 года, і адзначаюць, што гібель грамадзян па віне дзяржавы — сістэмная праблема ў краіне. Яна, на іх думку, узнікла да 2020 года і пагоршылася пасля фальсіфікацыі вынікаў галасавання.

Праваабаронцы сцвярджаюць, што ўстанавілі прозвішчы некалькіх чыноўнікаў і сілавікоў, якіх, паводле іх ацэнкі, ужо цяпер можна прыцягнуць да адказнасці. І асцерагаюцца, што пакуль Аляксандр Лукашэнка ва ўладзе ў РБ, вінаватыя наўрад ці панясуць пакаранне.

«Нямецкая хваля »даведалася ў юрыстаў, ці ёсць тэрміны даўнасці па такіх справах і што сёння можна зрабіць з сабранымі данымі. 

Ці дастаткова доказаў для прыцягнення да адказнасці?

Мікіту Крыўцова знайшлі павешаным у парку. Аляксандра Тарайкоўскага і Генадзя Шутава застрэлілі падчас мірных акцый пратэсту ў Мінску і Брэсце. Быў знойдзены мёртвым сябра адной з выбарчых камісій Канстанцін Шышмакоў, які адмовіўся падпісаць выніковы пратакол. Актывіст прафсаюза «Нафтан» Уладзімір Крысёнак учыніў суіцыд пасля трохдзённай «апрацоўкі» сілавікамі ў РАУС. 18-гадовы Дзмітрый Стахоўскі выкінуўся з акна — на яго, як сцвярджаюць, ціснулі следчыя. Сярод шэрагу смерцяў удзельнікаў тых пратэстаў шырокі рэзананс выклікала забойства Рамана Бандарэнкі, які памёр пасля працяглага збіцця сілавікамі.

Усяго ў спісе праваабаронцаў — 16 прозвішчаў. Расследаваць такія справы складана, паколькі ўлады адмаўляюць сваё дачыненне да гібелі людзей, следчыя органы адмаўляюцца ўзбуджаць крымінальныя справы, а даныя пра смерці ў месцах пазбаўлення волі засакрэчаныя. Аднак з 2020 года сабраны тысячы доказаў віны прадстаўнікоў рэжыму, заявіла ў інтэрв'ю «DW» юрыст арганізацыі «Прававая ініцыятыва» Алена Шынкарэвіч.

«У сучасным свеце немагчыма канчаткова знішчыць сляды злачынстваў нават з цягам часу. Доказнай базы дастаткова для прыцягнення да адказнасці асобных сілавікоў і чыноўнікаў. Але наша мэта — прыцягненне да адказнасці ўсіх вінаватых, таму збор доказаў працягваецца», — падкрэслівае Шынкарэвіч. 

Беларускіх сілавікоў наогул караюць за здзекі?

У статыстыцы Вярхоўнага суда Беларусі няма адкрытых звестак, колькі сілавікоў асуджана за збіццё, катаванні і забойствы затрыманых, арыштаваных і асуджаных. Аднак праваабаронцам вядома пра некалькі выпадкаў.

Так, у 2016 годзе фельчар СІЗА №1 Аляксандр Крылоў быў асуджаны на тры месяцы пазбаўлення волі за неналежнае выкананне абавязкаў медыка, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека — Ігара Пцічкіна, які прыбыў у ізалятар адбываць пакаранне за кіраванне аўтамабілем у п'яным выглядзе.

Сваякі загінулага настойвалі, што яго забілі. У судзе было ўстаноўлена, што Пцічкін памёр у выніку няправільна аказанай медыцынскай дапамогі. Замест таго, каб выклікаць брыгаду псіхіятрычнай дапамогі, яго прывязвалі да ложка. Афіцыйная прычына смерці — сардэчная недастатковасць.

Улетку 2023 года асудзілі былога супрацоўніка наваполацкай калоніі Ігара Пятрова — ён атрымаў шэсць гадоў пазбаўлення волі за збіццё асуджанага.

Былы палітвязень Вадзім Хіжнякоў быў сведкам таго, што адбылося, і перадаў праваабаронцам з цэнтра «Вясна», што Пятроў так моцна ўдарыў асуджанага, што ў таго адкрыўся ўнутраны крывацёк. Пацярпелы, калі выйшаў на волю, напісаў заяву, і на супрацоўніка калоніі завялі крымінальную справу. «Звычайна да пакарання вінаватых не даходзіць, — распавёў Хіжнякоў. — Сумеснымі намаганнямі сілавікоў такім справам не даюць ход — зняволенага запалохваюць, і ён ад усяго адмаўляецца».

Пакуль па факце гібелі ўдзельнікаў пратэстаў не распачата ніводнай крымінальнай справы, акрамя смерці Бандарэнкі. Але і ў гэтым выпадку Генпракуратура прыпыніла яго расследаванне.

За катаванні і забойствы па палітычных матывах няма тэрміну даўнасці

Юрыст «Вясны» Павел Сапелка ў каментары «Нямецкай хвалі» растлумачыў, што калі разглядаць забойствы і давядзенне да самагубстваў як шырокамаштабны пераслед па палітычных матывах, то такія злачынствы, як і катаванні, не маюць тэрмінаў даўнасці. Адказваць, паводле яго слоў, будуць не толькі выканаўцы, але і тыя, хто аддаваў загады, падахвочваў, памагаў і іншым чынам спрыяў здзяйсненню злачынства (арт.128 Крымінальнага кодэкса прадугледжвае пакаранне ад 7 гадоў пазбаўлення волі да смяротнага пакарання).

Калі ж следства ў будучыні палічыць, што гэта было перавышэнне ўлады, то гэта цяжкае злачынства (пакаранне — да 10 гадоў пазбаўлення волі), тэрмін прыцягнення да адказнасці — 10 гадоў пасля здзяйснення злачынства, удакладніў Сапелка.

Са слоў Алены Шынкарэвіч, судзіць сілавікоў могуць завочна, у рамках універсальнай юрысдыкцыі, напрыклад, у Літве. Аднак праваабаронцы не губляюць надзею, што будзе створаны Міжнародны трыбунал для Беларусі.

Эксперты настойваюць, што рэпрэсіі ў Беларусі — шырокамаштабны і сістэматычны напад на грамадзян з боку дзяржавы.

«Гэта адзін з элементаў злачынства супраць чалавечнасці, — удакладняе юрыст «Прававой ініцыятывы». — Такая ж выснова ўтрымліваецца ў дакладзе Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. Такім чынам, тут не можа быць і гаворкі пра эксцэсы выканаўцы. Несумненна, вінаватыя будуць пакараны. Хай гэта здарыцца не заўтра, але абавязкова здарыцца».