Вызваліць і зменшыць тэрмін: Мужу і жонцы змянілі прысуд
Вярхоўны суд 22 лістапада разгледзеў апеляцыйныя скаргі на вырак Віцебскага абласнога суда палітзняволеных сужэнцаў Таццяну Пыцько і Вячаслава Лазарава, якіх асудзілі да трох і пяці з паловай гадоў зняволення адпаведна, паведамляюць праваабаронцы.
![lazarau_pycko.jpg lazarau_pycko.jpg](/img/v1/images/lazarau_pycko.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У выніку суддзя Юрый Руткоўскі пастанавіў прызначыць палітзняволенай тыя ж тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, але з адтэрміноўкай выканання пакарання на тры гады. Сёння Таццяну мусяць вызваліць з віцебскага СІЗА, дзе яна правяла амаль паўгода. Вячаславу зменшылі тэрмін на паўгады, паведамляе «Беларуская асацыяцыя журналістаў».
Нагадаем, віцебскага відэааператара-фрылансера Вячаслава Лазарава і яго жонку Таццяну Пыцько асудзілі па абвінавачанні ў супрацы з тэлеканалам «Белсат», прызнаным беларускімі ўладамі «экстрэмісцкім фармаваннем». Вячаслава асудзілі за відэаматэрыялы, паказаныя на тэлеканале, а Таццяну за тое, што дапамагала мужу падчас здымак. У верасні Вячаслава асудзілі да пяці з паловай гады зняволення, а Таццяну — да трох гадоў. Працэс у абласным судзе таксама быў закрыты.
Паводле азначэння калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага суда, Вячаслаў Лазараў мае адбыць пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Раней суд першай інстанцыі асудзіў яго да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму, прызнаўшы вінаватым паводле ч. 2 і ч.1 арт. 361-4 КК — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Вярхоўны суд перакваліфікаваў яго дзеянні на ч. 1 арт. 361-4 КК («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні»).
Нагадаем, Вячаслава Лазарава затрымалі 9 лютага 2023 года ў Віцебску пасля ператрусу па месцы рэгістрацыі. У яго забралі мабільныя тэлефоны і відэакамеру. Таксама сілавікі правялі ператрусы ў кватэры, якую здымаў Лазараў, і па месцы рэгістрацыі ягонай жонкі Таццяны Пыцько, адкуль забралі ноўтбук і два тэлефоны. Жонку відэааператара-фрылансера затрымалі 6 чэрвеня 2023 года — пасля чарговага ператрусу ў яе жыллі.
На момант затрымання Таццяна Пыцько была ў дэкрэтным адпачынку — гадавала агульную з Вячаславам дачку, якой тады было 1 год і 1 месяц. Сацыяльная служба забрала дзяўчынку, яе спачатку змясцілі ў дзіцячую абласную лякарню, потым дзіця змаглі забраць пад апеку сваякі Таццяны. Дваіх старэйшых дзяцей Таццяны ад першага шлюбу даглядае іх родны бацька.
Таццяну Пыцько і Вячаслава Лазарава ўтрымліваюць у віцебскім СІЗА. Ім абоім давялося пабываць за кратамі і раней – пасля затрыманняў падчас пратэстаў у 2020 годзе. Таццяна была асуджана да штрафу ў межах адміністрацыйных справаў за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, Вячаслаў быў затрыманы ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня, але яго адпусцілі без складання пратакола. Увосень таго ж года ў Лазарава прывялі ператрус і затрымлівалі яшчэ тройчы, але да суду справа не даходзіла таксама.