Хронікі рэпрэсій за 22 лістапада: хапун у Гомелі і 13 новых палітвязняў
Затрыманыя выкладчыца БДУ і ксёндз, хапун у Гомелі, праваабаронцы прызналі яшчэ 13 чалавек палітвязнямі. Вярхоўны суд змякчыў прысуд палітвязням. З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 22 лістапада.

Новымі палітвязнямі прызнаныя Андрэй Міндубаеў, Алег Волкаў, Вадзім Барысаў, Алег Сіліч, Герман Лебядзеў, Яўген Гоманаў, Канстанцін Саламіюк, Аляксандр Брэзін, Валерый Яроцкі, Сцяпан Задойка, Анатоль Зелепуга, Вольга Казлоўская, Ірына Сапрыгіна.
- Затрыманая выкладчыца Інстытута бізнэса БДУ Святлана Яскевіч
Святлана Яскевіч — магістарка педадагічных навук, працуе ў Інстытуце бізнеса з 2006 года.
У «палонным» відэа яна распавядае, што «размяшчала ў сацсетках пратэсную сімволіку, абмяркоўвала ў дваравых чатах магчымасць удзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах».
Праўладныя каналы паведамілі, што Святлану затрымалі пасля скаргаў у бот.
- Мужа і жонку асудзілі да «хатняй хіміі» паводле «народнага» артыкулу
У судзе Цэнтральнага раёну Мінску 21 лістапада вынесены прысуд жыхарам Дзяржынску Надзеі і Вячаславу Янушкевічам. Іх прызналі вінаватымі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу і асудзілі кожнага да 2,5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ («хатняй хіміі»). Вырак агучыў суддзя Валерый Есьман.
Вядома, што мужа і жонку затрымалі 3 жніўня 2023 года. Да суду Вячаслаў знаходзіўся пад вартай, Надзея — дома.
- Экс-палітзняволеную арыштавалі на 7 сутак за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»
Па інфармацыі «Медыязоны», 17 лістапада ў судзе Пастаўскага раёна над былой палітзняволенай з Паставаў Ірынай Палянінай адбыўся суд паводле арт. 19.11 КаАП. Яе арыштавалі на 7 сутак за рэпосты.
Нагадаем, Ірыну 8 лістапада выклікалі па позве ў мясцовы РАУС, пасля чаго на волю яна так і не выйшла. 13 лістапада ў судзе Пастаўскага раёна суддзя Наталля Жукава разглядзела справу былой палітзняволенай аб падаўжэнні прэвентыўнага нагляду. Вынікам стала працягненне яго на два гады.
Ірына — жыхарка Паставаў, якую асудзілі да двух гадоў калоніі. Тэрмін Паляніна адбывала ў жаночай калоніі № 24 і ў мінулым лістападзе выйшла на волю.
Глядзіце таксама

- Хапун у Гомелі
Сілавікі затрымалі мінімум 6 чалавек за інтэрнэт-каментары і падпіскі ў сацсетках на «экстрэмісцкія» старонкі. «Палоннае» відэа з імі з'явілася ў праўладным тг-канале.
- Брэст: затрыманы ксёндз Вячаслаў Пялінак
Паводле «Хрысціянскай візіі», затрыманы ксёндз Вячаслаў Пялінак. Святару 48 гадоў, у святарстве 21 год. Ён з'яўляецца святаром Віцебскай дыяцэзіі, але цяпер служыць у парафіі Узвышэння Св. Крыжа ў Брэсце.
Паводле інфармацыі вернікаў парафіі, дзе служыць ксёндз Вячаслаў, ён быў затрыманы пасля ранішняга набажэнства, ягоныя тэлефон і ноўтбук былі адабраныя сілавікамі.
Прычыны затрымання святара невядомыя.
- У Магілёве за відэа ў TikTok аўтамеханіка асудзілі да двух гадоў калоніі
Суд Ленінскага раёна Магілёва 1 лістапада асудзіў да двух гадоў пазбаўлення волі 48-гадовага аўтамеханіка Дзмітрыя Пашына. Суддзя Наталля Панасенка прызнала яго вінаватым у «абразе Аляксандра Лукашэнкі» паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Прычынай пераследу стаў відэаролік у TikTok у сакавіку 2023 года ў падтрымку Украіны, у якім у рэзкай форме таксама быў раскрытыкаваны Лукашэнка.
- Паўтара года зняволення — за каментар
Стала вядома, што 12 верасня 2023 года на паўтара года пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму асудзілі 28-гадовага Руслана Казакевіча.
Яго прызналі вінаватым паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Руслана судзілі за каментар у тэлеграм-канале, які нібыта схіляў удзельнічаць у Маршах.
Вядома, што Руслан быў затрыманы на мяжы з Расіяй: час і абставіны невядомыя. Да затрымання ён працаваў тэхнікам-механікам.
- Брэсце затрымалі мужчыну за інтэрнэт-каментары
У «палонным відэа» затрыманы прадстаўляецца Сяргеем Вальевічам. Ён кажа, што быў падпісаны на «экстрэмісцкія» рэсурсы, а таксама пакінуў у Telegram больш за 1000 каментароў.
У апісанні пад відэа паведамляецца, што мужчыну змясцілі ў ІЧУ.
- На волю выйшаў палітвязень Барыс Кайзер
Жыхара Рэчыцы 24 жніўня 2022 года асудзілі на 1 год і 3 месяцы калоніі за відэазапіс, размешчаны ў працоўным чаце метызнага завода.
У відэа Барыс падчас сямейнага застолля выказаў меркаванне пра паразу Расіі ў вайне з Украінай і асудзіў дзеянні Лукашэнкі.
Пазней запіс трапіў у органы, пасля чаго завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 368 КК (абраза прэзідэнта). Відэа апынулася ў сеціве выпадкова: яго загрузіла Барысава дзіця, калі гулялася з тэлефонам.
Палітзняволены адбываў тэрмін у наваполацкай калоніі № 1, адкуль выйшаў на волю 20 лістапада.