Хронікі рэпрэсій за 5 студзеня

Сайт і сацсеткі «Новага часу» прызналі «экстрэмісцкімі»; за «здраду дзяржаве» пачалі судзіць беларускіх мытнікаў; сілавікі пабывалі на біяфаку БДУ — такія навіны сённяшняга дня знутры Беларусі.

hroniki_represij2_logo.png_logo_2_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1.webp

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1149 дзён, Дзяніс — 1029 дзён.

***

Сайт і сацсеткі выдання «Новы Час» прызнаныя «экстрэмісцкімі». У сувязі з наданнем нам гэтага пачэснага статусу нічога не зменіцца. Мы будзем працаваць па-ранейшаму. Адзначым, што ў законе няма забароны на «чытанне» экстрэмісцкіх матэрыялаў, адказнасць прадугледжана толькі за іх распаўсюджанне.

Такім чынам — будзьце больш уважлівыя да рэпостаў нашых матэрыялаў і карыстайцеся VPN. 

***

Сілавікі затрымалі ўладальніцу атэлье па рамонце адзення з-за мемаў у Instagram, відэа з ёй апублікаваў праўладны канал. Мяркуючы па сацыяльных сетках, яе завуць Святлана Дзяружкова, піша «Медыязона»

На відэа затрыманая прадпрымальніца кажа, што брала ўдзел у акцыях пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе, а таксама што «ў Instagram выкарыстала мемы з чорным гумарам, якія адносяцца да нашай улады і суседняй дзяржавы». Мяркуючы па скрыншотах, прыведзеных у відэа, гаворка ідзе пра жарты над расійскімі вайскоўцамі. На паказаных малюнках бачны, сярод іншага, мужчына ў форме вайскоўца з літарай «Z» на грудзях і галавой свінні.

Што цяпер з уладальніцай атэлье — невядома. Аўтары праўладнага канала пішуць, што яна «атрымае 5 гадоў за ўдзел у беспарадках, а ў дачыненні да яе мемаў з прыкметамі распальвання нацыянальнай варожасці праводзіцца дадатковая праверка». Яны таксама сцвярджаюць, што прадпрымальніцу «здаў» раней затрыманы мужчына.

***

На біяфаку БДУ затрымлівалі лабарантак за манікюр, сцяг і БЧБ-цацку. Пра гэта стала вядома «Нашай Ніве». Гэтыя затрыманні адбыліся некалькі тыдняў таму на кафедры батанікі проста падчас працоўнага дня. Пацярпелі дзве лабаранткі.

На руках у адной з іх пабачылі бел-чырвона-белы манікюр, другая ж мела на працоўным стале цацку з БЧБ-крыламі і ўкраінскі сцяг. Выглядае, што нехта данёс на жанчын і іх затрыманне невыпадковае.

Адна з лабарантак адбыла тэрмін у 15 сутак і выйшла на волю. Што з другой жанчынай і дзе яна знаходзіцца, пакуль невядома.

***

Атрад спецыяльнага прызначэння «Шторм» затрымаў брэстаўчаніна за ўдзел у пратэстах 2020 года. Відэа з ім апублікаваў праўладны тэлеграм-канал, паведамляе «Медыязона».

На камеру мужчына кажа, што хадзіў на акцыі «дзесьці два разы», бо лічыў, што выбары былі сфальсіфікаваныя. У чым канкрэтна абвінавачваюць мужчыну, невядома.

***

Хворую на анкалогію пенсіянерку Алу Зуеву перавялі ў калонію. 62-гадовая жанчына ў кастрычніку была асуджана да 2,5 гадоў калоніі. Шэсць гадоў таму ёй паставілі дыягназ «лейкоз». Дачка палітзняволенай расказала «Свабодзе», што Зуевай трэба пастаянна назірацца ў лекараў, рабіць аналізы, каб хвароба не прагрэсавала, прымаць патрэбныя лекі.

Сімптомы праяўляюцца перыядамі. Бывае, яна адчувае сябе дастаткова добра, а бываюць дні, калі ў яе няма сіл, яна хутка стамляецца, адчувае слабасць, не можа ўстаць. У жанчыны моцна баліць спіна. Бываюць панічныя атакі, якія здараліся яшчэ да турмы. Хіміятэрапію ёй раней не рабілі, але яна можа спатрэбіцца, калі здароўе Алы будзе пагаршацца. 

«Вясне» стала вядома, што яна ўжо пачала адбываць тэрмін у гомельскай жаночай калоніі № 4. 

***

Траіх беларускіх мытнікаў судзяць за «здраду дзяржаве» і «экстрэмізм». Іх абвінавачваюць паводле дзевяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі.

5 студзеня ў Мінскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме пачаўся разгляд справы мытнікаў Яўгена Гурыновіча, Уладзіміра Журомскага і Віктара Новіка.

Як піша «Позірк», іх абвінавачваюць паводле дзевяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса: 

  • ч. 2 арт. 426 («Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў»),
  • ч. 2 арт. 377 («Крадзеж, знішчэнне, пашкоджанне або ўтойванне дакументаў, штампаў, пячатак; крадзеж бланкаў»),
  • ч. 1 арт. 356 («Здрада дзяржаве», у рэдакцыі ад 9 студзеня 2019 года),
  • ч. 1 арт. 179 («Незаконныя збіранне або распаўсюджванне інфармацыі аб прыватным жыцці»),
  • ч. 2 арт. 352 («Неправамернае завалоданне кампутарнай інфармацыяй»),
  • ч. 2 арт. 361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»),
  • ч. 1 і 2 арт. 203-1 («Незаконныя дзеянні ў адачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных»),
  • ч. 3 арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім»),
  • ч. 2 і 3 арт. 130 («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці»).

Толькі па артыкуле аб здрадзе дзяржаве ім пагражае да 15 гадоў зняволення.

Працэс вядзе суддзя Сяргей Хрыпач, вядомы шматлікімі выракамі ў палітычна матываваных працэсах. Іншыя падрабязнасці справы абвінавачаных мытнікаў невядомыя.

***

Начальніка Іўеўскай раённай энергагазінспекцыі Астравецкага міжраённага аддзялення арыштавалі на 7 дзён паводле абвінавачання ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП), піша Hrodna.life.

У яго падпісках у «Вконтакте» выявілі паблік, прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У судзе мужчына сказаў, што быў падпісаны на супольнасць, але не ведаў, што яна прызнаная «экстрэмісцкай».

У арыштаванага канфіскавалі мабільны тэлефон. Hrodna.life не называе імя мужчыны. 

***

Сацсеткі ксяндза Вячаслава Барка прызнаныя «экстрэмісцкімі». Гаворка пра Youtube-канал, Facebook-старонку і Telegram-канал святара. Адпаведнае рашэнне прынятае судом Чыгуначнага раёна Віцебска 26 снежня, паведамляюць праваабаронцы.

Таксама «экстрэмісцкімі» прызнаныя:

- Telegram-каналы і чаты «Чат Беларусы в Тбилиси», «Забастовка. Школьники/Студенты/Преподаватели», «СНАТ БЛАГОДІЙНИЙ ФОНД ХЕЛЕН МІНСЬКОЇ», «Твои возможности», «Маладая Грамада», «Чечерск»;

- Сайт і сацсеткі ініцытывы «Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой»;

- Старонка ў «Аднакласніках» «МИКАШЕВИЧИ И МЫ»;

- TikTok-старонкі «president.sveta», «belarus_sergej», «anti-communist», «annakanius», «lukashenko_yxadi», «honestpeopleby», tokbelarus».

***

Паводле звестак «Вясны», прызналі «экстрэмісцкай» антысеміцкую кнігу «Нет плохих народов», выдадзеную ў Мінску ў 2004 годзе ЗАТ «Праваслаўная ініцыятыва».

Аўтар шэрагу кніг па яўрэйскай гісторыі, даследаванняў Халакосту і барацьбы з антысемітызмам Якаў Басін называў гэтую кнігу антысеміцкай і пісаў, што яна «напоўнена вялікай колькасцю ілжывых сцвярджэнняў кшталту: "На першым сіянісцкім кангрэсе былі прачытаныя сіёнскія пратаколы — праграма захопу сіяністамі сусветнай улады, сваёй дыктатуры"».

Адзначым, што больш познюю рэдакцыю кнігі (2007 год) «Нет плохих народов», выдадзеную ЗАТ «Праваслаўная ініцыятыва», прызнавалі ў Беларусі «экстрэмісцкай» яшчэ раней — у 2008 годзе.

***

«Экстрэмісцкімі» прызналі таксама шэраг паштовых адпраўленняў з «бел-чырвона-белымі палоскамі і вершнікам на кані». Адпаведнае рашэнне прынятае судом Кастрычніцкага раёна Мінска 22 снежня.

А ў «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 10 чалавек — цяпер у ім 3664 прозвішчы.

5 студзеня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі асуджанага да 10 гадоў калоніі Ягора Міхайлава, затрыманага пасля вяртання ў Беларусь Георгія Чараваку, асуджанага за данаты Аляксея Арлова.

***

Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 326 дзён, Максіма Знака — 330 дзён, Мікалая Статкевіча — 329 дзён, Ігара Лосіка — 320 дзён, Віктара Бабарыкі — 256 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 185 дзён, Уладзіміра Гундара — 154 дні.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1427 палітвязняў. У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзіцца 1612 чалавек. Сярод іх — 182 жанчыны і 7 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.