«Мэта – запалохаць мяне і родных». Застрашванне як інструмент ціску на КР і дэмсілы

Для чаго сілавікі прыдумалі «справу Каардынацыйнай рады», версіі могуць быць розныя. Але ні ў каго няма сумневаў, што гэта працяг рэпрэсій і запалохвання людзей.

Ілюстрацыйная выява: rada.vision

Ілюстрацыйная выява: rada.vision

Каардынацыйная рада Беларусі была створаная 20 жніўня 2020 года з ініцыятывы Святланы Ціханоўскай для пераадолення палітычнага крызісу ў краіне. З тых часоў адны члены КР былі арыштаваныя, іншым давялося з'ехаць з краіны, але сама рада працягвае існаваць да гэтага часу. У лістападзе-снежні 2023 года супраць удзельнікаў КР пачалася новая хваля рэпрэсій: у кватэрах сябраў рады прайшлі ператрусы, на іх маёмасць накладзены арышт, распачатыя новыя крымінальныя справы – у тым ліку за «здраду дзяржаве». Увесну 2024-га ў Каардынацыйную раду пройдуць першыя прамыя выбары.

«Настоящее время» паразмаўляла з тымі, да каго прыйшлі сілавікі, а таксама са спікерам КР пра тое, ці паўплывае гэтая аблава на будучыя выбары, што ўяўляе сабой КР сёння і навошта яна патрэбна беларусам – тым, хто застаюцца ў краіне і вымушаныя яе пакінуць.

130 ператрусаў і справы аб «здрадзе дзяржаве»

Сябра КР другога склікання, прадстаўнік народных амбасад Міхаіл Таўбе не жыве ў Беларусі ўжо больш за 10 гадоў. Але ў лістападзе 2023 года да яго 70-гадовай маці ў Мінску прыйшлі з ператрусам следчыя.

«Ператрус прайшоў па маёй прапісцы ў Мінску, дзе я ўжо даўно не жыву. Прыйшлі раніцай, абудзілі маму, прапанавалі сваіх панятых, назваўшы іх студэнтамі, якія па збегу абставінаў знаходзіліся ў машыне ўнізе. Мама тады патэлефанавала суседзям, і яны пагадзіліся быць панятымі. Ператрус праходзіў спакойна. Шукалі аформленую на мяне маёмасць, каб накласці арышт. Больш падрабязнасцей не ведаю, бо пры ператрусе падсунулі паперу аб неразгалошванні і мама яе падпісала».

У чым абвінавачваюць Міхаіла, таксама падпадае пад неразгалошванне. Таму ён ведае пра гэта толькі з паведамленняў беларускіх праваабаронцаў.

Паводле звестак «Вясны», пастановы на ператрус у чальцоў КР былі выдадзеныя паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэкса: «Здрада дзяржаве», «Змова з мэтай захопу ўлады», «Заклікі да санкцый», Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання, «Садзейнічанне і фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці».


Глядзіце таксама

У Міхаіла Таўбе гэта першы ператрус, але ціск на родных быў і раней:

«Пачынаючы з 2021 года, мінімум тры разы на размову ў КДБ выклікалі майго брата. Мэта гутарак — перадаць мне прывітанне, запалохаць мяне і родных. Падрабязнасцей таксама няма, бо пры кожным такім выкліку трэба падпісваць паперу аб неразгалошванні. Адзін раз брата выклікалі ў міліцыю ў сувязі з пошукам педафіла, гаварылі, што ён падобны да чалавека, якога яны падазраюць. Калі ён прыйшоў у міліцыю, там ужо сядзеў супрацоўнік КДБ, які сказаў: "Ты ж разумееш, чаму мы цябе запрасілі? Перадавай прывітанне свайму брату". Усе такія размовы пабудаваныя на запалохванні. Яны расказваюць пра жудасныя перспектывы, якія нас чакаюць, калі мы не перастанем змагацца з рэжымам і не з'явімся з пакаяннем».

Аблава на сябраў Каардынацыйнай рады, часткай якой стаў ператрус у маці Міхаіла, пачалася 28 лістапада 2023 года. МУС не проста называла лічбы — больш за 130 ператрусаў і 145 накладанняў арышту на маёмасць, — але і расказвала падрабязнасці побыту сябраў КР. Нібыта пры ператрусах па месцы жыхарства знаходзілі «па шчыкалатку піўных бутэлек», «столькі бруду, колькі мы не бачылі, напэўна, у прыстойных прытонах». Следчы камітэт заявіў, што пашыраны спіс сябраў КР у праваахоўныя органы падаў беларус, які вярнуўся з-за мяжы і «пакаяўся». Прадстаўнікі дэмакратычных сіл у выгнанні назвалі гэтую аблаву акцыяй застрашвання і дыскрэдытацыі.

Міхаіл Таўбе звязвае лістападаўскую аблаву з надыходзячымі выбарамі не толькі ў КР, але і ў беларускі парламент і мясцовыя саветы дэпутатаў, якія намечаны ў Беларусі на 25 лютага.

«Гэта стандартная практыка ўсіх 30 гадоў кіравання Лукашэнкі: перад любымі выбарамі і рэферэндумамі рэжым праводзіць такія акцыі застрашвання. На носе адзіны дзень галасавання — 25 лютага. А тут яшчэ маюць адбыцца выбары ў КР – трэба запалохаць беларусаў, каб яны не ўдзельнічалі ў выбарах ні як дэлегаты, ні як выбаршчыкі. Дзяржпрапаганда не стамляецца пераконваць, што ўсе беларусы цалкам падтрымліваюць Лукашэнку, спрабуе даказаць, што дзеянні актывістаў з-за мяжы на іх не ўплываюць і дэмакратычныя сілы ўжо даўно прайгралі. Хіба гэта так? Калі б рэжым быў моцным, ці варта было ім марнаваць столькі дзяржаўных рэсурсаў і бюджэтных грошай падаткаплацельшчыкаў на пастаянныя ператрусы, індывідуальныя гутаркі ў КДБ, стварэнне "камісіі па вяртанні" ў краіну палітычных бежанцаў, перабудову сілавых і судовых структур пад тэрор беларусаў? Гэта гаворыць, што дэмакратычныя сілы не прайгралі, а рэжым баіцца».

«Ведаючы перспектывы, я прадаў перад ад'ездам усю сваю маёмасць»

Юрась Губарэвіч у беларускай палітыцы больш за 20 гадоў, ён узначальвае Рух «За Свабоду», што быў ліквідаваны ўладай, і палітык пакінуў краіну ў 2021 годзе. Да родных Губарэвіча ў Беларусі таксама прыйшлі з ператрусам у канцы лістапада 2023 года.

«Я больш за два гады не пражываю ў той кватэры. Там жывуць былая жонка і мае дочкі. Асабістых рэчаў, долі ўласнасці там у мяне няма, таму аніякага арышту маёмасці рушыць услед не магло, — расказвае Юрась. — Але гэта хутчэй выключэнне. Правіла такое, што сёння прыходзяць у кватэры, уласнікі якіх — прадстаўнікі дэмсіл, якія з'ехалі, праводзяць ператрусы, апісваюць маёмасць, апячатваюць кватэры, пры гэтым адкрыта кажуць, што гэтая маёмасць трапляе ў заклад і магчымая канфіскацыя пасля завочнага суда. Судамі ў нас кіруюць з тых жа месцаў, адкуль кіруюць гэтымі аперацыямі па застрашванні. Мяркуючы, як усё можа працягвацца, я перад тым, як вырашыў з'ехаць, распрадаў усю сваю маёмасць, разумеючы, што з'язджаю не на адзін месяц. Таму ціснуць на мяне праз маёмасць складана. Яны могуць рабіць гэта праз родных. Але сёння асноўная мішэнь такога ціску — гэта байцы палка Каліноўскага».

Юрась Губарэвіч наўпрост не звязвае гэтыя ператрусы з выбарамі ў КР: «Гэта такая кампанейшчына — выбіраць пэўную групу (СМІ, НДА, актывісты) і адначасова рабіць аблавы. Сілавы блок вырас у некалькі разоў, і трэба даказваць сваю важнасць. Галоўная прычына — няўпэўненасць Лукашэнкі ў падтрымцы яго грамадствам, дакладней, поўная ўпэўненасць у адсутнасці гэтай падтрымкі. Таму ён помсціць за 2020 год, спрабуе трымаць краіну ў страху».


Глядзіце таксама

У інфарматара, які, паводле версіі следства, «зліў» сілавікам даныя членаў КР, палітык не верыць:

«Гэта чарговая "качка" ад сілавых структур. Былі нязграбныя спробы паказаць чалавека з пашыранага складу КР, дзе было больш за 4000 чалавек — паводле стану на 2020-2021 гады. Наўрад ці хтосьці з іх меў доступ да канфідэнцыйнай інфармацыі. Тое, што сілавікі ведаюць адрасы, куды прыйшлі з ператрусамі, не дзіўна, бо імёны большасці сябраў КР у адкрытым доступе. Гаварыць, што праведзеная ўзмоцненая праца, знойдзены інфарматар, — гэта накручваць сабе заробкі».

«Тактыка — пасварыць дэмакратычных лідараў»

Спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў пацвердзіў інфармацыю пра тое, што ператрусы і новыя крымінальныя справы закранулі больш за 100 чальцоў КР, але адмаўляе, што была ўцечка звестак ад нейкага інфарматара — сябра рады, пра якога кажуць беларускія следчыя: «Той чалавек, каго яны паказваюць у сваіх каналах, не быў сябрам КР».


Глядзіце таксама

Самога Андрэя Ягорава гэтая аблава не закранула, і ён не лічыць гэта выпадковым: «Думаю, гэта такая тактыка спецслужбаў: у кагосьці праводзіць ператрусы, у кагосьці не, каб пасеяць сумневы паміж дэмакратычнымі лідарамі. Але я разумею, што ў любы момант гэта можа закрануць маіх сваякоў, у мяне ў Беларусі засталася мама».

Андрэй Ягораў наўпрост звязвае ператрусы і новыя крымінальныя справы з выбарамі ў КР:

«Гэта спроба запалохаць дэмакратычны рух і прымусіць беларусаў баяцца выказваць сваю волю на будучых выбарах у КР. Рэжым разумее, што паралельнае прадстаўніцтва — гэта рэальная пагроза. Лукашэнка баіцца любой канкурэнцыі».

На думку спікера, гэтая аблава не паўплывае на будучыя выбары: «Наадварот, гэта толькі падштурхне цікавасць да выбараў у КР і павысіць інфармаванасць пра іх».