І жук, і жаба. Хто збіраецца заняць дэпутацкае крэсла пасля выбараў?

Вы, напэўна, здзівіцеся, але ўсе яны вядомыя — і кожны «адзначыўся» ў сваёй сферы.

1_617_logo.jpg

25 лютага 2024 года будзе зразумела, хто стане дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Беларусі і мясцовых саветаў, а ў красавіку абвесцяць імёны дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу (УНС), які збольшага фармуецца з дэпутатаў.

Сярод асаблівасцей — тое, што ў спісах кандыдатаў у дэпутаты шмат скандальна вядомых прозвішчаў. А УНС прадказвалі атрыманне часткі функцый па кіраванні краінай, праўладныя аналітыкі нават называлі яго «калектыўным Лукашэнкам». «Deutsche Welle» паглядзела, хто хоча трапіць у парламент і УНС, і спытала меркаванне экспертаў.

Праўладныя актывісты і прапагандысты

У новае скліканне Палаты прадстаўнікоў хочуць трапіць дырэктар Нацбібліятэкі Вадзім Гігін, які знаходзіцца пад санкцыямі ЕС як «голас прапаганды», а таксама праўладны «палітолаг» Аляксандр Шпакоўскі, які цяпер працуе ў амбасадзе РБ у Расіі. Абодва вылучаюцца ад створанай у 2023 годзе партыі «Белая Русь».

Сярод кандыдатаў у дэпутаты і Дзмітрый Шаўцоў — кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа (БКК), які прызнаўся, што ён і арганізацыя ўдзельнічалі ў вывазе дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь. У сеціве было і яго фота з акупаваных Луганска і Данецка ў адзенні з літарай «Z». З 1 снежня 2023 года сяброўства БКК у Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца прыпыненае.

На месца ў Мінскім гарадскім савеце дэпутатаў прэтэндуе Іван Эйсмант, кіраўнік «Белтэлерадыёкампаніі», муж прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант. Туды ж будуць балатавацца Андрэй Крывашэеў, кіраўнік дзяржагенцтва «Мінск-Навіны» і праўладнага Саюза журналістаў, і тэлевядучы дзяржканала СТБ Яўген Пуставы, які знаходзіцца пад санкцыямі ЕС як прапагандыст.


Глядзіце таксама

Часам на участках складваецца нават своеасаблівая канкурэнцыя. Так, трапіць у Мінгарсавет па акрузе №17 хочуць і 38-гадовы Мікалай Валовіч — член Кампартыі, прыхільнік Сталіна, які піша калонкі ў адным з галоўных рупараў прапаганды — «Мінскай праўдзе», і 45-гадовы Вадзім Баравік, давераная асоба Лукашэнкі на выбарах 2020 года, часты госць на дзяржТБ, з-за скандальных выказванняў (напрыклад, «дадаваць нявінніцам балы на ЦТ») яго прадстаўляюць «нашым Жырыноўскім».

Цяперашнія дэпутаты і сілавікі

Пераабрацца хочуць і некалькі скандальна вядомых дэпутатаў. Напрыклад, актыўны госць прапагандысцкіх шоу, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч, дэпутат-камуніст Сяргей Клішэвіч, які дапамагаў затрымліваць пратэстоўцаў, і дэпутатка Марына Лянчэўская. Паводле інфармацыі «Вясны», яна адказная за падрыхтоўку законапраекта, які дазваляе судзіць памерлых.

Больш у спісах стала і прозвішчаў сілавікоў. Так, балатуецца ў дэпутаты кіраўніца прэс-службы Генпракуратуры РБ Анжаліка Курчак і экс-намеснік кіраўніка МУС Аляксандр Барсукоў, які асабіста кіраваў разгонамі пратэстаў у 2020 годзе і трапіў пад санкцыі ЕС, цяпер ён — памочнік Лукашэнкі ў Мінску.

У дэпутаты збіраюцца начальнік Ваеннай акадэміі Генадзь Ляпешка, начальнік штаба Міністэрства ўнутраных спраў Ігар Пашкоў. Цікава, што выбарчую кампанію пачынае і Вадзім Іпатаў, які з 2012 года, гэта значыць ужо мінімум на працягу двух прэзідэнцкіх кампаній, займае пасаду намесніка старшыні Цэнтрвыбаркама.

«Няма чаргі з ахвотных, калі казаць пра талковых людзей»

Выбары ў беларускі парламент заўсёды падвяргаюцца крытыцы міжнародных назіральнікаў. У 2024 годзе назіральнікаў ад АБСЕ і краін Захаду проста не будзе.


Глядзіце таксама

«Гэта абсалютна кантралюемая працэдура. Тым, хто хоча выбрацца, трэба ўзгадніць сваё абранне, яны ходзяць, абіваюць парогі. А хтосьці ў адміністрацыі Лукашэнкі шукае кандыдатуры, — апісвае працэс рэдактар «Беларускага штогодніка» Вадзім Мажэйка. — Каб не было безальтэрнатыўнага абрання, ёсць людзі, якія "пастаяць" у спісе для галачкі — дырэктар школы, лекар, прадстаўнік "Зелянбуда"».

Спісы будучых «выбраннікаў» сфармаваны з улікам дзвюх узаемных тэндэнцый, лічыць Вадзім Мажэйка. «З аднаго боку, для ўлады важна парламент сфармаваць з правераных людзей, а лаўка запасных кароткая. Няма чаргі з ахвотных, калі казаць пра талковых людзей у сістэме. З іншага боку, пасля 2020 года ў дзяржСМІ прыйшло шмат людзей, якім раней не давалі слова. І гэтыя людзі, якія трапілі ў медыйную, прапагандысцкую абойму, хочуць замацавацца. Праўладны каментатар — гэта зменлівы статус, за гэта не плацяць. А быць дэпутатам парламента — гэта сур'ёзна, надоўга і грошы вышэй за сярэднія па краіне».

«Прыкмета таталітарызацыі рэжыму»

«Хто пад рукой, — так ахарактарызаваў стракаты праўладны склад Аляксандр Класкоўскі, палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк». — Складаюцца спісы, і той, хто складае спісы, што, будзе хадзіць дзесьці, шукаць? Вось сядзіць прэс-сакратарка (кіраўніца прэс-службы Генпракуратуры РБ Анжаліка Курчак. Заўв. рэд.) побач, трэба ўпісаць, бо ён яе ведае, надзейны чалавек».

Паводле слоў аналітыка, раней улады дапускалі нейкую апазіцыю або стараліся, каб былі спецыялісты з розных сфер, людзі, якія карыстаюцца нейкім аўтарытэтам. «Я думаў, будзе больш моцных гаспадарнікаў, лекараў і гэтак далей. Але будуць не проста праўладныя людзі, а адыёзныя, якія не ведаюць берагоў ва ўсхваленні ўлады і нянавісці да іншадумства. Гэта прыкмета таталітарызацыі рэжыму», — лічыць Аляксандр Класкоўскі.

Выставіць сваю кандыдатуру ў дэпутаты спрабаваў Дзмітрый Кучук, экс-кіраўнік ліквідаванай уладамі партыі «Зялёныя». Але яго ініцыятыўную групу не зарэгістравалі, зачапіўшыся за памылку друку ў дакументах.


Глядзіце таксама

У выніку такіх «выбараў» знізіцца якасць дэпутацкага корпусу, кажа аналітык. «Усё ж нейкія спецыяльныя веды, здаровасць мыслення прысутнічалі, а гэтыя людзі ўмеюць толькі пстрыкаць абцасамі. У парламенце трэба ў камісіях законапраекты разглядаць. Наўрад ці яны здольныя да такой працы», — канстатуе Класкоўскі.

Лукашэнка застаецца адзіным, а не «калектыўным»

«Гаварыць пра з'яўленне "калектыўнага Лукашэнкі" пакуль рана. Па сутнасці, нічога не зменіцца. Лукашэнка не ўмее дэлегаваць паўнамоцтвы», — лічыць Аляксандр Класкоўскі. На яго думку, Лукашэнка стане і прадстаўніком УНС, і застанецца ў цяперашнім крэсле, і нават пры пагаршэнні здароўя не захоча саступаць уладу.

«Ён нікому не верыць, для яго найлепшы варыянт — кіраваць, пакуль не ўзмужнеў малодшы Коленька, і яму перадаць уладу. Калі моцна прыцісне, то ёсць Віктар, старэйшы сын. Але прыдворная медыцына працуе добра, стараецца», — лічыць Класкоўскі.

УНС як калектыўны Лукашэнка, паводле слоў Вадзіма Мажэйкі, гэта «даўняя ружовая мара» наменклатуры. «Але мы бачым на прыкладзе створанай з грамадскай арганізацыі партыі "Белая Русь", што ніякіх паўнамоцтваў яны не атрымалі. Так будзе цяпер і з УНС. Тэарэтычна, у будучыні УНС зможа адыграць калісьці ролю. Але многае залежыць ад сітуацыйных фактараў. Тым больш, што ва УНС, які ствараецца пасля 2020 года нелегітымным Лукашэнкам па нелегітымнай Канстытуцыі, таксама легітымнасць невысокая», — кажа Мажэйка.