Рэжым рыхтуецца да выбараў
Татальная «зачыстка» і запалохванне па ўсёй краіне, новыя падраздзяленні спецназа, ліквідацыя палітычных партый — усё дзеля таго, каб не было ні намёку на пратэсты.
У Беларусі 25 лютага правядуць выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў і парламент. Гэтая кампанія — першая пасля масавых пратэстаў 2020 года. І праваабаронцы ўжо кажуць пра масавыя рэпрэсіі. «Вясна» паведаміла, што ў апошнія дні па ўсёй Беларусі адбываецца хваля ператрусаў і праверак у былых назіральнікаў на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Іх праводзіць Камітэт дзяржаўнай бяспекі. У былых назіральнікаў правяраюць тэлефоны і папярэджваюць аб крымінальнай адказнасці за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». З імі таксама запісваюць так званыя «пакаяльныя відэа».
Падрыхтоўка да парламенцкіх выбараў у Беларусі праходзіць на фоне рэпрэсій. За некалькі месяцаў улады ліквідавалі ўсе апазіцыйныя партыі, у турмах знаходзяцца тысячы палітвязняў. На выбарчых участках застануцца толькі адкрытыя кабінкі для галасавання, на выбарах не будзе незалежных міжнародных назіральнікаў, як і магчымасці прагаласаваць у пасольствах за мяжой.
Але нават ва ўмовах поўнага кантролю з боку ўладаў Аляксандр Лукашэнка асцерагаецца аднаўлення пратэстаў, таму і заклікае чыноўнікаў і сілавікоў да мабілізацыі: «Нам вельмі важна сёння быць адзінымі, таму што сітуацыя вельмі напружаная. Вельмі небяспечная. Мы нават не ўяўляем той сітуацыі, якая складваецца, асабліва калі паглядзець у будучыню, у перспектыву. Ніхто сёння не можа сказаць, што будзе заўтра».
За некалькі месяцаў да парламенцкіх выбараў у сілавікоў з'явілася пяць новых падраздзяленняў спецназа, найміты ПВК «Вагнер» трэніруюць вайскоўцаў і міліцыянтаў. Беларусаў, якія едуць дадому з-за мяжы, дапытваюць і могуць затрымаць на мяжы. Такія дзеянні ўладаў палітычны аглядальнік Беларускай службы «Радыё Свабода» Валерый Карбалевіч, звязвае з масавымі пратэстамі 2020 года: «Для ўладаў сёння слова "выбары" – гэта нейкі страшны сон, таму што ўлады атрымалі цяжкую траўму ад падзей 2020 года. Таму яны ўсяляк адсоўвалі час правядзення чарговай выбарчай кампаніі ў парушэнні Канстытуцыі. Паводле старой Канстытуцыі, мясцовыя выбары павінны былі прайсці ў 2022 годзе, а парламенцкія — у 2023, але іх перанеслі».
Пра боязь паўтору пратэстаў 2020 года расказаў і палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі. Эксперт дадае, што тады вулічныя акцыі моцна напалохалі Аляксандра Лукашэнку, таму і рэпрэсіі ў дачыненні да іншадумцаў працягваюцца нават праз тры гады: «Быццам бы Лукашэнка ўсё ўзяў пад каўпак, але ён памятае, гэта ўжо зарубка псіхалагічная на ўсё яго жыццё, памятае гэты выбух незадаволенасці. Ён разумее, напэўна, у душы, што ўжо ніколі не вернецца да вобразу народнага прэзідэнта, якім ён да пары да часу казыраў. І цяпер ён не ўпэўнены, што грамадства сапраўды лаяльнае. Так, высокі ўзровень страху, але дубінкі не прымусяць палюбіць гэты рэжым».
Пакуль улады Беларусі плануюць, як максімальна бяспечна правесці так званыя выбары ў 2024 годзе, у Аб'яднаным пераходным кабінеце лічаць, што будучая выбарчая кампанія будзе мала цікавай для беларусаў. Апазіцыя мае намер цалкам ігнараваць выбары ў лютым. «Усе дэмсілы выразна занялі адну пазіцыю: мы гэтыя выбары не прызнаем, мы ў іх не ўдзельнічаем, і мы будзем заклікаць, ужо заклікаем міжнародную супольнасць іх не прызнаваць. І мне здаецца, што ніхто сур'ёзна гэтыя так званыя выбары ў Еўропе, у свеце прызнаваць не будзе», — кажа старшы дарадца Святланы ЦіханоўскайФранак Вячорка.
Выбары ў парламент, які быў створаны ўжо пры ўладзе Аляксандра Лукашэнкі, ні разу не былі прызнаныя легітымнымі ні ЗША, ні ў ЕС. Калі раней, дадаюць суразмоўцы «Настоящего времени», Аляксандр Лукашэнка хоць бы мінімальна спрабаваў ствараць бачнасць плюралізму падчас перадвыбарчых кампаній, то пасля падзей 2020 года і саўдзелу ў расійскай агрэсіі супраць Украіны неабходнасці ў імітацыі больш няма. «Усё ідзе да таго, што і прэзідэнцкія выбары 2025 года пройдуць ужо не паводле аўтарытарнага, а хутчэй з такім таталітарным душком сцэнарыя. Гэта значыць максімальна стэрыльна, без усялякай апазіцыі, без усялякіх гульняў з Захадам», — прадказвае палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі.
Да восені гэтага года ў Беларусі былі зарэгістраваныя пятнаццаць палітычных партый. Цяпер іх засталося чатыры, якія цалкам лаяльныя Аляксандру Лукашэнку, гэта значыць альтэрнатыўных кандыдатаў на выбарах у лютым не будзе. На нядаўняй сустрэчы з прадстаўнікамі праўладных партый Лукашэнка расказаў, чым павінны займацца тыя, хто застаўся: «Прызначэнне партый – не змагацца з дзяржавай, а канкураваць паміж сабой на ўзроўні праектаў, заканадаўчых ініцыятыў. Усё, што нацэлена на стварэнне».
Падчас парламенцкай кампаніі 2024 года, мяркуе палітык, былы кіраўнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, «Лукашэнка паспрабуе вярнуць легітымнасць сярод часткі беларусаў, якую страціў у 2020 годзе: Але для таго, каб было менш сюрпрызаў, трэба зачысціць прастору не толькі ад палітычных партый, але і наогул грамадзянскую супольнасць. Таму ў нас не будзе там ні назірання, ні ўнутранага, ні міжнароднага. Не будзе ніякіх апанентаў нават у сітуацыі, калі кандыдатаў на мясцовых, парламенцкіх выбарах будзе некалькі дзясяткаў тысяч. Гэта нас чакае».
У Аб'яднаным пераходным кабінеце, у сваю чаргу, маюць намер і далей прасоўваць беларускі парадак дня ў ЕС. У якасці альтэрнатывы выбарчай кампаніі ў лютым апазіцыя прапануе беларусам выбары ў Каардынацыйную раду. «Гэта такая спроба ангажаваць беларусаў і ў абмеркаванне сваіх уласных праблем, але і ў выбар сваіх уласных прадстаўнікоў тое, чаго пад лукашэнкаўскім рэжымам ніколі не было. Цяпер складана правесці выбары, каб беларусы ўнутры краіны ўдзельнічалі, але зрабіць такую трэніроўку, тэст, падрыхтоўку беларускага грамадства да дэмакратыі мы можам», — кажа Франак Вячорка.
За гады ва ўладзе Аляксандр Лукашэнка мяняў дзяржаўную сімволіку, разганяў непажаданы і прызначаў лаяльны парламент, абнуляў свае прэзідэнцкія тэрміны. Плебісцыты, якія праводзіў Лукашэнка, праходзілі са шматлікімі парушэннямі і не прызнаваліся міжнароднымі назіральнікамі.