«Адказнасць на маіх плячах». Былы спартсмен і амапавец публічна пакаяўся за разгоны пратэстаў
У чарговым фільме пра 2020 год у Беларусі былы легкаатлет і па сумяшчальніцтве «сілавік» расказвае сваю версію таго, што адбывалася ў тыя жнівеньскія дні на вуліцах беларускіх гарадоў і ў аўтазаках.
4 студзеня непажаданае расійскаму рэжыму рускамоўнае выданне «Медуза» апублікавала фільм пра самыя жахлівыя дні пратэстаў у Беларусі ў жніўні 2020-га. Вытворчасцю займаліся расійскія дакументалісты — магчыма, пры ўдзеле беларускіх калег, а магчыма, і не. Шматлікія пазіцыі ў тытрах фільма закрытыя адным тэкстам: «Не называецца з меркаванняў бяспекі».
Фільм названы «Паглядзіце наверх» — алюзія на амерыканскую навуковую фантастыку «Не глядзіце наверх», дзе чалавецтва вымірае праз камету, якую не сталі знішчаць з-за прагнасці палітыкаў і іх спонсараў. Стваральнікі «дакументалкі» сцвярджаюць, што «рэальны канец свету адбываецца кожны дзень і бязлітасны сваёй індывідуальнасцю». А лейтматывам фільма стала фраза пра розныя факты рэчаіснасці ў Беларусі з 2020-га: «Але свет яшчэ не будзе называць гэта вайной», — піша «Трыбуна».
Да канца фільма аўтары нагадваюць, што вайна, якую ад 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне, вядзецца з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, і наўпрост абвінавачваюць «міжнародную супольнасць», што яна ў 2020-м пры беларускай сітуацыі «не дала адпор злу». Пры гэтым беларусы, якія цікавяцца палітыкай, памятаюць і пра жорсткія разгоны менш масавых пратэстаў у 2006-м, 2010-м і іншых гадах, і пра выгнанне «сілавікамі» Лукашэнкі дэпутатаў Вярхоўнай рады, і пра знішчэнне палітычных супернікаў дыктатара ў 1990-я. З гэтым злом мы самі ў Беларусі неяк ужываліся — і не павінны на гэта забывацца, каб не патрапіць у новую пастку ў будучыні.
У фільме два галоўныя героі, якія названыя толькі па імёнах (мабыць, у якасці мастацкага прыёму) — але з адкрытымі тварамі і іншымі звесткамі ў стужцы назваць іх прозвішчы не цяжка. З аднаго боку — сузаснавальнік вядомай IT-кампаніі Міхаіл Чупрынскі (плюс яго брат Канстанцін). У 2019-м ён асабіста паказваў Лукашэнку рабатызаваны комплекс — тады гэта выглядала цалкам нармальна. А 9 жніўня 2020-га недалёка ад стэлы ў Мінску Міхаіла Чупрынскага збілі «сілавікі» і павезлі на Акрэсціна, дзе ён усё дазнаўся пра бесчалавечнасць. Такіх дакументальных аповедаў нямала (былі ўжо і ад самога Чупрынскага), таму журналісты «Трыбуны» падрабязна спыніліся на другім героі фільма.
Гэта спартсмен, які знайшоў сабе «падпрацоўку» ў лукашэнкаўскім АМАПе. Падобна, ён не зʼяўляўся ідэйным прыхільнікам дыктатуры, але пагадзіўся на працу ў «сілавых» органах дзеля сацыяльных гарантый. Складваецца ўражанне, што мужчына дагэтуль глыбока перажывае паслявыбарчыя падзеі, відавочцам і саўдзельнікам якіх стаў. Гэта выдае ў тым ліку яго жэстыкуляцыя.
45-гадовы Аляксей Гаўрычэнка — лёгкаатлет: пачынаў са стаерскіх дыстанцый у 1500 і 3000 метраў, затым перайшоў у марафонскую групу – кажа, за жыццё прабег 42 марафоны. У базе расійскага сайта пра бег ёсць вынікі Гаўрычэнкі з 1998 года: у 2000-х ён трапляў на пʼедэстал розных забегаў на 10 і больш кіламетраў унутры Беларусі. На сайце «Word Athletics» ёсць і запісы пра марафоны Гаўрычэнкі ў Польшчы і Францыі, перамогу ў 2009-м на марафоне ў славацкай Браціславе. На сайце «Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі» пратаколы ёсць толькі з 2011-га: Гаўрычэнка стаў 10-м на 10 000 метрах на ЧБ-2011. А яшчэ ўдзельнічаў у чэмпіянатах Беларусі ў памяшканнях, але ва ўзросце за 30 высока не ўзнімаўся: 12-ты радок на 3000 метраў у 2011-м, 15-ты — у 2012-м, 20-ты — у 2013-м.
А з 2007-га насупраць прозвішча ўраджэнца Рагачова пачало зʼяўляцца слова «Дынама». Проста ў пэўны момант карʼеры Гаўрычэнка паступіў на службу ў лукашэнкаўскім АМАП па Мінску. Гэтае падраздзяленне даўно мае дрэнную славу, але да 2020-га цяжка было сабе ўявіць, на што яно здольнае.
«Я хацеў працягваць бегаць. Мне патэлефанавалі і прапанавалі пайсці ў АМАП. Тады набіралі спартсменаў пад каманду на "ведамасныя" спаборніцтвы, але мы маглі яшчэ выступаць на сваіх спаборніцтвах — і рэспубліканскіх, і за мяжой. Гэтага, у прынцыпе, я і хацеў. Ну, плюс яшчэ стабільны заробак кожны месяц. На працу ["амапаўцамі"] мы выходзілі толькі ў святы — напрыклад, у навагоднія тры дні "ўзмацнення". Нейкія звышзадачы мы не выконвалі. Я да канца і не ўнікаў у гэтыя задачы», — прызнаўся Гаўрычэнка ў фільме.
У «сілавіках» у Гаўрычэнкі ўсё ішло нядрэнна. Лукашэнкаўскія медыя не раз фіксавалі поспехі прапаршчыка на «ведамасных» турнірах — па спартыўным трохборʼі (плаванне, стральба, бег) і нават па лыжных гонках. Паралельна Гаўрычэнка працягваў бегаць на доўгія дыстанцыі на звычайных спаборніцтвах. А яшчэ атрымаў стабільнасць, за якой звычайна ідуць у сістэму: сямʼя, кватэра ў крэдыт памерам каля 200 долараў у месяц, гурткі і рэпетытары для дзяцей, развіццё якіх было для бацькоў прыярытэтам. З ежай, «камуналкай» і рамонтам у жытле «амапавец» і яго жонка асаблівых фінансавых запасаў не мелі.
Раніцай 9 жніўня 2020-га Гаўрычэнка быў выкліканы ва «ўзмацненне», з якога вярнуўся толькі ў ноч на 12 жніўня. Мяркуючы па інтэрнэт-пошукавіках, у фільме «амапавец» упершыню падрабязна расказаў пра сваё бачанне тых дзён, якія на яго моцна паўплывалі. Хоць напярэдадні падзей, мяркуючы па словах Гаўрычэнкі, ён захоўваў ранейшую наіўнасць у стаўленні сваёй працы: «Думаў, што ўсё пройдзе быццам у рамках закона». Падобна, мужчына дагэтуль не можа зразумець, чаму яго калегі павялі сябе так, як павялі, і спрабуе знайсці ім хоць нейкае апраўданне. Сам ён «не бачыў аніводнага агрэсіўна настроенага [чалавека], але, можа, мяне не запускалі ў гушчу, разумееце».
Гаўрычэнка запэўнівае, што сам ён сілу не ўжываў — таму што яго не адправілі на вуліцы, а пакінулі ў аўтазаку «прыёмшчыкам». Там амапавец не бачыў, што адбываецца па-за машынай, але чуў і, зноў жа, нават не дапускаў, што яго калегі могуць ужываць гвалт першымі і да бяззбройных (хоць і да 9 жніўня 2020-га на перадвыбарчых акцыях хапала падобных сітуацый).
— Пачуў страляніну — спачатку падумаў, можа, салют нехта, петарды [запусціў]. [Потым] падумаў, што нейкая вайна [пачалася], што і з таго боку, разумееце, ідзе адпор, што людзі не збіраюцца здавацца. І ўжо калі па рацыі [пайшлі] каманды ўжываць спецсродкі, гэта значыць шумавыя гранаты і гумовыя кулі, падумаў толькі адно: няўжо так усё сумна, што давялося іх ужываць? — прызнаўся ў відэа Гаўрычэнка.
Былы «амапавец» сёння кажа, што ён з калегамі ўсю ноч загадваў, «абы не прымушалі кагосьці забіраць, кагосьці саджаць», — было лягчэй сябе апраўдваць, калі «выконваеш сваю працу, людзей не чапаючы». Таксама «сілавік» дадаў, што яго калегі адчувалі, быццам «абараняюць краіну ад ворага», і віну за гэта ўскладае на «камандзіраў».
– Служыўшы там, ты разумееш, што адказнасць нясуць яны, разумееце, начальнікі. Гэта значыць, я спадзяваўся на іх. Людзі з пагонамі такімі, якія скончылі ВНУ і мелі юрыдычную адукацыю, — я [для сябе] разумеў, што яны ўсведамляюць, якія аддаюць загады. Камандзір майго аддзялення гаварыў: «Аляксей, ты запомні, што гэтыя людзі праплачаныя. Вось мы ехалі — а аднаму затрыманаму на рахунак на тэлефон ужо паступіла некалькі тысяч долараў». Вось гэты вакуум, які стварылі для нас на працы, сфармаваў тое, што я [думаў]: «Сапраўды, яны, напэўна, ворагі, напэўна, хочуць, як нам казалі, "дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне"», — сказаў Гаўрычэнка, дадаўшы, што да гэтага часу так і не зразумеў значэння слова «дэстабілізацыя».
Расказаў Гаўрычэнка і пра тое, як быў ілжывым «сведкам» на рэжымных «судах» — даваў паказанні, нібыта парушалі «закон» людзі, якіх ён у вочы не бачыў. Калі менавіта гэта адбывалася, у відэа не гаворыцца, але ў сеціве знаходзіцца абвінавачанне Гаўрычэнкі наконт ілжэсведчання на «судзе» 19 чэрвеня 2020-га.
— Адпраўляюць, разумееце, у суд і гавораць: «Ты павінен вось гэта казаць», — па шаблоне. Я адмаўляўся, але перада мной таварыша звольнілі, які адмовіўся. І я баяўся гэтага, думаў, што, ну, схаджу, затое мяне не звольняць. Пратакол я ўжо падпісваў — калі б у судзе сказаў, што не бачыў, не ведаю [«падсуднага»], то разумеў, што мне таксама маглі б надзець кайданкі. Ты «сведка», ты сваю справу павінен выканаць і пайсці. Тры «суды» было ў адзін дзень. Аднаго чалавека з камеры проста па скайпе паказалі. Ён мне сказаў: «Будзь ты пракляты», — згадаў Гаўрычэнка.
Але, здаецца, пасля вяртання з «узмацнення» 12 жніўня Гаўрычэнка ўсё ж азнаёміўся з альтэрнатыўнымі крыніцамі інфармацыі. І дакладна даведаўся пра забойства ў ноч з 10 на 11 жніўня Аляксандра Тарайкоўскага — аднаго з бяззбройных удзельнікаў пратэстаў, у якога стрэлілі за тое, што ён «нахабна і мэтанакіравана» стаяў перад «сілавікамі» з паднятымі рукамі. «Афіцыйна» Тарайкоўскага абвінавачвалі ў спробе нешта ўзарваць, але відавочцы, а затым і відэа паказалі, што рукі мужчыны былі пустыя.
— Яшчэ жывеш тым, што зараз раскрыюць гэтую справу, можа, у яго была сапраўды граната ў руках. Не могуць так проста ўзяць і стрэліць — такой думкі я не мог дапусціць. [А мне камандзір] кажа: «Ды што ты? Не зважай. Там алкаголік нейкі, дзесяць разоў судзімы. Ён там ішоў, замахваўся (усё гэта было няпраўдай. — Заўв. рэд.). Ну, забілі па выпадковасці». То-бок гэта зʼяўлялася фактарам, што яго трэба забіць, — усвядоміў Гаўрычэнка.
«Амапавец» захацеў звольніцца, але «сілавікі» складаюць «пісьменныя» кантракты — і за расстанне Гаўрычэнка заставаўся вінаваты каля дзвюх тысяч долараў, а яго жыццё, нагадаем, было збудавана так, што грошай у прынцыпе не заставалася. Адгаворвала ад сыходу і жонка, нагадваючы пра матэрыяльны бок пытання.
-- Я гаварыла: «Ну, Лёш, ну, трэба пацярпець. Блін, ну, гэта праца. Усіх на працы даймаюць. Ёсць моманты, калі за справу, калі без справы. Але ты пацярпі. Што мы будзем рабіць? Я не так шмат атрымліваю. І ў нас сурʼёзныя пытанні з фінансамі: крэдыты, дзіцячыя гурткі. Проста ад усяго адмовіцца? Дзеці жадаюць гэтым займацца, ім гэта падабаецца. І ты разумееш, што гэта патрэбна. Без гэтага нікуды». Таму я яму казала: «Як?» А ён кажа: «Як-небудзь», — расказала жонка Гаўрычэнкі.
У выніку «амапавец» усё ж не змог пераступіць праз сумленне. Жонка ўбачыла, што «чалавек чарнее ад перажыванняў», і пагадзілася падтрымаць мужа. Дзве тысячы долараў Гаўрычэнка знайшоў у сваякоў — нават не ў доўг, а проста так. 15 жніўня «амапавец» напісаў рапарт на звальненне, а ў сацсетках зʼявілася відэа, у якім Гаўрычэнка тлумачыць, што яго «жыццёвая і духоўная пазіцыя супярэчыць сітуацыі», ад сыходу «супрацоўнікаў» вельмі стрымліваюць вялікія выплаты пры разрыве кантракту», але «гонар і сумленне вышэй за ўсё».
У канцы відэа Гаўрычэнка прынёс «прабачэнні ўсяму беларускаму народу» — цяпер кажа, што «кожны дзень на сабе перажываў адказнасць: кожны пацярпелы, кожны, каго паранілі, каго ўдарылі, нават смерці — гэта і мая адказнасць, гэта ўсё і на маіх плячах таксама».