Спартыўныя функцыянеры ідуць у «дэпутаты». А хто ў канкурэнтах?
«Tribuna» паглядзела, хто на якіх участках спрабуе ўрваць чарговы кавалак дзяржаўнага бюджэту.

Рэжым актыўна рыхтуецца да выбараў. Ілюстрацыйнае фота: «НЧ»
25 лютага ў Беларусі правядуць «выбары ў дэпутаты» розных узроўняў. Потым з іх ліку будзе шмат у чым сфарміраваны склад «УНС» — «органа» на 1200 чалавек, які, паводле новай «Канстытуцыі» Лукашэнкі, будзе ледзь не важнейшы за «прэзідэнта». Ёсць меркаванні, што Лукашэнка ці то сам хоча ўзначаліць новы «орган», ці то праз яго замацаваць у рэжымных вярхах сына Мікалая (аніякіх узроставых абмежаванняў на «сяброўства» і «кіраўніцтва» ва «УНС» не прапісана).
Дакладна стануць «дэлегатамі» УНС тыя, каго на так званых выбарах прызначаць у парламент Лукашэнка і ў яго Савет дэпутатаў па Мінску. У першым выпадку кандыдатаў ад спорту амаль няма: збіраецца стаць членам парламента з вядомых імёнаў толькі заўзятая рэжымніца Анастасія Мірончык-Іванова. А вось на мінскім узроўні (дзе «дэпутатамі» становяцца па сумяшчальніцтве, без адрыву ад асноўнай працы) прадстаўнікі рэжымнага спорту ёсць, але выглядаюць яны хутчэй спарынг-партнёрамі для куды больш заўважных «герояў» сістэмы.
Вось у выбарчай акрузе ў Курасоўшчыне кандыдаткай выставілі Таццяну Жылко —дырэктарку падначаленага выканкаму Лукашэнкі па Мінску ЦАР па лыжных відах (там займаюцца і біятлонам, і сноўбордам).
Глядзіце таксама

Але «супраць» яе — адразу двое персанажаў са значна большай рэжымнай вядомасцю. Вадзім Баравік наогул быў даверанай асобай Лукашэнкі на выбарах-2020 і праз агітацыю, дзе не абыходзілася без фэйкаў, патрабаваў сароміць еўрапейцаў за тое, што яны, маўляў, дрэнна ваявалі ў Другой сусветнай вайне. У апошнія гады Баравік — пастаянны госць дзяржТБ, яго пазіцыянуюць як «палітолага», хоць у інфармацыі ЦВК ён значыцца ўсяго толькі як дырэктар бюро перакладаў.
Рэжымная «гаворачая галава», відавочна, апраўдвала гвалт сілавікоў: яны, так бы мовіць, «наводзілі парадак на вуліцах», і наогул «сёння пашкадуеш дэманстрантаў — заўтра яны захопяць заводы». Пазней ён таксама спрабаваў адмаўляць статус суагрэсара для рэжыму ў вайне, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Самае эпічнае выказванне — мабыць, за вельмі своеасаблівую адукацыйную рэформу: прыйшоўшы да прапагандыста Рыгора Азаронка, Баравік прапанаваў «дадаваць некалькі балаў» на выпрабаваннях для паступлення ў ВНУ дзяўчатам, якія заканчваюць школы нявінніцамі.
Тут Баравіку мог бы дапамагчы яго «канкурэнт» па «выбарах» Мікалай Валовіч, які з'яўляецца супрацоўнікам інфармацыйна-аналітычнага цэнтра рэжымнага Мінадукацыі. Яшчэ ў 2010-х гэты прыхільнік Іосіфа Сталіна апраўдваў учыненыя пры ім масавыя расстрэлы, называючы іх «складаным шляхам рашэння дзяржзадач», і сцвярджаў, што «маштабы рэпрэсій у савецкія часы занадта перабольшаныя».
У канцы жніўня 2020-га Валовіч, што апантана падтрымліваў Лукашэнку, заявіў, што яму разбіў твар незнаёмы, якому «камуніст» прызнаўся, што не бачыць «празмернай жорсткасці» ў рэжымных сілавікоў. У сваіх калонках для дзяржСМІ Валовіч па гэты дзень разнастайна ўсхваляе асабіста Лукашэнку і прадстаўнікоў яго рэжыму і распаўсюджвае фэйкі пра Украіну і прыгнёт рускамоўных. Ачарняе «камуніст» у прынцыпе ўсё, што хоць неяк звязана з яго ідэалагічнымі праціўнікамі, якіх ён называе «змагарамі» — у матэрыялах Валовіча ў лукашысцкай прэсе знаходзіцца набор ад асабістых абраз да прэтэнзій за «не такое» выкарыстанне беларускай мовы.
Ёсць і іншы цікавы выбарчы ўчастак — у раёне Мінскага аўтазавода. Там адным з кандыдатаў стала таксама «камуністка» Наталля Новік — дырэктарка Цэнтра фізкультурна-аздараўленчай работы пры рэжымным выканкаме па Заводскім раёне Мінска. У цэнтры ёсць як спартыўныя секцыі па футболе, адзінаборствах і плаванні, так і проста аздараўленчыя заняткі для пенсіянераў.
Глядзіце таксама

У Новік адзін супернік — прапагандыст СТБ Яўген Пуставы. Раскрыўся ён якраз у 2020-м — да таго быў «селькагаспадарчым» рэпарцёрам, а потым стаў «палітычным аглядальнікам». Набор прыёмаў стандартны: расхвальванне Лукашэнкі, ачарненне дэмакратычных сіл, тузаныя рухі і эпатажныя дзеянні ў кадры.
Вядома, таксама Пуставы выступаў і за вайну ва Украіне — і нават напрыканцы 2023-га паўтараў смешныя заявы, што нібыта Расія яшчэ не пачала ваенныя дзеянні «поўнамаштабна, інакш былі б руіны». Таксама Пуставога ўказам Лукашэнкі разам з рэжымнікамі ад хакея Дзмітрыем Баскавым і Аляксандрам Багдановічам уключылі ў склад «камісіі па вяртанні ў Беларусь», якой у выніку перадалі і разгляд «чорнага спісу» белфутбола ад «Мінспорту».
«Яўгену шмат разоў на дзень тэлефанавала мама. За час мантажу яна магла патэлефанаваць тры разы, а Яўген перад ёй адчытваўся: "Так, мама! Так, я ў шапцы! Так, я не забыўся ўзяць ссабойку. Так, я паеў”», — нядаўна згадала пра Пуставога былая супрацоўніца СТБ Таццяна Бародкіна ў інтэрв'ю «Нашай Ніве».
Ну а ў раёне Малінаўкі дырэктар фізкультурна-спартыўнага цэнтра для дзяцей і моладзі пры выканкаме Лукашэнкі па Маскоўскім раёне Мінска Андрэй Краснашчокаў выстаўлены на «выбары» супраць куды больш вядомага калегі па рэжымнай партыі «Белая Русь». Рэктар БДУ Андрэй Кароль у дні найбольшай пратэснай актыўнасці 2020-га паспрабаваў дыстанцыявацца ад рэпрэсій, а калі вырашыў, што пасада даражэйшая, зваліў карныя ініцыятывы на подпісы сваім намеснікам. Зрэшты, усё роўна шматлікія рэпрэсіі, у тым ліку звальненні супрацоўнікаў, адлічэнні студэнтаў і «пакаяльныя відэа», праходзілі ў БДУ пры Каралі — а ў сярэдзіне 2023-га Лукашэнка даў рэктару зразумець, што незадаволены яго малой «ідэалагічнай» актыўнасцю. Так, у лістападзе Кароль паказальна ўступіў у «Белую Русь».
Што тычыцца іншых кандыдатаў ад рэжымнага белспорту, самае вядомае імя — дырэктара стадыёна «Дынама» Аляксандра Бут-Гусаіма. Член выканкама НАК Лукашэнкі і падпісант за рэжым «супернічае» на «выбарах» у цэнтры Мінска з членам рэжымнай партыі «Белая Русь» Аляксандрам Шастаковым. Экс-супрацоўнік выканкама Лукашэнкі па Мінску на пачатку 2021-га быў пастаўлены кіраваць тым, што пасля рэпрэсій засталося ад Купалаўскага тэатра, дзе з былога беларускага рэпертуару цяпер няма амаль нічога. Сам Шастакоў нядаўна заявіў, што ў тэатры трэба ставіць «спектаклі, напоўненыя гонарам за сваю Радзіму».
Глядзіце таксама

На адным участку ад рэжымнага спорту адразу два «кандыдаты»: гэта калега Бут-Гусаіма па выканкаме режымнага НАК, кіраўнік РНПЦ спорту і член «Белай Русі» Ірына Малёваная ды «камуніст», намеснік дырэктара «Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў» Уладзімір Антончык. На суседнім участку выставіўся дырэктар мінскага футбольнага манежа Аляксандр Ігнацьеў, у якога цэлыя трое канкурэнтаў (рэдкасць для цяперашніх «выбараў»).
Яшчэ ў адным выпадку дырэктарка фізкультурна-спартыўнага цэнтра для дзяцей і моладзі пры выканкаме па Савецкім раёне Мінска, член «Белай Русі» Вольга Вінакурава супрацьстаіць «камуністу», экс-члену рэжымнага парламента, а цяпер саветніку ў сакратарыяце ПВТ Міхаілу Мілаванаву. Ну а аналаг Вінакуравай з Фрунзенскага раёна, сябра дэкаратыўнай прарэжымнай «Партыі працы і справядлівасці» Вікторыя Грынкевіч у Сухараве выстаўлена супраць начальніка ўпраўлення МАПІД, сябра «Белай Русі» Генадзя Бокуна.