Практыкаванне ў лаяльнасці. У «дэпутатах» нязгодных не будзе
Загадкавая прырода «вечнай» улады ў тым, што яна вельмі любіць выконваць свае паганскія рытуалы. Гэта трэба і самой уладзе, і яе вертыкалі, і яе паслугачам. Як у палонку акунуцца — трэба раз у чатыры гады «ачысціцца» перад народам, пакаяцца за нявыкананыя абяцанні і наабяцаць новых, свежых, яркіх.
![vybory_daty.jpg vybory_daty.jpg](/img/v1/images/vybory_daty.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У лютым у Беларусі пройдзе Адзіны дзень галасавання. Будуць абраныя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і дэпутаты мясцовых Саветаў. Сюрпрызаў сярод кандыдатаў, вядома, не будзе. Невялікія дзіркі, якія ўтварыліся на месцах дзяржкіраўнікоў з заводаў (пачкамі з'язджаючых ў СІЗА за карупцыю) і школ (пасля 2020 года давяраць можна не ўсім дырэктарам і завучам), зоймуць, напрыклад, прапагандысты, піша Ніна Парыс у Plan B.
Фіктыўная галіна ўлады
Парламент у Беларусі ўжо даўно з'яўляецца не заканадаўчай, як належыць па Канстытуцыі, а фіктыўнай галіной улады. Адзіная яго функцыя — згаджацца з усімі прапановамі Лукашэнкі і адыёзных міністраў, асабліва сілавікоў, і галасаваць «за».
Апошні раз улада дапусціла ў парламент дэпутатаў ад дэмакратычных сіл у 2016 годзе. Тады, на здзіўленне ўсіх, упершыню за 10 гадоў дэпутатамі сталі адна з кіраўніц «Таварыства беларускай мовы» Алена Анісім і сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая.
Анісім і Канапацкая вялі дастаткова актыўную працу, галасавалі супраць спрэчных законапраектаў, былі адкрытыя для незалежных СМІ. Канапацкая нават апранала чырвоную сукенку на сустрэчу з Лукашэнкам у парламенце, задавала яму пытанні. Але асаблівых непрыемнасцяў улады два апазіцыйныя дэпутаты са 110 не даставілі.
У бягучай кампаніі ўлада вырашыла і зусім не дастаўляць сабе нязручнасцяў і лішні раз нават не падымаць галаву на тых, хто ад імя дэмакратычных сіл паспрабуе заняць месца ў парламенце або мясцовым Савеце дэпутатаў.
Глядзіце таксама
![Хто ад беларускага спорту ідзе ў дэпутаты? Спартыўныя функцыянеры ідуць у «дэпутаты». А хто ў канкурэнтах?](/img/v1/images/_belarus_aficiez_scjahi_horad_2023_fota_novy_czas_logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Чысткі прайшлі, можна і павыбірацца
Да чарговага электаральнага цыклу рэжым падышоў, старанна выправіўшы памылкі мінулых гадоў. Летась улада пазбавіла рэгістрацыі ўсе апазіцыйныя партыі, каб ніхто нават не падумаў глядзець у бок дэпутацкага мандата. Вядома, можна рызыкнуць і зарэгістравацца беспартыйным кандыдатам, але наўрад ці гэта ўвянчаецца поспехам. Нават нясмелая спроба кіраўніка ліквідаванай партыі «Зялёныя» скончылася правалам — яго ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі.
Калі паглядзець на спіс кандыдатаў на мандат у Мінскім гарадскім савеце дэпутатаў або ў Палаце прадстаўнікоў, то большасць там — гэта прадстаўнікі праўладнай партыі «Белая Русь». Трохі камуністаў, трохі прадстаўнікоў Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, чыёй актыўнасці і дзеячаў ніхто ніколі не бачыў, і якая «выходзіць з сумраку» толькі ў перыяд выбараў.
З пастаяннай «тусоўкі» ў дэпутаты зноў ідуць гісторык Ігар Марзалюк, кіраўнік партыі ЛДПБ Алег Гайдукевіч і скандальны кіраўнік Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў. Дарэчы, напярэдадні журналісты медыя «Бюро» выпусцілі расследаванне пра тое, як кіраўніцтва Крыжа шыкуе на грошы беларусаў і міжнародныя гранты. Так і пойдуць у парламент двое адыёзных мужчын: адзін – са шлейфам дыкпіка і непатрэбных нікому апраўданняў за яго, другі — з грузам «жуліка і злодзея».
З новенькіх, заўзятых прыхільнікаў рэжыму дэпутатам хоча стаць дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін.
Дарэчы, у спісах дэпутатаў больш няма «Міс Беларусь» Марыі Васілевіч, былога дыпламата Валерыя Варанецкага і нават спікера палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі, які займаў гэтую пасаду 15 гадоў.
Глядзіце таксама
![З каго будзе складацца беларускі парламент? І жук, і жаба. Хто збіраецца заняць дэпутацкае крэсла пасля выбараў?](/img/v1/images/1_617_logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Прапагандысты хочуць пісаць законы
На крэслы ў Мінскім гарадскім савеце дэпутатаў прэтэндуюць прапагандысты, якія распальваюць у тэлевізары нянавісць да беларусаў, што з'ехалі і селі ў турмы. За мандатам пойдзе, напрыклад, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант. У 2020 годзе Эйсмант выступіў з крытыкай мірных пратэстоўцаў і адмовіўся асвятляць пратэсты, звольніўшы страйкуючых супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі.
Пасля гэтага Эйсмант трапіў пад міжнародныя санкцыі: яго ўнеслі ў «чорны спіс» Еўрасаюза за парушэнні правоў чалавека, а таксама забаранілі ўезд у ЕС і ў шэраг іншых краін. А вось ад Лукашэнкі Іван Эйсмант атрымаў падзяку ў 2022 годзе «за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у дзяржаўнае будаўніцтва».
У гарадскія дэпутаты хоча трапіць таксама кіраўнік дзяржагенцтва «Мінск-Навіны» і праўладнага Саюза журналістаў Андрэй Крывашэеў, адыёзны тэлевядучы СТВ Яўген Пуставой, камуніст і аўтар калонак у «Мінскай праўдзе» Мікалай Валовіч.
Глядзіце таксама
![Ці здолее Пуцін пасунуць Лукашэнку з пасады кіраўніка Беларусі Аляксандр Класкоўскі: Хоць і трубяць аб пагалоўнай падтрымцы, але баяцца свайго народа](/img/v1/images/lukashenko_moskva_1128_president.gov_.by_20230509.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Выбары для галачкі
Загадкавая прырода «вечнай» улады ў тым, што яна вельмі любіць выконваць свае паганскія рытуалы. Гэта трэба і самой уладзе, і яе вертыкалі, і яе паслугачам. Як у палонку акунуцца — трэба раз у чатыры гады «ачысціцца» перад народам, пакаяцца за не выкананыя абяцанні і наабяцаць новых, свежых, яркіх.
Запалоханаму, рассаджанаму па турмах і эміграцыях народу, у прынцыпе, усё роўна, хто будзе сядзець у Авальнай зале Дома ўрада. Пакуль у краіне няма закона, правоў чалавека ўсё гэта не мае ніякага значэння.
Таму гэтыя «трэніроўкі на коціках» для ўлады — проста тэхнічнае практыкаванне, для яе паслядоўнікаў — практыкаванне ў лаяльнасці.