«Гэта генацыд!» Як кіраўнік БТ Эйсмант хлусіць, што Захад не прадае Беларусі лекі

Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант абвінаваціў заходнія краіны ў генацыдзе беларусаў. Абгрунтаваў ён гэта тым, што праз санкцыі яны перасталі прадаваць Беларусі фармпрадукцыю.

Тут і далей выява «Еўрарадыё»

Тут і далей выява «Еўрарадыё»

— Слухайце, нам санкцыі ўвялі, медыцынскія прэпараты і медыцынскае абсталяванне купіць не можам. Людзі паміраюць. Гэта генацыд з іх боку. Яны ўбачылі, што праз Арменію, праз Грузію, праз Узбекістан пайшоў імпарт тавараў — закрываюць там. Памрыце тут [у Беларусі], памрыце! Не будзе тут медыцынскіх прэпаратаў! Не будуць жанчыны бяспечна нараджаць! Гэта генацыд! Калі ў цябе ёсць праблемы з уладай, разбірайся з уладай! Народ тут пры чым? — абураецца муж Наталлі Эйсмант у перадачы «Клуб рэдактараў». Іншыя госці праграмы актыўна падтакваюць Эйсманту.

Аднак да кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі ёсць пытанні. Па-першае, чаму беларусы павінны паміраць, калі чыноўнікі рэгулярна рапартуюць пра поспехі імпартазамяшчэння? Па-другое, чаму Эйсмант хлусіць гледачам беларускага тэлебачання? «Еўрарадыё» распавядае, чаму словы Эйсманта — чарговы фэйк.

Пастаўкі растуць з 2016 года

Паводле звестак Еўрастата, Беларусь штогод павялічвае выдаткі на еўрапейскую фармпрадукцыю.


farmprodukcija_2x.png.webp

Рост назіраецца і пасля пратэстаў у 2020 годзе, і пасля пасадкі самалёта «Ryanair», і пасля пачатку міграцыйнага крызісу, і нават пасля пачатку вайны ва Украіне. Тая ж тэндэнцыя працягваецца ў 2023 годзе. Калі ў 2022 годзе Беларусь выдаткавала на фармпрадукцыю з Еўропы 461,3 млн еўра, то за першае паўгоддзе 2023 года — 231,7 млн еўра. Гэта значыць крыху больш, чым палову сумы 2022 года.

Пастаўкі таксама растуць, калі вымяраць іх у тонах.


farmprodukcija_v_kh.png.webp

Не лічачы 2020 года, калі лекаў трэба было больш праз эпідэмію каранавіруса, Беларусь з 2016 года штогод закупляе 4,4-5,3 тысяч тон еўрапейскіх прэпаратаў. За першае паўгоддзе 2023 года ўжо набыта 2,1 тысячы тон.

Гэта зусім не падобна на «не можам купіць» і «генацыд», пра які кажа Эйсмант. Абвяргае словы Эйсманта і афіцыйная пазіцыя Міністэрства аховы здароўя. У чэрвені 2022 года міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч расказаў, што разрыў лагістычных ланцужкоў праз санкцыі «не з'яўляецца бясследным», але перабояў з пастаўкамі імпартных лекаў няма.

Але беларусы заўважаюць, што некаторых жыццёва важных замежных прэпаратаў альбо няма, альбо знайсці іх складана. Частка замежных кампаній сапраўды адмовіліся ад супрацоўніцтва з Беларуссю. Напрыклад, фінская «Orion» параіла анкахворым беларусам перагледзець лячэнне з іх дактарамі, паколькі кампанія сышла з рынку.

Калі Беларусь працягвае купляць лекі за мяжой, у тым ліку і ў Еўропе, то чаму Міністэрства аховы здароўя не можа знайсці іншых пастаўшчыкоў?

Акрамя таго, на дэфіцыт прэпаратаў ад анказахворванняў наўпрост паўплывала вайна ва Украіне. Паводле звестак Белстата, у 2021 годзе Украіна стала пятым па велічыні пастаўшчыком лекаў у Беларусь. Аднак гэта не перашкодзіла Аляксандру Лукашэнку стаць саўдзельнікам расійскай агрэсіі супраць Украіны. Цяпер ні пра якія закупкі там не ідзе і гаворкі.

Увесну супольнасць «Белыя халаты» паведамляла: у РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім. М.М. Аляксандрава былі перабоі з наяўнасцю некаторых лекаў. Сярод іх быў тамаксіфен. Паводле даных рэестра лекавых сродкаў, у Беларусі зарэгістраваны тамаксіфен вытворчасці Германіі і Украіны.

Тым часам беларускія чыноўнікі самі могуць ствараць праблемы з лекамі. Напрыклад, у выпадку з прэпаратамі для хворых на гепатыт С. Як высветлілася, Міністэрства аховы здароўя закупляе не столькі лекаў, колькі трэба людзям, а столькі, колькі напісана ў планах.