Прапановы дэпутаткі Анісім аб беларусізацыі заканадаўства заблакавалі яе ж калегі

Гэта адбылося 18 красавіка на пленарным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў. Апошнім пытаннем парадку дня былі дапаўненні і змяненні ў рэгламэнт працы палаты, паведамляе Радыё Свабода.

6796ec08_bd03_447d_8ae3_863ca3787526_w1023_r1_s.jpg


Алена Анісім прапанавала змяніць артыкул № 119 рэгламэнту і запісаць, што законы Палата прадстаўнікоў прымае на беларускай і рускай мовах, а не на беларускай і (альбо) рускай мовах, як гэта прапісана цяпер.
Старшыня камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Леанід Цупрык сказаў дэпутатам, што, на думку камісіі, ініцыятыва Алены Анісім супярэчыць адразу двум законам: «Аб Нацыянальным сходзе» і «Аб мовах». Бо ў абодвух гэтых нарматыўных актах прапісана аб прыняцці законаў на беларускай і (альбо) рускай мовах. Таму, сказаў Цупрык, камісія не мае падставаў станоўча паставіцца да прапановы дэпутаткі.
Разам з тым, падкрэсліў старшыня камісіі, Алена Анісім, як і кожны дэпутат Палаты прадстаўнікоў, мае права заканадаўчай ініцыятывы. А гэта азначае, што яна можа вынесці на разгляд калегаў свае змены да двух згаданых раней законаў.

Анісім: «Я не спынюся»

Адразу пасля паседжання спадарыня Анісім пракаментавала сітуацыю.
«Мяне гэтым не спыніць. Я хацела вырашыць задачу найпрасцейшым спосабам. Нічога, буду рыхтаваць змены да двух законаў. Гэта, зразумела, зойме дадатковы час, але што зробіш. Ад сваёй мэты не адступлюся. І не ўсё так страшна», — сказала яна.
Дэпутатка таксама сказала, што адначасова будзе прасоўваць прыняццё законаў на дзвюх дзяржаўных мовах пры другім чытанні. На круглым стале ў Палаце прадстаўнікоў, паводле яе, усе юрысты казалі, што юрыдычных перашкодаў для гэтага няма.
«У мяне складаецца ўражанне, што прынцыповых праціўнікаў прыняцця законаў на дзвюх мовах няшмат. Галоўны іхны аргумент — неабходнасць дадатковага фінансавання. І вось тут трэба добра падумаць, як мінімізаваць выдаткі», — сказала дэпутатка.

«Паколькі законаў на беларускай мове няма, пераклады іх не маюць юрыдычнай сілы»

На думку Алены Анісім, адсутнасць усіх законаў на беларускай мове — прамое парушэнне Канстытуцыі, якое не дае грамадзянам абараніць свае правы ў судовым парадку. Бо пакуль законаў на беларускай мове няма, пераклады іх не маюць юрыдычнай сілы.
«Людзі зьвяртаюцца з тым, што іхнія правы парушаюцца, асабліва ў судах, і спасылаюцца на адсутнасць заканадаўства на беларускай мове. А мы як заканадаўцы, атрымліваецца, самі перашкаджаем іх канстытуцыйнаму праву і абвешчанай роўнасці моваў», — кажа Алена Анісім.