Ігар Шуневіч: МУС паслабленне адказнасці за наркотыкі не вітае
МУС не вітае паслабленне адказнасці па «наркатычных» артыкулах, у тым ліку для спажыўцоў наркотыкаў, заявіў кіраўнік ведамства Ігар Шуневіч.
— Паслабленне адказнасці мы не вітаем, таму што спажывец сам па сабе — гэта рынак, стварэнне наркарынку ў краіне. Не займацца унутраным спажываннем, а проста змагацца з каналамі — гэта занадта аднабока, плёну не дасць. Трэба разнавектарныя намаганні прыкладваць — і са спажыўцамі, і з наркадылерамі, і з кур’ерамі змагацца, — сказаў Ігар Шуневіч.
Нагадаем, сваякі асуджаных па 328 артыкуле КК дамагаюцца паслабленняў «наркатычных артыкулаў», у тым ліку для спажыўцоў наркотыкаў. Таксама, па дадзеных Генпракуратуры, зараз разглядаецца пытанне аб тым, каб дыферэнцыяваць пакаранне за памер наркатычных рэчываў.
— Калі заканадавец палічыць гэта правільным, чаму не? Але яшчэ раз падкрэсліваю: мы не думаем, што гэта панацэя, што яна прынясе жаданы вынік. Статыстыка — рэч упартая, кожны наркаман за час сваёй «прафесійнай дзейнасці» ад 8 да 10 далучае да спажывання, — расказаў міністр.
— Ці магчыма зніжэнне тэрмінаў для падлеткаў? — спыталі журналісты.
— Калі заканадаўцы палічаць, што для нейкай катэгорыі грамадзян гэта магчыма, я ў гэтым асабліва вялікай бяды не бачу. Але МУС не перастане працаваць са спажыўцом, мы будзем выяўляць тых, хто спажывае наркотыкі, незалежна ад вагі, колькасці, кратнасці і г.д. Мы ініцыятарамі такога паслаблення выступаць не будзем.
Паводле news.tut.by