Ігар Мельнікаў — у “Зоне загароды”

23 сакавіка ў 18.20 на канале АНТ выйдзе чарговы фільм з цыкла “Зваротны адлік”. На гэты раз у цэнтры сюжэту гісторыя сумна вядомай “Зоны загароды” — былой савецка-польскай мяжы, якая працягвала дзейнічаць і пасля падзей верасня 1939 года. Аўтар сцэнару гэтага фільма — журналіст "Новага часу", кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў.



img_8367_logo.jpg

Кадр з фільма

Як вядома, 2 лістапада 1939 года ў Маскве пачала працу Пазачарговая сесія Вярхоўнага Савета СССР. Дэпутаты абмяркоўвалі просьбу Народнага сходу Заходняй Беларусі “Аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Савецкага Саюза і Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі”. Гэтую просьбу задаволілі. Тады, у лістападзе 1939 года, беларусам і на ўсходзе, і на захадзе здавалася, што іх краіна, нарэшце, стала адзінай, а беларускі народ больш не будуць падзяляць мяжы. На жаль, гэта было не так.

Але мяжа працягвала існаваць. Памежнікі ахоўвалі старую мяжу. Тычылася гэта і ўчастка па лініі Радашковічы — Заслаўе — Негарэлае — Чырвоная Слабада, агульнай працягласцю 260 кіламетраў.

Выпадак беспрэцэдэнтны. Дзяржаўная мяжа з заставамі, памежнымі вышкамі і пастамі ... І ўсё гэта ўнутры адной краіны!

Фактычна мяжа праіснавала да нападу Германіі на Савецкі Саюз у чэрвені 1941-га. І нават той, хто меў сваякоў на тэрыторыі Заходняй Беларусі, мог трапіць да з БССР іх толькі па спецыяльным пропуску, які выдавала міліцыя. Праход праз мяжу ажыццяўляўся праз кантрольна-прапускныя пункты.

Навошта трэба было захоўваць ганебную “рыжскую мяжу”? Чым кіраваліся ў крамлёўскіх кабінетах, калі прымалі рашэнне ахоўваць Беларусь ад Беларусі? Можа быць, аб старой мяжы проста забыліся? Адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні гледачы пачуюць, паглядзеўшы фільм “Зона загароды. Ля небяспечнай рысы”. Гэта — вынік працы ў шматлікіх айчынных і замежных архівах. Таксама быў праведзены збор успамінаў шматлікіх сведак той эпохі.

Рэжысёр фільма “Зона загароды. Ля небяспечнай рысы” Уладзімір Луцкі.