Ініцыятыва «Студэнты супраць» рыхтуе скаргу ў пракуратуру

Пасля няўдалай спробы скасаваць увядзенне платных пераздачаў у БДУ ініцыятыва «Студэнты супраць» рыхтуе скаргу ў пракуратуру, бо 2.5 тысячы сабраных подпісаў так і не далі нагоды для шырокай дыскусіі з рэктарам і адміністрацыяй установы.



244_image17123354_.jpg

Фота ria.ru

Мы збіраемся пісаць скаргу, дзе будзем спасылацца на законы Балонскага працэсу, — гаворыць студэнт Глеб Вайкуль— Усе ВНУ краіны абавязаліся выконваць дарожную мапу, а тут ствараецца заканадаўчы акт, які супярэчыць падпісаным Балонскім пагадненням. Калі пракуратура аргументуе дзеянні рэктара БДУ законнасцю, мы гэты адказ пракуратуры дашлем непасрэдна ў грамадскі балонскі камітэт.

Беларусь ад 2015 года стала часткай Балонскага працэсу. Агульнаеўрапейская прастора адукацыі прадугледжвае шырокае студэнцкае самакіраванне. У 2018 годзе Беларусь будзе даваць справаздачу за прывядзенне навучальнага заканадаўства ў адпаведнасць з  Еўрапейскім правам.

Еўрапейская прастора адукацыі прадугледжвае шырокае студэнцкае самакіраванне ўнутры навучальных установаў.

Пасля «Студэнцкага Марша», які адбыўся 2 снежня, унутры БДУ паўстала ініцыятыўная група па стварэнні новага студэнцкага прафсаюза.

Сакратар «Студэнцкай Рады» Алесь Крот адзначыў:

— Лагічна, што ў выпадку, калі дзейныя сёння структуры існуюць абсалютна фармальна, трэба ствараць новую структуру. Гэта фактычна будзе прэцэдэнт: зарэгіструюць яны ці не. Калі зарэгіструюць, значыць далейшы канструктыўны дыялог магчымы. Калі не зарэгіструюць, дык выбачайце, тады, ў 2018 годзе, трэба пазбаўляць Беларусь права існавання ў сістэме еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі.

Галоўным рухавіком кампаніі з’яўляецца суполка “Студэнты супраць”. Менавіта яна была ініцыятарам студэнцкага маршу, а таксама сабрала 2,5 тысячы подпісаў за скасаванне платных пераздачаў у БДУ.

Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя