Студэнцкія арганізацыі Беларусі бароняць Глеба Вайкуля
Кампанія па маніторынгу ціску на студэнтаў “Student Watch” распаўсюдзіла заяву ў падтрымку студэнта філалагічнага факультэта БДУ Глеба Вайкуля, які ўдзельнічаў у правядзенні Марша студэнтаў 2 снежня.
Глеб Вайкуль. Фота Радыё Свабода
“3 снежня адміністрацыя філалагічнага факультэта БДУ выклікала на камісію студэнта філалагічнага факультэта БДУ Глеба Вайкуля, які ўдзельнічаў у правядзенні Марша студэнтаў, што прайшоў у Мінску 02.12.2015 г. Афіцыйная прычына выкліка Глеба — наяўнасць пропускаў, аднак мы разглядаем гэта як ціск на студэнта з за ягонага ўдзелу ў акцыі пратэсту.
Мы, незалежныя студэнцкія арганізацыі, лічым элементам ціску дысцыплінарныя спагнанні любога характару “дэ-юрэ” за пропускі заняткаў, але “дэ-факта” за выказванне студэнтамі ўласнага меркавання і грамадскую актыўнасць ў межах універсітэта. Такія дзеянні з’яўляюцца прамым парушэннем асноўных прынцыпаў Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі і абмежаваннем акадэмічных свабод. У межах заяўленага раней маніторынгу мы будзем збіраць, аналізаваць і публікаваць інфармацыю пра ўсе факты ціску на студэнтаў у сувязі з іх грамадзянскай актыўнасцю, удзелам у руху “СтудэнтыСупраць” і іншых парушэннях акадэмічных свабод.
Мы вітаем дзеянні адміністрацыі філалагічнага факультэта БДУ, сябраў камісіі і ўсю адміністрацыю БДУ, якія ўстрымаліся ад жорсткага дысцыплінарнага пакарання ў дачыненні да студэнта БДУ Глеба Вайкуля. Мы шчыра спадзяемся, што адміністрацыя БДУ, іншых ВНУ г. Мінска і Беларусі, а таксама Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь праявяць прыхільнасць акадэмічным свабодам і устрымаюцца ад любых дысцыплінарных пакаранняў студэнтаў актывістаў”.
Заяву распаўсюдзіла “Кампанія па маніторынгу ціску на студэнтаў “Student Watch”, у якую ўваходзяць "Цэнтр развіцця студэнцкіх ініцыятыў" (Установа "ГЕДЭУС"), "Братэрства арганізатараў студэнцкага самакіравання" (Установа "Студэнцкая фабрыка думкі"), Моладзевая прафсаюзная група "Студэнцкая Рада", "Задзiночанне беларускіх студэнтаў".