Іосіф Шагал — пасол Краснай Гарбаткі?

Два тыдні таму расійскі журналіст Мумін Шакіраў прывозіў у Мінск свой дакументальны фільм «Халакост: клей для шпалер?». Гісторыя простая: сёстры Каратыгіны, студэнткі аднаго з маскоўскіх інстытутаў, удзельнічалі ў тэлевіктарыне на канале «Муз-ТБ». Пасля пытання вядучай, што такое Халакост, дзяўчынкі раіліся, высоўвалі гіпотэзы і версіі, а затым адказалі: «Халакост — гэта хутчэй за ўсё клей для шпалер».



iosif_szahal.jpg

Відэаролік, натуральна, трапіў на YouTube і сабраў вялізную аўдыторыю, сёстры атрымалі сваю хвіліну сумнеўнай славы і тысячы прыніжальных каментароў, а Мумін Шакіраў, які вёў тады праграму на радыё «Свабода», запрасіў дзяўчынак у студыю, каб зразумець, як гэты «клей для шпалер» апынуўся ў іх галовах. Сёстры Ксенія і Яўгенія растлумачылі схему сваіх лагічных пабудоваў: слова «халакост» было для іх незнаёмым, і Каратыгіны пачалі шукаць адказ на пытанне асацыятыўна. Дык вось, «халакост» выклікаў у іх асацыяцыю з дыхлафосам — ці яшчэ з чым-небудзь з вобласці бытавой хіміі. Так і з'явіўся клей для шпалер.

Мумін не стаў выкрываць сям'ю і школу ў пасёлку Красная Гарбатка Селіванаўскага раёна Уладзімірскай вобласці, з якога сёстры прыехалі ў Маскву, а проста пасадзіў Ксенію і Яўгенію ў цягнік і павёз іх на экскурсію ў Асвенцым.


Так з'явіўся яго фільм. Камера ішла следам за сёстрамі Каратыгінымі ўсю паездку. І глядач бачыў, як змяняюцца іх вочы, як на тварах праступаюць разуменне і горыч і адлюстроўваецца жах таго, пра што яны ніколі раней не чулі. У Асвенцыме яны нарэшце робяцца дарослымі. І плачуць наўзрыд, прыціснуўшыся да сцяны барака. А мама Каратыгіных тым часам абыходзіць суседзяў з пытаннем пра Халакост, і высвятляецца, што ў іх у Краснай Гарбатцы ніхто такога слова не ведае.

Дык вось, калі я паглядзела інтэрв'ю пасла Ізраіля ў Беларусі Іосіфа Шагала, у якім ён назваў беларускіх палітвязняў крымінальнікамі, тэлеканалу RTVi, то спачатку падумала: а можа, Шагал сам з Краснай Гарбаткі? Яе пасол у Беларусі? Старэйшы брат сясцёр Каратыгіных?


Ва ўсякім выпадку, менавіта ў гэтым спрабавалі мяне пераканаць некаторыя знаёмыя яшчэ два гады таму, калі Іосіф Шагал прыехаў працаваць у Мінск і заявіў журналістам, што не ведае пра існаванне палітвязняў у Беларусі.

Тады новы пасол сказаў, што яму трэба пачытаць газеты, і праз паўгода ён будзе гатовы адказаць на пытанне пра палітвязняў. Некаторыя прыяцелі казалі мне тады: ды не абурайся ты так, Шагал жа сапраўды толькі прыехаў, а тут яму ў лоб такое пытанне, не гарачыся, не спяшайся абвяшчаць яго мудаком і ідыётам, дай час. Але я тады паспяшалася — і, як выявілася, мела рацыю.


З тых часоў мінула нават не паўгода, а цэлых два.

За гэты час паспелі пасадзіць за шпіянаж юнага актывіста Андрэя Гайдукова, дадаць яшчэ год турмы Дзіму Дашкевічу, адправіць за краты па другім і трэцім коле Уладзіміра Яроменка і Васіля Парфянкова, зрабіць больш жорсткім рэжым утрымання Мікалаю Статкевічу і Мікалаю Аўтуховічу, уволю паздзекавацца з Алеся Бяляцкана і Яўгена Васьковіча. Але Іосіф Шагал увесь гэты час быццам зусім не працаваў у Мінску, нічога не бачыў, не чуў, не чытаў, а проста нічога не рабіў недзе ў Краснай Гарбатцы.


Толькі гэта і магло б яго прабачыць: у Краснай Гарбатцы несумненна жывуць добрыя людзі. І не віна, а бяда іх у няведанні навакольнага свету і яго гісторыі. Не сумняваюся, што там не толькі пра Халакост, але і пра беларускіх палітвязняў не чулі. І ўсё ж такі на старэйшага брата сясцёр Каратыгіных Іосіф Шагал інтэлектуальна не цягне.
Таму што сёстры гэтыя ў параўнанні з ім — Соф'я Кавалеўская, Бернард Шоу і Альберт Эйнштэйн разам узятыя. Ім хапіла адной паездкі ў Асвенцым, каб пра ўсё даведацца і зразумець пра Халакост.

А калі Шагалу не хапіла двух гадоў у Мінску, каб усё даведацца і зразумець пра беларускіх палітвязняў, то і тлумачыць яму ўжо нічога не трэба, таму што ідыёту ўсё роўна не патлумачыш. Калі ж ён усё ведае і разумее — тады тым больш тлумачыць нічога не варта, таму што такім нават у Краснай Гарбатцы заслужана б'юць морды.


Ірына Халіп, Хартыя'97