Уладзімір Някляеў перадаў паслу Ізраіля Іосіфу Шагалу кнігу «Голас волi з-за кратаў»

Лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Уладзімір Някляеў перадаў паслу Ізраіля Іосіфу Шагалу кнігу «Голас волi з-за кратаў», якая ўяўляе сабой зборнік твораў палітвязняў.



holas_voli.jpg

Кніга была выдадзена ў пачатку гэтага года Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам у Вільні, яна ўяўляе сабой зборнік твораў беларускіх аўтараў, якія ў розныя гады былі прызнаныя палітзняволенымі, у тым ліку Уладзіміра Някляева. У анталогіі прадстаўлены розныя жанры — вершы, расказы, дзённікі, успаміны, артыкулы. 

Як растлумачыў Някляеў, ён уручае кнігу паслу, каб той «пранікнуўся сапраўднымі палітычнымі рэаліямі Беларусі» і «ніколі не спазнаў таго лёсу, які дастаўся людзям з гэтай кнігі». 


Апазіцыйны палітык таксама перадаў дыпламату ліст, адрасаваны прэм'ер-міністру Ізраіля Біньяміну Нетаньяху.
У ім Някляеў просіць кіраўніка ізраільскага ўрада адказаць на пытанне: ці з'яўляецца нядаўняя заява пасла Іосіфа Шагала, што тычылася палітзняволеных у Беларусі, афіцыйнай пазіцыяй Дзяржавы Ізраіль.

«Вядома, пасол мае права на асабістае меркаванне, але мы хацелі б даведацца, ці супадае гэтае меркаванне з меркаваннем урада Ізраіля, самой Дзяржавы Ізраіль?» — падкрэсліў лідар «Гавары праўду». 


Спачатку прадстаўнікі аховы ізраільскага пасольства сказалі Някляеву, што самі перададуць паслу кнігу і ліст, але палітыка гэта не задаволіла, і ён дабіўся асабістай сустрэчы з Іосіфам Шагалам. Ужо ў будынку пасольства ахова старанна праверыла зборнік. 

Пасля сустрэчы з паслом Уладзімір Някляеў расказаў, што Іосіф Шагал сустрэў яго гасцінна. Паводле слоў палітыка, пасол прызнаў, што «выйшла непаразуменне: ён сказаў адно, а журналісты зразумелі не так». 


Паводле слоў Някляева, дыпламат таксама заявіў пра гатоўнасць сустрэцца ў любы час з лідарамі беларускай апазіцыі, каб «вызначыць пазіцыі».
Нагадаем, інтэрв'ю з Іосіфам Шагалам было паказанае тэлеканалам RTVI 6 лютага, праз некалькі дзён размешчанае на сайце youtube.com і атрымала шырокі грамадскі рэзананс. У інтэрв'ю пасол пракаментаваў сітуацыю з беларускімі палітвязнямі. Ён, у прыватнасці, заявіў: «З пункту гледжання нашага, яны — крымінальнікі, таму што ў іх ёсць артыкул — за хуліганства, за кіданне камянёў, за знявагу ўлад ну і гэтак далей». На ўдакладняльнае пытанне журналісткі, якая пазіцыя Ізраіля, як адзінай дэмакратыі на Блізкім Усходзе, у дачыненні да праблемы палітзняволеных у Беларусі, Шагал адказаў: «Яны ўсе сядзяць па крымінальным артыкуле, а не па палітычным. За атаку парламента, за кіданне камянёў». 
12 лютага, каментуючы БелаПАН свае выказванні, Іосіф Шагал заявіў:


«Па сутнасці мне няма чаго дадаць да майго інтэрв'ю тэлеканалу RTVI, працытаванага вашым парталам. Адзіны нюанс: калі б у мяне была магчымасць адрэдагаваць усё сказанае ў інтэрв'ю, я б памяняў назоўнік «крымінальнік» на выраз «грамадзянін, які асуджаны па артыкуле Крымінальнага кодэкса».


БелаПАН