«Я не трымаю зла...». Юрый Чыж — пра страчаны бізнес і стасункі з сям'ёй

Турма выпрабоўвае чалавека не толькі на трываласць духу, але і на трываласць асяроддзя. Пасля трох крымінальных спраў Юрый Чыж страціў не толькі значную частку бізнесу, але і сям'ю. Пра гэта з ім паразмаўляла «Народная воля».

Юрый Чыж. Фота: udf.by

Юрый Чыж. Фота: udf.by


Юрый Чыж некалі быў адным з самых вядомых бізнесменаў Беларусі. Яго бізнес-імперыя рушылася не адзін дзень, а сам ён прайшоў праз тры крымінальныя справы. Пасля апошняй у яго з'явіліся праблемы з сям'ёй.

— Ёсць праблемы па валоданні бізнесам: сям'я скарысталася сітуацыяй, прыйшла да кіравання асноўнай часткай кампаній і сёння катэгарычна не бачыць майго ўдзелу ў справах, — падзяліўся некаторымі падрабязнасцямі свайго жыцця Юрый Чыж.

— У вашым валоданні нешта засталося?

— Крамы «Прастор», шэраг сацыяльных праектаў — хакейны клуб «Собаль», лядовая арэна ў Бярозе і этнічны цэнтр «Собалі», які буду дабудоўваць і развіваць.

— Як вашы дзеці развіваюць бізнес?

— У маёй былой сям'і не стаіць задача развіваць бізнес, усё ідзе да таго, каб распрадаць актывы... Так, некалькі кампаній рыхтуюць да банкруцтва, а фармацэўтычны бізнес прадаюць. Акрамя таго, распрадаюць і іншыя актывы, у тым ліку і сацыяльнага прызначэння.

У парушэнне палажэнняў дэкрэта прэзідэнта прызначылі дырэктарам СТАА «ТрайплФарм» менеджара, якога я звольніў з гэтай пасады па дыскрэдытуючых абставінах, з чым у свой час пагадзіўся і суд. Я напісаў скаргу ў Адміністрацыю прэзідэнта, але больш за два месяцы нічога не адбываецца. Атрымліваецца, што дэкрэты прэзідэнта можна парушаць? Хачу звярнуць увагу, што гаворка ідзе пра такую сферу бізнесу, якая звязана з жыццём чалавека.


— Вы аформілі свой бізнес на дзяцей тады, калі ўпершыню трапілі пад санкцыі Еўрасаюза?

— Так, аформіў, але фактычным уласнікам заўсёды заставаўся я.

Цяпер разам з адвакатамі рыхтую шэраг іскавых заяў у суд, аднак праваахоўныя органы па маіх заявах зацягваюць праверкі, і ў мяне няма магчымасці знаёміцца з матэрыяламі праверак. Але я цярплівы, пачакаю…

— Вы са Святланай Барысаўнай афіцыйна развяліся?

— Так, з пятага разу. На мой погляд, прадстаўнікі жонкі зацягвалі працэс: то няяўкамі ў суд, то непрадастаўленнем дакументаў.

— Дзе вы цяпер жывяце?

— Як і раней — у Лагожаску.

— Вы сышлі з сям'і адразу пасля выхаду з СІЗА?

— Так. Зразумеў, што ў гэтым доме мяне зусім не чакалі. Таму вырашыў нікога не бянтэжыць.

— Потым размаўлялі?

— Было пару спроб медыяцыі, але не атрымалася.

— Ці магчымае перамір'е? Кажуць жа: моцныя людзі могуць дараваць…

— Я не трымаю зла…

— Да вашай апошняй «пасадкі» ў вас з жонкай былі нармальныя стасункі?

— Мы ўжо не жылі разам.

— Побач з вамі сёння ёсць іншая жанчына?

— Не. Адзін. Месца вакантнае.

— Атрымліваецца, сёння вы вымушаныя фактычна ўсё чарговым разам пачынаць з нуля. Вас гэта не палохае?

— Я не збіраюся пачынаць з нуля. Я вярну ўсё, што мне належыць.


Як і абяцаў, зраблю ўсё магчымае, каб захаваць працоўныя месцы, захаваць і развіваць мае сацыяльныя праекты, захаваць усе прадпрыемствы і асабліва — такое стратэгічна важнае для нашай краіны, як фармацэўтычны завод у горадзе Лагойску.

Нагадаем, у сакавіку 2016 года КДБ затрымаў набліжанага да Лукашэнкі бізнесмена, уладальніка групы кампаній «Трайпл» Юрыя Чыжа. Яго падазравалі ў нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. Ведамства заяўляла, што Чыж хаваў грошы праз маскоўскую фірму, а шкоду ацэньвалі ў 12 млн долараў. На той момант ён быў адным з самых вядомых бізнесменаў Беларусі і займаў 12-е месца ў бізнес-рэйтынгу «Штодзённіка».

Гэта было другое затрыманне бізнесмена, а першы раз сілавікі ім зацікавіліся ў 2007 годзе па справе генеральнага дырэктара «Белнафтахіма» Бароўскага. Пра першае затрыманне практычна нічога не паведамлялася. Вядома, што Чыжа неўзабаве адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Пасля другога арышту ў 2016-м ён утрымліваўся ў СІЗА КДБ, а ў верасні быў пераведзены пад хатні арышт. Паводле слоў блізкіх да яго людзей, тады бізнесмену далі шэсць месяцаў на вяртанне прад'яўленай неабходнай сумы. Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што Чыжу налічылі «ці то 12, ці то 13 мільёнаў долараў» шкоды.

З гэтай справы пачалося крушэнне бізнес-імперыі Чыжа. У той год яго кампанія зафіксавала каля 20 млн долараў страт. Пасля «Трайпл» змог паправіць сваё эканамічнае становішча, але бізнесмену прыйшлося пазбавіцца некаторых актываў. Частка з іх перайшла яго бізнес-партнёру і іншаму набліжанаму да Аляксандра Лукашэнкі бізнесмену Аляксею Алексіну. У 2020 годзе «Трайпл» усё ж падаў у суд заяву аб эканамічнай неплацежаздольнасці.У сакавіку 2021 года з'явілася інфармацыя пра чарговае затрыманне Юрыя Чыжа. Гэта пацвердзілі яго сваякі, але ніяк не каментаваў КДБ. Праз тры месяцы яго, паводле непацверджанай інфармацыі, перавялі пад хатні арышт. У верасні 2022-га стала вядома пра яго памілаванне і вызваленне.