Як часта ў Беларусі мужчыны ідуць у дэкрэтны адпачынак?

У Беларусі толькі амаль у двух працэнтах выпадкаў бацька бярэ адпачынак па доглядзе за дзіцяці. Такія звесткі апрылюдніла Міністэрства працы і сацабароны. А яшчэ паабяцала, што бацькам могуць скараціць працоўны дзень на цэлую гадзіну.

_ljudzi___sjam_ja___horad__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

Мужчыны сталі часцей браць адпачынак па доглядзе за дзіцёнкам, адзначае Th*nkTanks. З аднаго боку, апошнім часам колькасць такіх бацькоў вырасла, лічы ў два разы — гэта добрыя працэнты росту для статыстыкі. А з другога — раней такіх мужчын застаецца ўсё адно вельмі мала, раней было каля аднаго працэнта, а цяпер — амаль два!

Такую інфармацыю прывёў намеснік міністра Валерый Кавалькоў на прэс-канферэнцыі, перадае БелТА.

Паводле яго слоў, у апошнія гады выпадкаў, калі бацька вырашыў пайсці ў дэкрэт, становіцца больш. Калі раней адпачынкам па доглядзе за дзіцем карысталіся толькі каля 1% мужчын, то сёння гэты паказчык вырас да 2%.

Па законе сысці ў дэкрэтны адпачынак можа любы блізкі чалец сям'і. Аднак ён павінен мець афіцыйнае месца працы.


З 2020 года ўстаноўлены бацькоўскі адпачынак пры нараджэнні дзіцяці. Наймальнік абавязаны яго прадаставіць па жаданні работніка на працягу 6 месяцаў пасля нараджэння дзіцяці. Працягласць адпачынку — да 14 дзён. Яго аплата, а таксама большая працягласць таксама могуць быць прадугледжаны ў калектыўным дагаворы.

Паводле даных Мінпрацы, падрыхтаваны змены ў Працоўны кодэкс, якія пашыраюць магчымасці для сумяшчэння працы і бацькоўства. Плануецца развіваць умовы для больш гнуткай занятасці.

"Прытрымліваючыся пажаданняў шматдзетных бацькоў", мяркуецца даць замест аднаго вольнага ад працы дня на тыдзень скарочаную (на адну гадзіну) штодзённую працягласць працы з захаваннем заработнай платы.

А яшчэ ў Беларусі ўжо некалькі гадоў кажуць пра тое, што варта наогул скараціць трохгадовы адпачынак па доглядзе за дзіцем. Так, эксперты лічаць, што скарачэнне дэкрэтнага адпачынку нават на адзін год можа прывесці да істотнага росту беларускай эканомікі. Даследаванне паказала, што агульны эканамічны эфект ад пераходу на двухгадовы дэкрэт можа скласці 2,7% ВУП. Зрэшты, гэта мера не дужа папулярная ў грамадстве і пакуль не ўведзеная.