«Я сябе перастану паважаць». Мінчане дамагаюцца выключэння са спісаў «дармаедаў»

Мінчане Ігар Якшэвіч і Юрый Грыневіч паўторна накіравалі звароты ў раённую адміністрацыю з патрабаваннем выключыць іх са спісу «дармаедаў».

e42302c4276445ae9e0342f66aab2c8d_cx0_cy7_cw0_w1023_r1_s.jpg

Два жыхары Мінска Ігар Якшэвіч і Юрый Грыневіч прайшлі аднолькавы шлях. У пачатку года абодва ўключаны ў спісы незанятых у эканоміцы, абодва звярнуліся ў прафсаюз РЭП па юрыдычную дапамогу. Далей мінчукі дзейнічалі па адным алгарытме: накіравалі заявы ў адміністрацыю Маскоўскага раёна з просьбай выключыць са спісаў незанятых і атрымалі адмову.
Звароты ў суд таксама не далі вынікаў.
Канстытуцыйны суд адмовіў ім ва ўзбуджэнні вытворчасці па ліквідацыі прабелаў у заканадаўстве, у тым ліку — у дэкрэце №1.
— Характэрна, што два адказы падпісаныя начальнікам сакратарыята Канстытуцыйнага суда В.Селядзеўскім. Ігар Якшэвіч звяртаўся ў КС на рускай мове, а Юрый Грыневіч — па-беларуску. Адказы атрыманыя на мове звароту, чаго не зрабілі ні адміністрацыя, ні суд Маскоўскага раёна, — для іх моўнае пытанне не існуе: усё справаводства вядзецца на рускай мове, — распавёў прававы інспектар прафсаюза Юрый Белякоў.
Па сутнасці справы, Ігар Якшэвіч і Юрый Грыневіч вярнуліся да пачатку: тэрмін абскарджвання судовага рашэння ужо мінуў, таму працэдура пачынаецца па новым коле. Мінчане паўторна накіравалі заявы ў адміністрацыю Маскоўскага раёна аб выключэнні з базы «дармаедаў». У выпадку адмовы яны маюць намер звярнуцца ў суд і прайсці ўсе інстанцыі — аж да Вярхоўнага суда.
—У красавіку я уладкаваўся ахоўнікам у ДТСААФ, таму, магчыма, мяне ўжо выключаць з спісаў «дармаедаў». Гэта, вядома, выключыць магчымасць далейшага абскарджання, — адзначае Юрый Грыневіч.
А вось Ігар Якшэвіч прынцыпова хоча давесці справу да суду:
 — Я хачу дамагчыся аднаго: каб мяне выключылі з ганебных спісаў гультаёў. Я планую прайсці ўсе судовыя інстанцыі — ад і да. Я працую, але не хачу, каб урываліся ў маё прыватнае жыццё. Пасля першага звароту мне тэлефанавалі з камісіі па садзейнічанні занятасці: прывязіце дакументы, якія пацвярджаюць, што вы працуеце. Я адказаў, што нікому нічога не павязу: хочаце даказваць — даказвайце. Ёсць закон, вы ўрываецеся ў маё прыватнае жыццё: я не хачу, каб нехта ведаў, дзе я працую. Я сябе перастану паважаць, калі панясу нейкія дакументы на камісію. Чаму яны патрабуюць, каб мы выконвалі закон, хоць самі яго не выконваюць? Таму мы з юрыстам хочам выцягнуць іх у суд: мне самому цікава, як дзяржаўныя органы будуць тлумачыць свае дзеянні, — распавёў Ігар Якшэвіч.
 — Я падтрымліваю жаданне сябраў прафсаюза давесці пачатае да лагічнага фіналу — альбо да выключэння з базы «дармаедаў», альбо да поўнай адмовы ўсіх інстанцый. Ёсць характэрны факт — пасля зваротаў сумы ў "жыроўках" Ігара і Юрыя сталі цалкам адэкватнымі — такімі як і ва ўсіх, — рэзюмаваў прававы інспектар РЭП Юры Белякоў.
Паводле praca-by.info