Ядвіга Волчак: Я хачу паглядзець у вочы тым, хто кінуў майго сына за краты

Вядомы ў Беларусі і за яе межамі праваабаронца, старшыня зарэгістраванай у Кіеве (Украіна) праваабарончай арганізацыі “Прававая дапамога насельніцтву, ветэран вайны ў Афганістане Алег Воўчак толькі ў бягучым годзе двойчы апынаўся ў сумна вядомым Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на мінскай вуліцы Акрэсціна. Юрыста, былога следчага пракуратуры абвінавачвалі ў дробным хуліганстве (вельмі папулярны ў “праваахоўнікаў артыкул 17.1 КаАП) за тое, што ён нібыта брудна і гучна лаяўся ў грамадскіх месцах.



021e1ea77bd91aaa0fc4d01a943a654e.jpg

Вядомы ў Беларусі і за яе межамі праваабаронца, старшыня зарэгістраванай у Кіеве (Украіна) праваабарончай арганізацыі “Прававая дапамога насельніцтву, ветэран вайны ў Афганістане Алег Воўчак толькі ў бягучым годзе двойчы апынаўся ў сумна вядомым Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на мінскай вуліцы Акрэсціна. Юрыста, былога следчага пракуратуры абвінавачвалі ў дробным хуліганстве (вельмі папулярны ў “праваахоўнікаў артыкул 17.1 КаАП) за тое, што ён нібыта брудна і гучна лаяўся ў грамадскіх месцах. Сведкамі абвінавачання на судах выступалі супрацоўнікі міліцыі.

(Алег Волчак з маці на здымках фільма «Дасціш фантасціш)


Гэта ўжо сумная традыцыя тутэйшых праваахоўных органаў, якія хапаюць вядомых асобаў і інкрымінуюць ім непрыстойныя паводзіны. За апошнія гады ў шэрагу “публічных брыдкасловаў, апроч Алега Волчака, апынуліся такія глыбока інтэлігентныя людзі, як мастак Аляксей Марачкін, журналіст Андрэй Дынько, навуковец, прафесар і дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксей Пікулік, грамадскі дзеяч Вячаслаў Сіўчык, а таксама шматлікія актывісты дэмакратычнага руху Беларусі. Ці мог Алег Воўчак нават тэарэтычна зрабіць тое, у чым яго абвінавацілі і за што пасадзілі спачатку на 4, а потым і на 9 сутак? Найлепш на гэтае пытанне можа адказаць, бадай, маці праваабаронцы Ядвіга Антонаўна, якая пагадзілася пагутарыць з карэспандэнтам “Новага часу.
— Ядвіга Антонаўна, як вы асабіста ставіцеся да таго, чым займаецца ваш сын Алег?
— Шчыра кажучы, калі ён працаваў у пракуратуры, мне гэта падабалася больш. Яго ніхто не чапаў, было больш павагі. А зараз да яго чапляюцца з нагоды і без яе.
— Як вы думаеце, за што ўсё ж такі затрымліваюць вашага сына? Бо толькі сёлета ён ужо двойчы апынаўся ў акрэсцінскай вязніцы?
— А вось гэтага я і не разумею. Мне падаецца, што тут ёсць нейкі замоўнік. Мне хацелася б ведаць, хто гэта такі, і што ім увогуле трэба ад Алега. Ён сумленна адслужыў у войску. Вы разумееце, калі ён вярнуўся з арміі, начальнік, які адказвае за парадак у горадзе, адразу пачаў яму тэлефанаваць і запрашаць на працу. Некалькі разоў тэлефанаваў, але сын адмаўляўся. Тады той сказаў: прыедзь хоць паглядзі, як і што тут робіцца. Алег паехаў, а потым распавёў: усё тое ж самае, што і на мяжы, тыя ж нарады даюць. Алег сказаў, што не хоча апранаць міліцэйскую форму. Алег паступіў на падрыхтоўчыя курсы ва ўніверсітэт. Праз год, як скончыў, той жа начальнік зноў патэлефанаваў, але сын зноўку адмовіўся. Тады яны пачалі званіць мне, маўляў, пераканайце яго. Яго запрашалі працаваць і ў КДБ. Калі ва ўніверсітэце заставалася яшчэ шэсць месяцаў для практыкі і абароны дыплома, ён прыйшоў на практыку ў Фрунзенскую раённую пракуратуру. Там яго адразу аформілі на працу старшым следчым. Ужо пасля заканчэння БДУ ў пракуратуру зноў прыйшлі з КДБ і зноў клікалі яго на працу туды, але сын цвёрда вырашыў застацца працаваць у пракуратуры. Ён вельмі плённа працаваў у пракуратуры, ён раскрыў чатыры замоўныя забойствы. Алег быў там на вельмі добрым рахунку, і не прайшло і два гады, як яму далі званне лейтэнанта, потым старшага лейтэнанта, і ў пракуратуры ўсе здзіўляліся, бо ніколі такога не было, каб за два гады два разы чалавека павышалі ў званні. Звычайна, для такога было патрэбна часу ў два разы больш.
Калі ён ішоў у дэпутаты Мінскага гарадскога савета, за яго тут усе падпісваліся. Калі многія мае знаёмыя даведваліся, што гэта мой сын, яны адразу падпісваліся за яго. Мне не вельмі падабалася, што ён выступаў супраць некаторых чыноўнікаў. Скончылася тым, што ён па сваім жаданні сышоў з пракуратуры і пайшоў у праваабарончую арганізацыю.
— Сёння Алег узначальвае арганізацыю “Прававая дапамога насельніцтву. Як вы ставіцеся да гэтай дзейнасці сына, да таго, што ён вырашыў прысвяціць сябе дапамозе іншым людзям?
— Канешне, гэта вельмі добра, што ён дапамагае людзям. Людзі ўдзячныя яму, звоняць, пішуць, але мяне вельмі клапоціць, што ўлады ставяцца да яго па-іншаму. Не ведаю, за што, ён жа вельмі сумленна і шчыра паўсюль працаваў. Раней ніхто ніколі не меў да яго прэтэнзіяў, усё было выдатна.
Дарэчы, калі ён быў школьнікам, ён займаўся на мінскай дзіцячай чыгунцы, ён хацеў быць машыністам, у яго і там былі толькі выдатныя адзнакі. Пасля восьмага класа падаў дакументы ў вучэльню на машыніста, і там добра вучыўся, гэтаксама, як і ў дзённай школе атрымліваў добрыя адзнакі. Да таго ж, ён займаўся байдарачным спортам, меў першы разрад, мог атрымаць і кандыдата ў майстры спорту, але не паспеў.
Споўнілася 18 гадоў, забралі ў войска. На афганскай мяжы, дзе ён служыў, пра яго таксама вельмі добра ўсе адгукаліся, ягоны камандзір, у якога нарадзілася дачка, нават узяў Алега сабе за кума, і гэтаму таксама ўсе здзіўляліся. “Зампаліт нават даваў Алегу чытаць лекцыі іншым салдатам, і тыя не маглі паверыць, што Алег нічога не заканчваў. Я вельмі напалохалася, калі Алега заслалі на тэрыторыю Афганістана, і ад яго доўга не было лістоў. Я абівала парогі ваенкаматаў, слала тэлеграмы. А потым аднойчы адчыняю паштовую скрыню, а адтуль вываліўся цэлы стос лістоў ад Алега. Вельмі страшная там была гэтая вайна. І ў дзяцінстве, і пазней Алег заўсёды быў наперадзе.
— І вось толькі сёлета Алега ўжо двойчы вінавацілі ў тым, што ён лаяўся матам у грамадскім месцы. Вы ўвогуле можаце сабе ўявіць, каб ваш сын брыдкасловіў?
— Я нават не хачу пра гэта чуць! Вельмі шкада, што я не была на судзе. Ён жыў у сям’і, дзе ніколі не было чуваць ніводнага грубага слова. Я заўсёды баялася пры ім сказаць нешта кепскае. Ён ніколі не чуў ніякіх мацюкоў, нічога падобнага. Я ніколі не паверу, каб ён мог лаяцца. Прычым на вуліцы, размахваючы рукамі. Дык чаму яны не прадставілі простых сведак, якія б паказалі, што ўсё было менавіта так? Атрымліваецца, што ён ішоў і лаяўся сам з сабою? Гэта поўная хлусня. І караць трэба таго, хто гэтую хлусню выдумаў, бо з-за гэтай хлусні чалавек апынуўся на “сутках. Я б вельмі хацела паглядзець гэтаму чалавеку ў вочы. Але мне падаецца, што пакуль будзе цяперашняя ўлада, усё застанецца па-ранейшаму, нічога не зменіцца. Вось ідзеш па вуліцы — колькі маладзёнаў, ды не толькі, лаюцца ў голас матам, і ніхто іх не чапае. Ці ў парку ля возера, куды мы ходзім гуляць, — некаторыя лаюцца матам на ўвесь парк, але міліцыя праходзіць міма і нікога не чапае, як быццам нічога не адбываецца. Затое да такіх людзей, як Алег, стаўленне зусім іншае.