Як адрэагуе Генпракуратура на пракладку кабелю ля Курапатаў?

Прадстаўнікі грамадзянскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» звярнуліся ў Генпракуратуру наконт пракладкі сілавога кабелю ля Курапатаў.



kurapaty_kabel_hp__1__logo.jpg

У лісце да генеральнага пракурора Андрэя Шведа, між іншым, узгадваецца, што ў звароце ад 4 верасня 2020 года да прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі прадстаўнікі грамадскасці прасілі спыніць пракладку ля Курапатаў кабелю ад электрападстанцыі «Даўгінаўская» да пляцоўкі ля мікрараёну «Новая Баравая» ў вёсцы Копішча Мінскага раёна.

Грамадзян непакоіла, што частка трасы гэтага кабелю пройдзе праз ахоўную зону Курапатаў, дзе забаронена ўсялякае новае будаўніцтва, апроч патрэбаў самой гістарычна-культурнай каштоўнасці.

У звароце нагадвалася, што 29 лістапада 2019 года ў Доме культуры аграгарадку Лясны пад Мінскам адбылося грамадскае абмеркаванне ўздзеяння на навакольнае асяроддзе праекту кампаніі А-100 «Будаўніцтва жылога раёна з інжынерна-транспартнай інфраструктурай і аб’ектамі сацыяльна-гарантаванага абслугоўвання насельніцтва каля вёскі Копішча Мінскага раёна. Кабельныя лініі электраперадачы напружаннем 10 кілавольт».

Падчас грамадскага абмеркавання зазначалася, што ў ахоўнай зоне Курапатаў (на паўночны захад ад урочышча) раней была пракладзена дзейная траса інжынерных камунікацый. Побач з гэтай дзейнай трасай у ахоўнай зоне Курапатаў планавалася пракласці яшчэ адну трасу пад кабель у 10 кілавольт. Апроч таго, каля паловы даўжыні новай трасы пракладкі кабелю ўздоўж Заслаўскай шашы таксама планавалася правесці ў ахоўнай зоне Курапатаў, а не ў створы існуючай трасы інжынерных камунікацый у паласе адводу аўтадарогі.

Трэба мець на ўвазе, што 23 чэрвеня 2016 года Міністэрства культуры ўзгадніла праектную дакументацыю пракладкі кабелю на падставе таго, што ў ахоўнай зоне Курапатаў «дазваляецца эксплуатацыя і рэканструкцыя існуючых інжынерных камунікацый». На гэтую падставу спаслаўся і Мінскі райвыканкам у сваім лісце грамадскасці ад 17 студзеня 2020 года.

На думку грамадскасці, ва ўзгадненні ад 23.06.2016 года закладзена памылка, бо планавалася не рэканструкцыя існуючых інжынерных камунікацый, а пракладка новага кабелю, якога раней не было, бо не было жылога раёну ля вёскі Копішча, да якога гэты кабель павінен пракладацца.

Грамадзяне прасілі міністра культуры Юрыя Бондара адклікаць названае ўзгадненне ад 23.06.2016 года, паколькі ў ахоўнай зоне Курапатаў дазваляецца пракладка толькі тых падземных інжынерных камунікацый, што неабходныя для эксплуатацыі аб’ектаў ушанавання памяці ахвяраў, а не іншага прызначэння.

На зварот у Міністэрства культуры атрыманы адказ ад першага намесніка міністра Наталлі Карчэўскай. З гэтага адказу ад 27 студзеня 2020 года вынікае, што Міністэрства культуры ўзгадняла пракладку кабелю па-за мяжой ахоўнай зоны Курапатаў, што супярэчыць зместу ўзгаднення Міністэрства культуры ад 23 чэрвеня 2016 года.

Грамадзяне палічылі пракладку новага кабелю незаконнай і прасілі Рамана Галоўчанку:

1. Прыпыніць працы па пракладцы кабелю да распрацоўкі новага праекта яго трасы па-за межамі ахоўнай зоны Курапатаў.

2. Распрацаваць новы праект трасы пракладкі кабелю па-за межамі ахоўнай зоны Курапатаў.

3. Прыцягнуць да адказнасці тых, хто мае дачыненне да парушэння айчыннага заканадаўства ў праектаванні, атрыманні ўзгадненняў і дазволаў на праектаванне і пракладку кабелю ў ахоўнай зоне Курапатаў.

kurapaty_vs_2018_logo.jpg


На свой зварот да кіраўніка ўраду прадстаўнікі грамадскасці атрымалі адказы ад 6 кастрычніка 2020 года з Міністэрства культуры і Мінскага аблвыканкаму, аналагічныя ранейшым. Тым часам сілавы кабель ля Курапатаў быў пракладзены ў адпаведнасці з распрацаваным праектам.

У гэтай сітуацыі грамадзяне просяць Андрэя Шведа прыняць меры пракурорскага рэагавання ў адпаведнасці з айчынным заканадаўствам аб ахове спадчыны.

Сярод падпісантаў лісту — старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, археолаг Валянціна Вяргей, мовазнаўца Вінцук Вячорка, бард Аляксей Галіч і аўтар гэтага артыкулу.