Як нараджаюцца легенды
Гэтыя развагі — своеасаблівае пасляслоўе да першага цыклу кобрынскіх замалёвак «Па слядох Рамуальда Траўгута».
Пад час вандровак па Заходнім Палессі дзеля палявых даследаванняў і апытання носьбітаў адпаведнай інфармацыі сутыкнуўся з даволі распаўсюджаным меркаваннем. Сэнс яго ў тым, што амаль праз 160 гадоў пасля падзеяў паўстання 1863-1864 гадоў ужо няма што і каго шукаць. Але гэтае меркаванне падаецца памылковым. Бо апроч слядоў у зямлі і на ёй у выглядзе помнікаў археалогіі, дойлідства, выяўленчага мастацтва, літаратуры, археаграфіі, тапанімікі і этнаграфіі, паўстанне пакінула такі глыбокі след у душы і памяці народу, што і па сёння працягвае жыць у мітах і легендах.
Кожны этнас мае сваю гісторыю, складовай часткай якой з’яўляюцца міты і легенды аб трагічнай і слаўнай мінуўшчыне. І чым больш пакутаў прыпадае на долю народу, тым больш глыбокія, кранальныя і павучальныя ў яго легенды і міты. У габрэяў ёсць славуты Стары Запавет, у эстонцаў — гераічны эпас «Калевіпаэг», у індусаў — цудоўныя кнігі мітаў «Рамаяна». Не выключэнне і беларусы. У багатай скарбніцы духоўнай культуры нацыі — мноства мудрых і займальных мітаў і казак, легендаў і паданняў.
Працэс стварэння легенды перажыў ва ўласным жыцці, пра што з задавальненнем падзялюся з шаноўным чытачом. Амаль 50 гадоў таму з сваімі выхаванцамі, сябрамі і ветэранамі стварылі ў Гомелі юнацкі атрад РВС (разведчыкаў ваеннай славы), што 20 гадоў займаўся на Беларусі і Украіне пошукам без вестак зніклых у гады Другой сусветнай вайны савецкіх авіяэкіпажаў. Гэта было так даўно, што ад сёння да стварэння РВС прайшло больш часу, чым ад пачатку пошуку да часоў жудаснай вайны…
Адказы на запыты ў Міністэрства абароны СССР і Цэнтральны архіў Міністэрства абароны СССР па вызначэнню асобы авіятара
Летам 1978 года на дняпроўскім лузе Альсы каля Жлобіна мы знайшлі месца гібелі самалёта ЯК-1Б з парэшткамі лётчыка, 19-гадовага ўраджэнца Краснадарскага краю Міхаіла Марушчанкі. З тарфяніку паднялі часткі самалёта, парэшткі авіятара, ягоныя пальчаткі і гімнасцёрку, у кішэнях якой захаваліся франтавыя газеты, рухавік вынішчальніка, авіяцыйныя пушку і кулямёт…Знайшлі бацькоў і сястру загінулага, яго аднапалчанаў. 29 верасня 1979 года ў Жлобіне адбылося пахаванне Міхаіла Марушчанкі ў брацкую магілу ля чыгуначнага вакзалу. У апошні шлях лётчыка праводзілі дзясяткі тысячаў жыхароў, сваякі, баявыя сябры, ветэраны і мае выхаванцы. Пасля знаёмства з маімі выхаванцамі аднапалчанін загінулага Сяргей Баеў вырашыў узнагародзіць атрад РВС адным з сваіх шматліках ардэноў — Чырвонай Зоркі… А маці Міхася Марушчанкі пакрочыла да маіх вучняў з кошыкам дароў кубанскай восені і ўсё частавала іх, ціхім дрыготкім голасам прыгаворваючы: «Ласуйцеся вінаградам, дзетачкі!»…
Пахаванне Міхаіла Марушчанкі ў Жлобіне 29 верасня 1979 году. У цэнтры — бацькі і сястра лётчыка
Мінулі гады. На пачатку 1990-х цягніком вяртаўся з Мінску ў Гомель. Ад летняй спёкі ў перапоўненай плацкарце не хапала паветра. Адчынілі вокны, пацягнула прахалодай вады, водарам лугоў і лясоў. Па масту ля Жлобіну перасеклі Дняпро. Нейкі маладзён пачаў распавядаць, як шмат гадоў таму на дняпроўскім лузе хлопцы з Гомеля знайшлі самалёт-вынішчальнік і пачалі яго раскопваць. «І ўявіце сабе, у тарфяніку адрылі гэты лятак, ачысцілі шкло кабіны, а ў ёй лётчык сядзіць, як жывы… Толькі з кабіны адцягнулі ліхтар, як гэты лётчык адразу і рассыпаўся ўшчэнт», — заключыў хлапец пад агульнае «Ах!»...
Пасля гэтага эмацыйнага і троху фантастычнага расповеду вымушаны быў давесці прыціхлым спадарожнікам сапраўдную гісторыю пошуку, раскопак, аднаўлення лёсу і ўзнаўлення вобразу загінулага, ушанавання ягонай памяці… Але потым да мяне дайшло: вось так і ствараюцца міты і легенды. Рэальныя факты і гісторыі з жыцця трансфармуюцца і пераказваюцца, прычым кожны раз з уласным дадаткам. Пры гэтым героі падзеяў ідэалізуюцца і дэманізуюцца, напаўняюцца як самымі лепшымі, так і найгоршымі чалавечымі якасцямі…
Што даюць нам міты і легенды? Яны заўжды падтрымліваюць і натхняюць у цяжкія часы, асабліва ў гады выжывання і пераадольвання стратаў. Вось чаму мы з сябрамі і сёння ходзім па нашай зямельцы, збіраем не толькі фізічныя сляды былой прысутнасці нашых герояў-паўстанцаў 1863-га ў айчыннай мінуўшчыне, але і сляды, што засталіся ў душы і памяці народнай. Бо як сведчыць гісторыя, гэтыя сляды — самыя глыбокія, а таму — неўміручыя…