Гамельчанцы, якая пакутуе ад клаўстрафобіі, прысудзілі два гады калоніі
Віну Ларыса Кузьменка не прызнала, адзначае «Вясна».
У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля сёння абвешчаны прысуд па крымінальнай справе супраць 49-гадовай Ларысы Кузьменка, якую ўтрымліваюць з сіндромам клаўстрафобіі ў СІЗА амаль чатыры месяцы.
Жанчыну абвінавацілі ў «гвалце ў дачыненні да супрацоўніка АМАПа» (арт. 364 КК) на нядзельным маршы 27 верасня мінулага года ў Гомелі, калі супраць пратэстоўцаў сілавікі выкарыстоўвалі слёзацечны газ і светлашумавыя гранаты.
Згодна з версіяй абвінавачання, Кузьменка схапіла за руку амапаўца, чым перашкаджала яму працаваць. Жанчына віну не прызнае і адмовілася ад дачы паказанняў — як на судзе, так і падчас следства. Сёння пракурор Сідоранка запрасіў у суда пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на два гады ва ўмовах агульнага рэжыму. Праз некалькі гадзін суддзя Сяргей Салоўскі прызначыў Ларысе Кузьменка менавіта такое пакаранне, якое прасіла дзяржабвінавачванне.
У чым абвінавацілі жанчыну?
Згодна з версіяй абвінавачання, Ларыса Кузьменка 27 верасня ў 15.30 знаходзілася на вуліцы Савецкай, з’яўлялася ўдзельніцай масавага мерапрыемства, якое праводзілася ў парушэнне існуючага парадку яго правядзення. Яна дзейнічала «з матываў палітычнай варожасці, з мэтай перашкодзіць законнай дзейнасці супрацоўніка атрада міліцыі асобага прызначэння АУС Гомельскага аблвыканкама, які дзейнічаў у адпаведнасці са службовымі інструкцыямі і нёс ахову грамадскага парадку». Кузьменка разумела, што перад ёю знаходзіцца супрацоўнік унутраных спраў у форме, і мела намер прычыніць шкоду камандзіру ўзвода баявога прызначэння АМАПа Пятрову П.П. Таму, выкарыстала гвалт у дачыненні да Пятрова: «выкарыстоўваючы грубую фізічную сілу, схапіла за руку Пятрова і ўтрымлівала яе, каб калона пратэстоўцаў магла бесперашкодна прайсці. Потым яна апусціла яго руку долу, тым самым зрушыла пацярпелага з месца. Такім чынам пазбавіла яго фізічнай магчымасці выконваць яго службовыя абавязкі. Прычыніла Пятрову пабоі і фізічны боль. Такім чынам, Кузьменка здзейсніла гвалт над супрацоўнікам міліцыі, каб перашкодзіць яго законнай дзейнасці».
Віну Ларыса не прызнала.
У Ларысы дыягнаставанае дэпрэсіўнае расстройства з сіндромам
клаўстрафобіі, таму ў СІЗА ёй асабліва цяжка: сваю камеру яна называе «газавай». Дагэтуль яна не змагла прызвычаіцца да такіх умоў. Пры
гэтым жанчына імкнецца лістамі падтрымліваць сваю дачку і рабіць прыемнае
трохгадоваму ўнуку: яна дасылае канверты, якія вырабляюць з дапамогай
бульбянога пюрэ замест клею, піша ўнуку казкі і стварае малюнкі, напрыклад, «знайдзі 10 адрозненняў».
Што адбылося 27 верасня ў Гомелі?
Нагадаем, 27 верасня мінулага года ў некаторых гарадах Беларусі, у тым ліку ў Гомелі, прайшоў традыцыйны нядзельны марш. На 50-ы дзень пратэстаў беларусы выйшлі на вуліцы сваіх гарадоў, каб выказаць нязгоду з сакрэтнай інаўгурацыяй Аляксандра Лукашэнкі. Па ўсёй Беларусі прайшлі затрыманні, але больш за ўсіх у той дзень сваёй жорсткасцю вылучыліся гомельскія сілавікі.
Пасля абеду ў цэнтры Гомеля, ля будынка цырку, сабраліся
больш за сотню пратэстоўцаў. Яны атачылі фантан, вадзілі карагод і спявалі
песні. Потым перайшлі на іншы бок вуліцы Савецкай. У раёне гарадской лазні на
іх шляху сталі супрацоўнікі АМАПа. Там і адбылося сутыкненне, падчас якога
міліцыя ў Гомелі ўжыла ў дачыненні да пратэстоўцаў слёзацечны газ і
светлашумавыя боепрыпасы.
У той дзень была затрыманая Ларыса Кузьменка. За ўдзел у маршы «Народная інаўгурацыя» суддзя суда Навабеліцкага раёна Гомеля
Казлоў асудзіў Ларысу на сем сутак арышту. Пасля абвяшчэння рашэння Ларысе
зрабілася дрэнна. Жанчыну адвезлі ў РАУС Навабеліцкага раёна і там выклікалі «хуткую». Паводле слоў дачкі, у яе здарыўся нервовы зрыў, яна ўжо
больш за дзесяць гадоў назіраецца ў лякарні. З РАУС яе адвезлі ў псіхіятрычную
лякарню, дзе яна прабыла два месяцы. Як кажа дачка Ларысы, яна мае псіхіятрычны
дыягназ — дэпрэсіўнае расстройства з сіндромам клаўстрафобіі.
Калі Ларыса Кузьменка ляжала ў лякарні, то тры разы
абскарджвала пастанову аб прыцягненні яе да адміністрацыйнай адказнасці. У
выніку ёй скарацілі арышт на трое сутак. Але ў ІЧУ адбываць рэшту
адміністрацыйнага арышту — трое сутак — жанчыну так і не забралі. Яна
працягвала працаваць на «Гомельшпалеры» і весці звычайны лад жыцця.
Другі раз Ларысу затрымалі сёлета ў жніўні — ужо паводле
крымінальнага артыкула. 6 жніўня супрацоўнікі міліцыі патэлефанавалі дадому і
спыталі, дзе Ларыса Кузьменка. У той момант яна была на працы. Дачка мяркуе,
што на «Гомельшпалеры» яе і затрымалі. Пасля гэтага Ларысу павезлі
дадому на ператрус.
За падзеі 27 верасня мінулага года на маршы 9 жніўня ёй
прад'явілі абвінавачанне ў «гвалце ці пагрозе гвалту ў дачыненні да
супрацоўнікаў міліцыі» (арт. 364 КК).
Што казала абвінавачаная на судзе?
Ларыса Кузьменка віну не прызнала. Калі давала паказанні, плакала і гаварыла вельмі ціха:
«У абвінавачанні сказана тое, што я ніколі не рабіла. Я не
ішла ў калоне ўдзельнікаў масавага мерапрыемства па вуліцы Савецкай. Я
знаходзілася на Савецкай з боку цырка».
Ад дачы далейшых паказанняў Ларыса адмовілася. Падчас
следства яна таксама паказанняў не давала.
Як пацярпеў міліцыянт?
Пацярпелы супрацоўнік АМАПа Пятроў (прозвішча несапраўднае — «супрацоўнік легендызаваны») на суд не прыйшоў, бо знаходзіцца на бальнічным. У судзе была зачытана заява пацярпелага з просьбай разглядзець крымінальную справу ў яго адсутнасць.
Абаронца Кузьменкі Фаменка выказалася супраць разгляду
справы ў адсутнасць пацярпелага, бо для ўсебаковага разгляду акалічнасцей справы ёй неабходна задаць яму пытанні.
«У справе ёсць тры допыты пацярпелага, і яны супярэчлівыя.
Каб ухіліць супярэчнасці трэба дапытаць у судзе пацярпелага. У заяве
пацярпелага не ўказана, што хвароба сур’ёзная, працяглая», — заявіла адвакатка.
Таксама адвакатка выказалася, што яна не разумее, на якой
падставе пацярпелага залегендавалі. Няма аніякіх фактаў, што Кузьменка яму
пагражала і з-за гэтага ўзнікла патрэба яго легендаваць.
У сваіх паказаннях на першым допыце міліцыянт расказвае, як
27 верасня, у той момант, калі ён перакрываў шлях калоне, нейкая «жанчына ў
бэжавым паліто» нанесла яму ўдар локцем. Ён «адчуў боль у плячы», ад гэтага
апусціў руку, і натоўп прарваў ачапленне. На другім допыце супрацоўнік АМАПа гаварыў, што «мужчына ў чорнай масцы» «тузаў яго ззаду за бронекамізэльку, дзе
замацаваныя спецсродкі і зброя». Той мужчына ўцёк. На трэцім допыце міліцыянт
казаў, што быў яшчэ «мужчына пажылога веку», які «хапаў за руку», і была
жанчына «з БЧБ-сцягам на плячах», якая «ці адцягвала таго мужчыну, ці
дапамагала гэтаму мужчыну». На трэцім допыце з'явілася і «незнаёмая яму мне
цёмнавалосая жанчына ў акулярах і ў масцы», якая «схапіла яго за руку і
павісла на ёй», чым прычыніла фізічны боль.
У гэтай жанчыне ён апазнаў па пашпартнай базе Ларысу
Кузьменка.
2 снежня ў судзе адбыліся судовыя спрэчкі па справе.
Пракурор Сідоранка запрасіў для Ларысы Кузьменка пакаранне ў выглядзе
пазбаўлення волі тэрмінам на два гады ва ўмовах агульнага рэжыму. У апошнім
слове Ларыса сказала, што абвінавачанне яе не тычыцца, і тое, што следчы
гаварыў, што суд разбярэцца, а ў выніку ніхто не разабраўся.
Праз некалькі гадзін суддзя Сяргей Салоўскі прызначыў Ларысе Кузьменка менавіта такое пакаранне, якое прасіла дзяржабвінавачанне.