Жыхару Мінска прысудзілі тры гады «хатняй хіміі» за ўдзел у леташніх пратэстах
Суд Маскоўскага раёна Мінска 3 снежня разгледзеў крымінальную справу Сяргея Бяляўскага. Яго абвінавацілі ў арганізацыі або актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак па ч.1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса, піша «Вясна».
Справу разглядаў суддзя Алег Каляда.
Да суда Бяляўскі знаходзіўся на волі, пад залогам і
падпіскай аб нявыездзе.
Яго вылічылі аператыўнікі ў ходзе маніторынгу сацыяльных
сетак па фотаздымках як актыўнага ўдзельніка акцый пратэсту ў Мінску у жніўні
2020 года.
«Груба парушаў грамадскі парадак, выказваў яўнае
непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, якія папярэджвалі, што акцыя
несанкцыянаваная, а таксама перашкаджаў руху грамадскага транспарту, выкрыкваў
лозунгі і станавіўся разам з іншымі нявысветленымі асобамі ў счэпку», — зачытаў прадстаўнік дзяржабвінавачання ў судзе.
Сваю віну абвінавачаны прызнаў цалкам, раскайваецца ў
здзейсненым.
Дзяржабвінаваўца ў ходзе судовых спрэчак запрасіў для
Бяляўскага тры гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.
Суд так і пастананавіў: пакараць Бяляўскага абмежаваннем волі тэрмінам на тры гады без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.