Сяргей Навумчык: Пасля «рэферэндуму» тэрор будзе ўзмацняцца
«Калі не зробленыя ўрокі ні з Курапатаў, ні з 1994 года — значыць, Курапаты паўторацца», — разважае на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» палітык і журналіст Сяргей Навумчык.
Ніякага «паслаблення» рэпрэсій пасля «рэферэндуму» не будзе — наадварот, тэрор будзе ўзмацняцца, бо тэрор, апрабаваны спачатку на невялікай групе дэпутатаў БНФ у красавіку 95-га пры маўчанні народа, застаецца адзіным спосабам трымаць гэты народ у страху.
Вось ужо больш за год тэрор не сустракае адэкватнага адказу, і таму не будзе спыняцца.
І калі большасці насельніцтва дзевяцімільённай краіны абыякавыя Курапаты, дзе ляжаць забітыя дзясяткі тысяч — будуць абыякавыя і дзясяткі тысяч кінутых у турмы і канцлагеры і, магчыма, дзясяткі расстраляных.
Але яшчэ страшнейшае за тэрор — знішчэнне нацыянальнай ідэнтычнасці і самапавагі. Казаў раней і буду паўтараць, што «рэферэндумам» 1995 быў зламаны хрыбет нацыі.
Гэта ж падумаць толькі, да якога стану саманепавагі можна давесці народ, калі фраза «настойваў на беларусізацыі» (у іншых краінах імкненне вярнуць народу яго мову ўспрымалася б як вышэйшая ацэнка) — беларусамі ўспрымаецца як прысуд. Любую іншую мову прымуць, вывучаць — толькі б не сваю.
Літоўцы ў пачатку 1990-х зімавалі ва ўмовах паліўнай блакады Масквы, у халодных кватэрах, абы толькі Літва была незалежнай і свабоднай. Беларусы ж не мёрзлі, але самі ў 1994-м адмовіліся і ад якой-ніякай, але свабоды, і ад дэмакратыі (так, фактычна самі — пад дуламі аўтаматаў у 1994-м ніхто галасаваць не прымушаў). Параўнаць можна хіба з галасаваннем у пачатку 1930-х у Нямеччыне, калі немцы адмовіліся ад дэмакратыі і свабоды Веймарскай рэспублікі на карысць Гітлера (праўда, апошні не заклікаў да знішчэння Германіі як краіны — у нас жа прагаласавалі за таго, хто абяцаў аднавіць імперыю. Няма з чым параўнаць такое ў сусветнай гісторыі).
І калі не зробленыя ўрокі ні з Курапатаў, ні з 1994 года — значыць, Курапаты паўторацца, і значыць, наперадзе яшчэ 27 ці два разы па 27 гадоў шляху ў нікуды.