«Муры» пад Акрэсціна, падпіска на «экстрэмісцкія» каналы. У лістападзе беларусы адбылі агулам 1143 сутак арышту
У лістападзе праваабаронцы зафіксавалі не менш за 275 затрыманняў. Усяго за мінулы месяц суддзі прызначылі мінімум 12 штрафаў на агульную суму 18 270 рублёў (630 базавых велічыняў) і арыштавалі мінімум 81 чалавека агулам на 1143 сутак. «Вясна» склала традыцыйны спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх беларусаў каралі ў лістападзе.
Адправілі на суткі з хваробай Паркінсона і ўжыўленым
нейрастымулятарам
Раніцай 10 лістапада супрацоўнікі ГУБАЗіКа правялі ператрус у кватэры бабруйчаніна Сяргея Бяляева. Адміністрацыйны працэс супраць Сяргея завялі за рэпост у Ленінскім РАУС Бабруйска. Паводле блізкіх Сяргея Бяляева, там адзін з супрацоўнікаў без усялякай прычыны ўдарыў яго па галаве. А Сяргея не толькі біць нельга, яму любыя рэзкія рухі супрацьпаказаныя. У яго хвароба Паркінсона, мужчыну ўжыўлены нейрастымулятар. Мінулай зімой яго таксама забіралі з дому пасля ператрусу і абшуквалі ў міліцыі з ужываннем металашукальніка. Гэта прывяло да таго, што нейрастымулятар быў збіты з рытму. Гэтай восенню Сяргею зрабілі аперацыю ў Мінску і наладзілі стымулятар. Аднак ужо раніцай наступнага дня па прыездзе дадому пасля лякарні да яго ўварваліся сілавікі, паклалі на падлогу, надзелі кайданкі. Праўда, тады Сяргея не затрымалі. А праз месяц, 10 лістапада, вырашылі, што ён ужо здаровы, і затрымалі пасля ператрусу.
12 лістапада на судзе ў ІЧУ Сяргей Бяляеў падаў хадайніцтва
на абарону, запатрабаваў адваката. І яго адпусцілі да панядзелка. Тады блізкія
звярнулі ўвагу на тое, што ён вельмі дрэнна перасоўваецца, магчыма,
нейрастымулятар ізноў збіты. Агулам у мужчыны было тры паседжанні суда, апошняе
ў аўторак, 16 лістапада. Сяргея асудзілі па ч. 2 арт. 19.11 КаАП да 10 сутак
арышту. Адпусціць яго павінны былі да абеду 26 лістапада. Бабруйчанін быў
упэўнены, што яму дадуць не суткі, а штраф, таму не быў гатовы да арышту.
Зарадкі ў нейрастымулятары засталося на лічаныя дні, і калі яго не
падзарадзіць, гэта можа выклікаць пагрозу здароўю і жыццю Сяргея. Пасля
розгаласу ў СМІ міліцыянты прывезлі яго дахаты, каб ён забраў зарадную прыладу,
і зноў адвезлі ў ізалятар. Пра гэта расказала знаёмая Сяргея:
«Напярэдадні прайшла інфармацыя, што ў яго заканчваецца зарад нейрастымулятара. Хлопцы, якія сядзелі з ім, тэлефанавалі сваякам і знаёмым, прасілі перадаць, што ў яго заканчваецца зарадка і што яго не адпускаюць з ІЧУ. Магчыма, паўплывала інфармацыя ў СМІ альбо ён сам неяк заяўляў, але ўчора яго прывезлі дадому, каб узяць неабходную прыладу. Якраз у гэты час дома была маці. Пагутарыць яму з мамай не далі, але зарадку ён гэтую забраў. Таму сёння, як мы думаем, ён ужо па-за зонай рызыкі».
Арыштавалі супрацоўніцу ААН з дыягнаставаным ракам
У судзе Першамайскага раёна Мінска 30 лістапада суддзя Максім Трусевіч разглядзеў справу 49-гадовай Анастасіі Несцеравай. Яна працуе фінансава-адміністрацыйнай асістэнткай у праграме развіцця ААН у Беларусі. Затрымалі жанчыну яшчэ 18 лістапада. Тады яе арыштавалі на 10 сутак па арт. 19.11 КаАП за захоўванне «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Адразу ў пратаколе напісалі, што яна зрабіла рэпост з «экстрэмісцкага» канала, але міліцыянты былі вымушаныя перапісваць пратакол, бо тое паведамленне, за якое яе судзілі, дасылала не сама Анастасія, а наадварот — ёй. Таксама вядома, што мужа Несцеравай таксама арыштавалі на 15 сутак за «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Дома ў мужа і жонкі прайшоў ператрус, а тэхніку канфіскавалі.
28 лістапада Анастасія на волю не выйшла, бо на яе склалі
паўторны пратакол па арт. 19.11 КаАП. На гэты раз за рэпост з выдання
«Z***o». Па словах жанчыны, яна адправіла сяброўцы, якая жыве не ў Беларусі,
інфармацыю пра яе пляменніцу, якая была размешчаная на «Z***o». Віну сваю
Несцерава прызнала, але папрасіла суддзю пакараць яе штрафам. У Анастасіі
Несцеравай дыягнаставаны рак, які патрабуе хірургічнага ўмяшальніцтва. Акрамя
гэтага, 73-гадовай маці Несцеравай патрэбен дагляд. Суддзя Максім Трусевіч не
звярнуў на гэта ўвагі і арыштаваў жанчыну на 15 сутак. Негледзячы на цяжкую
хваробу і тое, што яна ў ЦІПе захварэла на цыстыт і вымушана піць антыбіётыкі
па прызначэнні лекара, Анастасія правядзе за кратамі агулам 25 сутак.
За спробу трапіць на суд да Міколы Дзядка
3 лістапада 35-гадовая Ульяна Ягорава прыйшла ў Мінгарсуд на судовае паседжанне па справе палітзняволенага Міколы Дзядка. Спачатку яна забыла пашпарт, таму пакуль хадзіла за ім, суд над Дзядком ужо пачаўся. Пра гэта ёй нагадаў міліцыянт на ўваходзе. Ульяна адказала, што тады пачакае перапынку і зойдзе пасля яго. Але такая настойлівасць не спадабалася міліцыянтам, таму яны вырашылі даглядзець усе рэчы ў яе заплечніку: дасталі ўсё і паклалі на стол. Сярод рэчаў у Ягоравай былі асабістыя паперы з запісамі, якія міліцыянты вырашылі прачытаць. Але пасля адмовы Ульяне прапанавалі прайсці ў службовы аўтамабіль, каб даставіць яе ў Фрунзенскае РУУС.
Ва ўпраўленні на жанчыну склалі пратакол па арт. 19.1 КаАП
("Дробнае хуліганства") нібыта за тое, што яна на першым паверсе Мінгарсуда каля
10:50 «паводзіла сябе агрэсіўна і задзірліва, гучна крычала, нецэнзурна
лаялася, на заўвагі не рэагавала». 4 лістапада ў судзе Фрунзенскага раёна
суддзя Марыя Ярохіна разглядзела справу Ульяны. Віну сваю Ягорава адмаўляе. Яна
сцвярджае, што рэчы для агляду ўсе прадаставіла, але не разумее, на падставе
чаго яна павінна была даваць чытаць міліцыянтам свае асабістыя запісы. У
выніку для суддзі Марыі Ярохінай доказаў віны Ульяны хапіла, таму яе арыштавалі на 7 сутак.
За спробу трапіць на суд да Вольгі Залатар
Таксама ў Мінгарсудзе 15 лістапада затрымалі 32-гадовую Таццяну Батуру. Яна хацела патрапіць на суд над палітзняволенай Вольгай Залатар. Але пасля кантролю на рамках перад залай суда яе затрымалі людзі ў цывільным. Доўгі час сваякі Таццяны не маглі яе знайсці, бо ў Фрунзенскім РУУСе казалі, што яе там няма. Бліжэй да вечара адвакат змог даведацца, што на ноч да суда дзяўчыну пакінуць у РУУСе, але больш ніякай інфармацыі не далі. На наступны дзень у судзе Фрунзенскага раёна пачалі разглядаць адміністрацыйную справу супраць дзяўчыны за дробнае хуліганства ў судзе (арт. 19.1 КаАП). Таццяна на судзе заявіла пра збіццё ў Фрунзенскім РУУСе — яе ўдарылі галавой аб шафу, у бальніцы дыягнаставалі ўдар галавы, але суддзя Марыя Ярохіна заявіла, што «гэта не мае дачынення да справы», і арыштавала дзяўчыну на 15 сутак.
30 лістапада Таццяна мусіла выйсці пасля 15-сутачнага арышту
на волю, але сваякі і сябры так яе і не дачакаліся. Пазней стала вядома, што
дзяўчыну з Акрэсціна завезлі ў РУУС Фрунзенскага раёна на «прафілактычную
гутарку». Хаця пасля першага суда над Таццянай яе адвакат адправіў ва ўсе РУУСы
Мінска заяву пра тое, што Таццяна Батура адмаўляецца ад правядзення
прафілактычнай гутаркі з ёй.
Згодна з пратаколам па арт. 19.1 КаАП, «Таццяна 30 лістапада
ў 16:10 падчас прафілактычнай гутаркі ў Фрунзенскім РУУСе пачала агрэсіўна і
выклікаючы сябе паводзіць, гучна крычаць, кідаць пісьмовыя прыналежнасці на
падлогу і на заўвагі супакоіцца не рэагаваць». Каля 17:00 пасля трох гадзін
чакання сваякам Таццяны ў ЦІПе паведамілі, што яе ўжо павезлі ў Фрунзенскі
РУУС. Але на судзе высветлілася, што ў 17:20 дзяўчына была яшчэ ў ЦІПе на
вячэры, а ў 18:40 была на асабістым аглядзе за пару хвілін да «вызвалення». Але
як Таццяна, знаходзячыся ў ЦІПа, змагла ў гэты ж час «хуліганіць» у РУУСе —
невядома.
Падчас суда Батура паспела распавесці, што з 18 лістапада і
да моманту перазатрымання яна ўтрымлівалася ў карцары, дзе акрамя яе сядзяць
яшчэ пяць жанчын. «Шконку» ад сцяны адчапляць забаронена, спяць усе на падлозе.
Акрамя гэтага, Таццяна паскардзілася, што ў яе вошы, якія перадаліся ад
бяздомных жанчын у камеры. Таксама дзяўчына заявіла, што ў РУУСе міліцыянты паабяцалі
ёй, што будуць утрымліваць яе за кратамі два месяцы. Суддзя Таццяна Полулех
прызнала дзяўчыну вінаватай па арт. 19.1 КаАП і арыштавала Таццяну на чарговыя
15 сутак.
За БЧБ-налепкі ў баршопе
У Мінску 8 лістапада ў судзе Цэнтральнага раёна разглядзелі справу па артыкулах 24.23 і 24.3 КаАП супраць 48-гадовага Руслана Мялешкі. Згодна з пратаколам, Руслан Мялешка, будучы індывідуальным прадпрымальнікам, «прыняў у неўстаноўлены час удзел у пікетаванні, а менавіта размясціў шматлікія налепкі ў BeerCap Barshop па вуліцы Герцэна, 10». Акрамя гэтага, 5 лістапада ў 21:25 у Цэнтральным РУУС «аказаў непадпарадкаванне супрацоўніку Александровічу: адмовіўся прайсці ў РУУС па факце разбору ў падазрэнні ўдзелу ў пікеце, упіраўся нагамі, хапаўся за форменнае абмундзіраванне». Віну на судзе мужчына не прызнаў.
Ён распавёў, што днём 5 лістапада яму патэлефанавалі і
сказалі, што трэба праверыць у краме камеры відэаназірання для падлучэння іх да
нейкай сістэмы. Калі ён адкрыў дзверы, то сігналізацыя ўжо была знятая. У
баршопе міліцыянты ў яго запытваліся, якое піва лепш. Увечары супрацоўнікі
прыехалі да яго дадому і забралі ў РУУС для гутаркі: «Яшчэ пакурылі там каля РУУС».
Па словах Мялешкі, у Цэнтральным РУУС спыталі, адкуль маглі з'явіцца налепкі.
Адказаў, што бывае там раз на тыдзень і павесіць налепкі мог хто заўгодна.
Таксама мужчына заявіў на судзе, што 5 лістапада ў баршопе налепак не бачыў.
Але праверка інтэр'еру на наяўнасць або адсутнасць налепак у яго абавязкі не
ўваходзіць.
На судзе дапыталі сведку Александровіча, які зрабіў
фатаграфію з БЧБ-налепкамі ў баршопе 5 лістапада. Ён заявіў, што налепкі ў
баршопе размешчаныя там, дзе «наведвальнікі не змаглі б іх размясціць, гэта
значыць у месцах размяшчэння персаналу». Паводле яго словаў, супрацоўнікі
пацвердзілі, што ён з'яўляецца асноўным кіраўніком установы, і «Мялешка сам
пацвердзіў, што размясціў налепкі ў сувязі з яго грамадзянскай пазіцыяй».
У выніку суддзя Дзмітрый Карсюк арыштаваў мужчыну на 30
сутак па двух артыкулах КаАП.
За налепку з «Пагоняй» на машыне
10 лістапада ў судзе Савецкага раёна разглядзелі справу 53-гадовай мінчанкі Аксаны Зыбінай. Справу вёў суддзя Сяргей Шаціла. Аксану затрымалі 9 лістапада за налепку з «Пагоняй» на багажніку яе аўтамабіля, які яна звычайна паркуе каля Савецкага РУУСа. У той дзень ёй патэлефанавалі супрацоўнікі ДАІ і прапанавалі падысці да сваёй машыны. Як стала вядома ў судзе, затрыманне адбылося па скарзе «неабыякавага грамадзяніна», які паведаміў пра налепку ў «інфармацыйны чат-бот 102». На судзе жанчына пагадзілася, што на машыне была налепка з гербам, але яна не бачыць у гэтым правапарушэння. Па яе словах, «Пагоню» яна наляпіла яшчэ ў 2018 годзе да стагоддзя БНР. Яна растлумачыла, што вельмі любіць Беларусь і цікавіцца яе гісторыяй: «Ніякія грамадска-палітычныя погляды налепкай я не выказвала, только любоў да Радзімы».
Суддзя Шаціла пакараў яе па арт. 24.23 КаАП 10-сутачным
арыштам.
За ўключаную песню «Муры» пад Акрэсціна
У першай палове кастрычніка каля Акрэсціна затрымалі двух хлопцаў, якія пад сценамі ізалятара ў машыне ўключылі песню «Разбуры турмы муры». За рулём машыны быў 33-гадовы Руслан Багданоўскі, другога хлопца прозвішча — Канавалаў. Як распавядаюць былыя сукамернікі, 11 лістапада хлопцы вырашылі падтрымаць арыштантаў, якія знаходзяцца на Акрэсціна па палітычных артыкулах, гучна ўключыўшы ў Tesla песню «Разбуры турмы муры». Каля 14:30 яны пад’ехалі да ЦІПа, але прастаялі там нядоўга — адразу падбегла адміністрацыя і яны вымушаны былі з’ехаць. Па словах сукамернікаў, праз дзве гадзіны іх ужо затрымалі. Суд пакараў хлопцаў 15-сутачнымі арыштамі, але потым на іх зноў склалі новыя пратаколы. Невядома, ці выйшлі Багданоўскі і Канавалаў на волю.
Руслана разам з сябрам доўгі час трымалі ў розных карцарах у
нечалавечых умовах. Дакладна вядома, што з 15 па 25 кастрычніка яны
знаходзіліся ў карцары, але сукамернікі кажуць, што па другім пратаколе іх
таксама кінулі туды. У карцары за гэты час адразу знаходзіліся восем чалавек, і
толькі ў адзін дзень іх было чацвёра.
Адна з жанчын, якая сядзела ў гэты час у сумнавядомай
жаночай камеры № 15, распавяла, што яны з астатнімі жанчынамі чулі «Муры» ў сваёй камеры на трэцім паверсе ЦІПа. Яны адразу кінулся да
акенца з кратамі і пачалі плакаць ад радасці — думалі, што іх вызваляюць.
За адмову адчыняць дзверы для правядзення ператрусу
У судзе Фрунзенскага раёна 24 лістапада адбыўся суд над 33-гадовай экскурсаводкай Наталляй Петуховай. Дзяўчыну затрымалі разам з яе сястрой Аленай 23 лістапада пасля ператрусаў у іх кватэрах, якія праводзілі супрацоўнікі КДБ. Вядома, што Алену праз некаторы час адпусцілі, а Наталлю пакінулі за кратамі да суда. У Фрунзенскім РУУСе міліцыянты склалі на Петухову пратакол па арт. 24.3 КаАП ("Непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі"). Яе абвінавацілі ў тым, што яна «адмовілася адчыняць дзверы супрацоўнікам КДБ» і «перашкаджала ім сваім целам праходу ў сваю кватэру».
Справу Петуховай разглядала суддзя Марыя Ярохіна. Падчас
судовага паседжання Наталля адмовілася ад адваката і ад дачы паказанняў. Праз
скайп вызвалі сведку-міліцыянта Сазонава, які пацвердзіў, што Наталля
адмовілася адчыняць дзверы, але нічога дакладна не памятае, бо «шмат праводзіць
ператрусаў за дзень». Суддзя Ярохіна нават не брала перапынак, каб падрыхтаваць
рашэнне суда. Яна на месцы пастанавіла прызнаць Наталлю Петухову вінаватай па
арт. 24.3 КаАП і арыштавала яе на 15 сутак.
За тое, што доўга не адчыняла дзверы
Раніцай 1 снежня да 59-гадовай пенсіянеркі Ніны Маслоўскай прыйшлі супрацоўнікі ДФР. У кватэры жанчыны правялі ператрус, а яе павезлі на допыт ў ведамства, пасля якога на волю яна ўжо не выйшла. Маслоўскую даставілі ў Першамайскі РУУС і пакінулі там на ноч да суда. 2 снежня ў судзе Першамайскага раёна над Нінай адбыўся суд. Справу пенсіянеркі разглядала суддзя Анастасія Кулік.
Пратакол па арт. 24.3 КаАП на Маслоўскую склалі нібыта за
адмову адчыніць дзверы для правядзення вобшуку. Віну сваю Ніна не прызнала. Яна
растлумачыла, што а 7 раніцы яе разбудзіў званок у дзверы. Каб адчыніць іх, ёй
было неабходна апрануцца, таму для гэтага ёй спатрэбілася каля пяці хвілін.
Пасля гэтага яна адразу адчыніла дзверы супрацоўнікам міліцыі. Суддзя Кулік
абурылася таму факту, што Ніна адчыніла не адразу і палічыла, што значыць ёй ёсць чаго баяцца.
Вядома, што ператрус праводзілі чатыры супрацоўнікі міліцыі.
Па словах Маслоўскай, ніхто з сілавікоў не прасіў адчыніць дзверы і не агучылі,
што грукаецца менавіта міліцыя. Сведкі-міліцыянты на судзе сцвярджалі, што яны
неаднаразова прасілі Маслоўскую адчыніць і паказвалі ёй пастанову на ператрус.
Таксама яны казалі, што нібыта Ніна заявіла ім аб тым, што «не будзе адчыняць
дзверы». На іх думку, у кватэру пенсіянерка пусціла толькі праз 20 хвілін.
Маслоўская лічыць гэта хлуснёй. Таксама адзін з сілавікоў заявіў, што не
памятае, як выглядае кватэра жанчыны, бо «праводзіў у той дзень больш за пяць
ператрусаў».
Пенсіянерка на судзе дадала, што ў яе цыстыт і высокі ціск,
таму папрасіла перадаць таблеткі, але вядома, што ў РУУСе пасля суда іх не
прынялі ад сваякоў. Суддзя Анастасія Кулік прызнала Ніну вінаватай і пакарала
яе 8-сутачным арыштам.
Замовілі экскурсію і затрымалі
Раніцай 2 лістапада на Плошчы Свабоды ў Мінску была затрыманая экскурсаводка Аксана Манкевіч. 3 лістапада яе судзілі ў судзе Цэнтральнага раёна за непадпарадкаванне міліцыянтам па арт. 24.3 КаАП. Згодна з пратаколам, Манкевіч 2 лістапада ў 15:10 на вуліцы Арлоўскай 58/1 «аказала непадпарадкаванне Александровічу, адмовілася прайсці ў РУУС па факце разбіральніцтва ў падазрэнні ў захоўванні экстрэмісцкіх матэрыялаў, упіралася нагамі, хапалася за форменнае абмундзіраванне».
Віну на судзе Аксана не прызнала. Яна распавяла, што на
выходных патэлефанаваў малады чалавек, прадставіўся Аляксеем і замовіў
экскурсію для сваёй дзяўчыны. Яны дамовіліся сустрэцца ў 11 гадзін 2 лістапада
на Плошчы Свабоды, 4. Калі Аксана прыйшла ў прызначаныя месца і час, то не
ўбачыла ніякай дзяўчыны. Падышоў малады чалавек, паказаў пасведчанне, і
апынулася, што гэта і быў той Аляксей, які замаўляў экскурсію.
«Спачатку нешта сказаў пра службовы аўтамабіль, але потым
сказаў, што хутчэй будзе пешшу дайсці. І я зразумела, куды мы пойдзем, бо побач
Рэвалюцыйная, 3[там знаходзіцца будынак ГУБАЗіКа]».
Па словах Аксаны, там у яе запатрабавалі ўвесці пароль на
тэлефоне, каб яго разблакаваць. З-за хвалявання яна не магла ўспомніць. Праз
тое, што некалькі разоў прыкладвалі палец, пароль збіўся. Потым усё ж такі
ўскрылі тэлефон, але нічога патрэбнага там не выявілі. Дзяўчыне ў ГУБАЗіКу
прапанавалі запісаць пакаяльнае відэа, але яна адмовілася, бо «не разумела, у
чым трэба каяцца».
Пасля гэтага супрацоўнікі паехалі да Аксаны дадому і правялі ператрус. Пасля гэтага яны яшчэ раз заехалі ў ГУБАЗіК і павезлі Аксану ў Цэнтральнае РУУС. «Там прыпаркаваліся каля тратуара. Яны бачылі, што я адэкватна сябе вяду і нават не трымалі мяне за руку. Прайшлі спакойна разам у РУУС».
На судзе ў якасці сведкі быў дапытаны міліцыянт
Александровіч, які заявіў, што Манцэвіч была затрыманая ў «падазрэнні ў
захоўванні экстрэмісцкіх матэрыялаў». На судзе ён блытаўся у паказаннях
(напрыклад, казаў, што Аксана была ў сінім касцюме, а насамрэч — у шэрым
паліто) і паведаміў, што здымка відэарэгістратарам у той дзень не вялася. На
судзе гэты супрацоўнік быў прадстаўлены, як той, які затрымліваў Манцэвіч, хаця
яна абвергла гэта.
У выніку суддзя Шабуня арыштавала Аксану на 15 сутак.
За падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы
18 лістапада ў Баранавічах адбыліся масавыя ператрусы і затрыманні. Затрымалі мінімум 15 чалавек, дваіх з каторых пазней адпусцілі. Дома ў жыхароў супрацоўнікі ГУБАЗіКа правялі ператрусы, канфіскавалі тэхніку, а з некаторымі запісалі «пакаяльнае відэа». На наступны дзень над затрыманымі прайшлі суды. Жыхароў Баранавічаў працягвалі судзіць за падпіскі на «экстрэмісцкія каналы».
Баранавіцкаму актывісту руху «За свабоду» Юрыю Казакевічу
прысудзілі 15 сутак арышту па ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Мужчыну абвінавацілі ў
размяшчэнні матэрыялу TУT.БАЙ у мясцовым тэлеграм-чаце ў верасні мінулага года.
Мужа і жонку Дзмітрыя і Наталлю Карачуноў арыштавалі на 15 і
13 сутак адпаведна. На «пакаяльным відэа» дзяўчына кажа, што
з’яўляецца адміністратаркай мясцовага тг-канала «Поехали Барановичи».
Наталлю Рослік пакаралі за падпіску на чат-бот «ПЛАТФОРМА
ГОЛОС», які ўлады прызналі экстрэмісцкім. Пасля ператрусу Наталлю адвезлі ў
ГАУС, дзе ў тэлефоне знайшлі падпіску на канал. За гэта на жанчыну склалі
пратакол па арт. 19.11 КаАП («Захоўванне з мэтай распаўсюду інфармацыйнай
прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе
такую дзейнасць»). У Наталлі ёсць двое непаўналетніх дзяцей, таму яе пасля
ператрусу адпусцілі дадому. Сёння суддзя прызначыў Рослік штраф у памеры 522
рублёў (18 базавых велічыняў).
Пенсіянерку Вольгу Заяц аштрафавалі на 435 рублёў (15
базавых велічыняў). Жанчыну абвінавацілі ў падпісцы на «экстрэмісцкія» каналы. Пасля ператрусу ў Вольгі дома ў ГАУСе на яе склалі пратакол
па арт. 19.11 КаАП. Сваю віну на судзе Заяц прызнала. У жанчыны таксама
канфіскавалі тэлефон.
Таксама аштрафалі маці двух непаўналетніх дзяцей Дар’ю Несцер. 18 лістапада ГУБАЗіК правёў у кватэры ператрус, пасля чаго яе даставілі ў ГАУС. Згодна з пратаколам, яна была падпісана на «экстрэмісцкія» каналы. Суддзя Данільчык пастанавіў прызнаць Дар’ю вінаватай і аштрафаваць на 522 рублі (18 базавых велічыняў) з канфіскацыяй тэлефона і ноўтбука.