«Спісы спускае КДБ». З усёй краіны прыходзяць паведамленні пра новыя «палітычныя» звальненні

Палітычна матываваныя звальненні ў Беларусі даўно ўвайшлі ў практыку працоўных адносін. Толькі пасля пратэстаў у 2020 годзе яны набылі небывалы маштаб. Кантракты могуць не працягнуць не толькі з тымі, хто быў асуджаны па «палітычным» адміністрацыйным артыкуле, але і з людзьмі, якія «не так» паводзяць сябе ў сацыяльных сетках ці проста аддалі ў свой час подпіс у падтрымку альтэрнатыўнага кандыдата ў прэзідэнты. Пра такія выпадкі «Нашай Ніве» паведамілі дзясяткі беларусаў з розных куткоў краіны.

_ey8tb.jpg

«Гомсельмаш»: свежых вакансій — больш за сотню

Зміцер працаваў на «Гомсельмашы» ў кавальскім цэху. Яго адхілілі ад працы ў лістападзе, хаця мужчына меў дзейны кантракт да 31 снежня. У жніўні 2020 года яго затрымлівалі на мітынгу ў Гомелі, ён лічыць, што гэта і стала асноўнай прычынай для развітання.

«Наколькі я ведаю, у нашым цэху ад працы адхілілі 13 чалавек: штампоўшчыка, двух фрэзероўшчыкаў, зваршчыка аднаго, двух слесараў, майстроў. У большасці — вялікі стаж», — кажа мужчына.

Сам ён цяпер збіраецца працаваць у Польшчы і хоча перацягнуць туды найлепшых, рукастых калег.

На прадпрыемстве з журналістамі адмовіліся размаўляць. Але, мяркуючы па вакансіях, кадравы голад там назіраецца: шукаюць ахвотных і на пазіцыі машыніста, і на фрэзероўшчыкаў, токараў, слесараў і многіх іншых. Актуальныя больш за сотню вакансій.

БДУ: «Нават проста вядомым сваёй пазіцыяй прапануюць звольніцца»

У Свабодным прафсаюзе супрацоўнікаў БДУ расказалі, што ў БДУ ходзяць спісы на звальненне з «нядобранадзейнымі грамадзянамі». Туды трапілі тыя, хто затрымліваўся па артыкуле 23.34 (дзейны 24.23 КаАП), актывісты прафсаюза і проста «падазроныя» супрацоўнікі. Сярод іх і тыя, хто аддаваў подпіс за альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты, члены ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі.

«Такім супрацоўнікам ці нават проста вядомым сваёй пазіцыяй прапануюць звольніцца. Спісы на звальненне нібыта спускае КДБ: адзін чалавек бачыў такі спіс у руках свайго начальніка. Нам пакуль вядома пра 12 выпадкаў звальнення ў розных падраздзяленнях БДУ.

Кіраўніцтва прапануе звальняцца па пагадненні бакоў, і тады характарыстыка будзе добрая. Або «будзем звальняць па артыкуле і з дрэннай характарыстыкай». Выкладчыкаў, дарэчы, пакуль не чапаюць — відаць, трэба закрыць сесію», — распавялі ў прафсаюзе.

На жаль, гэтым самым спісам на звальненне падзяліцца ніхто не змог. Прарэктар па бяспецы і кадрах БДУ Яраслаў Чаркаскі, які, як лічыцца, мог быць абазнаны ў тэме, перанакіраваў у прэс-службу БДУ. Там, у сваю чаргу, лаканічна паведамілі: «Усе кадравыя пытанні не выходзяць за межы нарматыўна-заканадаўчай базы».

Брэсцкая судмедэкспертыза: «Людзі самі сышлі»

Як ананімна паведаміў адзін з чытачоў і па сумяшчальніцтве былы супрацоўнік камітэта судовых экспертыз, хваля звальненняў у іх структуры прайшла ў пачатку лістапада.

«Папрасілі» напісаць заявы на звальненне каля 14 экспертаў. Галоўным чынам — медыкаў. Так звольніліся судова-медычны эксперт, два эксперты-медыкі з аддзела агульных экспертыз, эксперт-біёлаг, эксперт-псіхіятр, судмедэксперт з Драгічына, кіроўца з Кобрынскага міжраённага аддзела, эксперт-хімік з Пінска.

Цяпер звальняецца эксперт-медык з Маларыты. За што, наўпрост ніхто не кажа. Проста просяць напісаць заяву па пагадненні бакоў, інакш пагражаюць, што падключаць КДБ і тады, магчыма, не проста звольняць, але і завядуць крымінальную справу», — распавёў экс-супрацоўнік.

Судова-медычны эксперт, пра якога кажа наш суразмоўца, сапраўды больш не працуе ў камітэце судовых экспертыз па Брэсцкай вобласці. На пытанне, чаму ён і яшчэ дзясятак экспертаў былі звольненыя, там коратка адказалі: «Людзі самі сышлі». Чаму — «невядома».

Былы супрацоўнік камітэта таксама паведаміў, што замену звольненым яшчэ не знайшлі: нібыта нагрузку пераразмяркоўваюць паміж тымі, хто застаўся. У камітэце пацвердзілі: набор кадраў вядзецца.

Кіраўніцтва «Магілёўліфтмаша»: «Звальненні — гэта поўная лухта»

Аптымізацыя кадраў ідзе і на «Магілёўліфтмашы». Як паведамілі супрацоўнікі, не працягваюць кантракт тым, у каго ён павінен скончыцца найбліжэйшым часам.

Прычым гаворка ідзе не пра шараговых спецыялістаў, а пра інжынераў-канструктараў з салідным стажам, напрыклад, начальнікаў бюро.

«Адзінае тлумачэнне такіх паводзінаў кіраўніцтва — прыбіраць тых, хто аддаў свой подпіс за дэмакратычных кандыдатаў на выбарах 2020 года», — каментуе адзін з супрацоўнікаў.

Намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай працы і сацыяльных пытаннях Мікалай Міхаленя, праўда, усё гэта адмаўляе. «Гэта поўная лухта», — сказаў ён і кінуў слухаўку.

Інстытут метралогіі: «Не з'яўляецца прадметам для дыскусіі»

Падобны адказ «НН» атрымала ў Інстытуце метралогіі. «Не адпавядае рэчаіснасці і не з'яўляецца прадметам для дыскусіі. Да пабачэння», — пракаментаваў дырэктар Валерый Гурэвіч.

Разам з тым адзін з былых супрацоўнікаў, які падтрымлівае сувязь з сённяшнім калектывам, сцвярджае, што з вясны ў інстытуце было звольнена каля 60 чалавек.

«Нібыта прыйшлі спісы вылічаных па білінгу: людзей выклікаюць да кіраўніцтва і просяць тлумачыць, чаму яны знаходзіліся ў месцах пратэстаў. На вуліцы ў выніку аказваюцца ўнікальныя спецыялісты, якім няма замены, — кажа былы супрацоўнік. — Навукоўцы-захавальнікі нацыянальных эталонаў. Замену такім кадрам рыхтуюць гадамі, але найчасцей яе проста няма. Частку працы заткнулі былымі студэнтамі на размеркаванні, але гэта проста прыкрыццё пустэчы».

Таксама «Нашай Ніве» паведамілі пра кропкавыя палітычна матываваныя звальненні ў сталічных дзіцячых садах Упраўлення адукацыі Савецкага раёна, на прадпрыемстве «Белэнергасецьпраект», «Мінскводаканал», у Камянецкім райвыканкаме і Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце, Нацыянальным інстытуце адукацыі, Цэнтры дадатковай адукацыі ў Белаазёрску, у некаторых бальніцах.

Неафіцыйныя прычыны ўсё тыя ж — затрыманні за ўдзел у пратэстах, подпісы ў падтрымку альтэрнатыўных кандыдатаў на выбарах, а таксама падпісанне петыцый з крытыкай дзеянняў улады, кантэнт з нацыянальнымі сімваламі ў сацыяльных сетках.