«Як тут ставяцца да людзей — так і там». Палітвязень з анкалогіяй Аляксей Раманаў — аб жыцці ў калоніі

З калоніі ў Глыбокім вызваліўся палітвязень Аляксей Раманаў. Ён атрымаў год пазбаўленьня волі за «абразу прэзідэнта». На «зоне» ў Аляксея адбыўся рэцыдыў анкалагічнага захворвання — у яго інваліднасць другой групы.
Пра побыт у калоніі, стаўленне да палітычных, перапіску з Юрыем Васкрасенскім і «інтэрв'ю з пятлёй на шыі» Аляксей расказаў «Свабодзе» па вызваленні.

05320000_0a00_0242_f1a3_08d9b020f360_cx0_cy8_cw0_w1023_r1_s.jpeg

«Вялікая падзяка беларускаму народу!»

«Канечне, мяне пакрыўдзіла тое, што я за свае словы атрымаў год калоніі. Увесну 2020 году я меў аперацыю. Мне выразалі праз рак частку страўніка, частку падстраўнікавай залозы, атрымаў інваліднасць. Улетку 2020 году займаўся агітацыяй за Святлану Ціханоўскую. Ну, а потым судзілі ў Хойніках у закрытым судзе за «абразу прэзідэнта». Мне далі «дзяржаўнага» адваката. Хоць я і сплаціў ёй 800 рублёў, але ўся яе дапамога была ў тым, што на судзе яна сказала адзіную фразу: «Прашу прызначыць майму падабароннаму штраф у памеры 30 базавых велічынь». Вось такая абарона.

Мне пасля суду стала блага — упаў гемаглабін. Я трапіў у шпіталь. Ляжаў там прывязаны, з канвоем. Той канвой рагатаў усю ноч і музыку ўключаў, хоць мне было блага. Катаванні проста. Ні вады не давалі, ні ў прыбіральню схадзіць.

Найбольшая падтрымка мне была — гэта лісты і паштоўкі. Яшчэ калі быў на гомельскай турме — атрымліваў па 30-40 іх у дзень. Нават канваіры зайздросцілі, што мне так шмат пішуць. За ўвесь тэрмін атрымаў 10 тысяч лістоў і паштовак. Вялікая падзяка ўсяму беларускаму народу, усім беларусам, якія пісалі мне, дасылалі грошы на рахунак. Праўда, пазней наш урад, ці хто, забаранілі грошы на рахунак. Маўляў, гэта грошы, атрыманыя злачынным шляхам, бандыцкія. Што за глупства!

Мяне людзі падбадзёрвалі ў лістах, прасілі не губляць дух. Многія прасілі маліцца за іх — у каго са здароўем праблемы, у каго іспыты. Я маліўся. Бо на працу не хадзіў як інвалід. Таму хадзіў і маліўся за людзей».

«Сказалі: дасі інтэрв'ю — тут жа паедзеш дахаты»

«У Глыбокім у мяне значна пагоршыўся стан здароўя. Знайшлі новую пухліну. Мяне адправілі ў рэспубліканскі турэмны шпіталь. Там са мной размаўляў медык, якога ў тым шпіталі называюць «чорны лекар». Ён сказаў, што ў мяне новы рак. Сказаў, што больш за 6 месяцаў я не працягну. Я баяўся памерці там, на «зоне».

Той лекар, хоць ён сам пра сябе сказаў, што «я больш супрацоўнік, чым лекар», прапанаваў мне «пакаяцца», папрасіць прабачэння ў Лукашэнкі, даць інтэрв'ю дзяржаўнаму СМІ. Лекар казаў, што мне мала засталося, таму трэба пагаджацца. Маўляў — дам інтэрв'ю і тут жа паеду дахаты, ці праз некалькі дзён. Ну, я пагадзіўся. Яго бралі з аднаго мінскага выдання. Што яны там напісалі — я і не бачыў. Убачыў толькі пасля вызвалення. Ну, і ніхто мяне не адпусціў. Паехаў зноў у калонію».

«Стаўленне да мяне было нармальнае, па законе, хоць і строгае»

«На «зоне» я не працаваў праз інваліднасць. Спачатку меў добрае дыетычнае харчаванне, потым неяк пайку ўрэзалі. Спачатку нам давалі бохан хлеба на пяць чалавек. А потым, з красавіка — бохан хлеба на дваццаць чалавек! Як у блакадным Ленінградзе! Патлумачылі, што так улады вырашылі.

Калі ехаў «этапам» на Глыбокае з Гомеля, то маладыя салдаты звярталіся да нас, «палітычных», з матамі, казалі: «Вас падманулі! Хто тут актывіст?!».

У калоніі я сустракаў людзей, якія сядзяць безь віны па 10 гадоў і больш. Такія людзі не павінны сядзець па «зонах». Ім за папяросу з «травой» давалі па 8 гадоў. Хай яны вінаватыя, але ж не на 8 гадоў! Сустракаў таксіста, які вёз наркамана. Той рабіў «закладкі», а ў таксіста канфіскавалі аўто і пасадзілі на 8 гадоў! Гэта хіба справядліва?

Або яшчэ сядзеў са мной сірата, ён інвалід — мае маленькую руку, кароткую такую, і кароткую нагу. Яго міліцыянты абвінавацілі, што ён іх пабіў! Яму прасілі 6 гадоў, добра, што суддзя разабраўся і даў толькі паўтара года.

Я не злодзей, не забойца, але мяне адправілі на строгі рэжым. Там сядзяць розныя людзі. У тым ліку і маньякі, і забойцы. Адзін сядзіць — тры дні пабыў на волі пасля вызвалення і забіў чалавека. Далі яму 29 гадоў.

Можа, мяне і несправядліва пакаралі. Я, канечне, не забуду. Але дзе і каму я буду гэтыя пытанні падымаць?

Яшчэ калі ў снежні быў у гомельскім СІЗА, мне напісаў Юрый Васкрасенскі. Маўляў, я буду дабівацца, каб вас вызвалілі. Мне падалося, што ён разумны чалавек. У нас з ім завязалася перапіска. Я па ягонай прапанове напісаў ліст на памілаванне — улічваючы мой стан здароўя. Наколькі я ведаю, 300 чалавек напісалі. І што? Вызвалілі толькі 13 чалавек у верасні. Хоць нават адміністрацыя маёй калоніі была не супраць, каб мяне вызвалілі. Але не».

«Краіна — нібыта турма, нібыта канцлагер»

«Мне спачатку было крыўдна, што мяне пасадзілі. Потым я як убачыў, што робіцца... Пачаў думаць: што я буду скардзіцца, калі такія людзі сядзяць у турме, якія маюць прафесіі, адукацыю, лепшыя, чым я? Што, вакол людзі такія дэбілы, што не разумеюць — што насамрэч адбываецца ў нас у краіне?

Калі я сядзеў, то асабліва не ведаў ніякіх навін. У нас быў тэлевізар, але я не глядзеў яго — не люблю. Мне выпісалі газету «Новы час». І нават прыйшоў ліст ад рэдакцыі, што «мы вам выпісалі газету, вось квітанцыя, патрабуйце, каб вам газэту аддавалі». Я пайшоў з той квітанцыяй у адміністрацыю. Мне сказалі: «Хочаш гэтую газэту чытаць? Будзеш! Але толькі ў ШІЗА. Выбірай!». Куды мне ў штрафны ізалятар з маім здароўем? Дзесяць дзён там я не працягну...

Як я выйшаў, то заўважыў, што людзі сталі сумнымі... Такое адчуванне, што мы жывём у горадзе мёртвых, што гэта нейкая турма, канцлагер. Ведаеце, «зона» — тая самая дзяржава. Як тут ставяцца да людзей — так і там. Як там кажуць? Бязмежная ўлада нараджае бязмежную сваволю.

У мяне, пакуль я сядзеў, трэцяя ўнучка нарадзілася. Хачу хутчэй іх пабачыць. Толькі што сорамна ісці з пустымі рукамі.

Мне па вызваленні тэлефанавалі з Шатландыі. Аказваецца, адзін палітык узяў мяне, як сказаць, «пад кантроль», быў маім «хросным». Гэта было вельмі прыемна і нечакана. Ён доўга ўчора са мной размаўляў (Эдвард Дэйві — брытанскі палітык, ліберальны дэмакрат, удзельнічаў у кампаніі ў падтрымку беларускіх палітвязняў).

Я хацеў бы застацца дома, у Беларусі. Тут магілы, тут дзеці, унукі. Хоць баюся, што мне спакойна жыць не дадуць».