Як улады выкарыстоўваюць дзяцей, каб ціснуць на палітычна актыўных грамадзян
У якасці ціску на людзей беларуская дзяржава выкарыстоўвае найбольш балючы інструмент: пагрозу прызнаць сям'ёй, якая знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы (далей — СНС). Вынікам з'яўляецца кантроль сям'і і яе прыватнага жыцця з боку ўлад, а таксама адбіранне дзяцей у палітычна актыўных бацькоў.
Апублікавана даследаванне пра тое, як улады ціснуць на людзей праз пагрозу пастаноўкі ў СНС і адбірання дзяцей.
Аўтарка даследавання праваабаронца Дар'я Чурко адзначае, што і да падзей 2020-га года ціск праз дзяцей быў таксама распаўсюджаны ў Беларусі, аднак колькасць выпадкаў была менш. Так, напрыклад, увага дзяржаўных органаў падала на сем'і, у якіх дзеці адмаўляліся ўступаць у «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», чые бацькі прыцягваліся па арт. 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, а таксама дзяцей, якія замест чырвона-зялёнага сцяга на ўроках малявалі або выкарыстоўвалі бел-чырвона-белы сцяг.
Гэтае даследаванне дэманструе выпадкі непрапарцыйнага выкарыстання ўлады з мэтай ціску на палітычна-актыўных людзей праз іх дзяцей. Справаздача змяшчае аналіз якасных і колькасных даных, сабраных з анкет, распаўсюджаных праз інтэрнэт і арыентаваных на беларускую аўдыторыю.
Анкету запоўнілі 24 рэспандэнткі, прычым палова з іх ужо з'ехала з Беларусі.
Паводле анкет вынікае, што часта распараджэнне на правядзенне сацыяльнага расследавання прыходзіла ў навучальныя ўстановы з міліцыі ці райвыканкамаў.
Адна з рэспандэнтак паказала, што падставай да сацыяльнага расследавання з'явілася бел-чырвона-белая гірлянда, якую адзінаццацігадовая дачка павесіла на акно. У выніку дачку паставілі на ўлік у камісіюпа справах непаўналетніх, аргументуючы тым, што дзіця правяло незаконнае масавае мерапрыемства.
Рэспандэнткі таксама распавядалі ў анкетах, што «ў завуча на стале ляжыць цэлая тоўстая тэчка пра бацькоў, заўважаных у пратэсце».
Распаўсюджанай падставай павышанай увагі да сем'яў з дзецьмі з'яўляецца прыцягненне бацькоў да адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасці па «палітычных» артыкулах.
Адна рэспандэнтка заяўляла, што прадстаўнік дзяржаўных сілавых структур сеў да яе ў машыну, дзе пагражаў неаказаннем медыцынскай дапамогі яе дзіцяці: «У твайго сына ныркі няма, у адзін момант яму проста не акажуць медыцынскую дапамогу».
Таксама рэспандэнткі паведамлялі, што з 8-9-гадовымі дзецьмі «праводзілі нейкае падабенства палітінфармацыі, прымушалі маляваць дзяржаўны сцяг, а калі дзеці малявалі бел-чырвона-белы — лаялі за гэта, пагражалі. Дзеці не разумелі, што адбываецца, адчувалі сябе пакрыўджана».
У выніку такога ціску, як пісалі некаторыя рэспандэнткі, дзеці ўскоквалі ноччу ў слязах і крычалі, каб іх не забіралі.
Такім чынам, дзяржава ажыццяўляе ціск на сем'і праз дзяцей для таго, каб знізіць актыўнасць грамадзянскіх актывістаў, напалохаць. Беларусь, не выконваючы абавязацельствы па забеспячэнні правоў дзіцяці, парушаючы міжнароднае і нацыянальнае заканадаўства, прычыняе сваімі дзеяннямі псіхалагічную шкоду, якая нясе за сабой сур'ёзныя, у тым ліку і фізічныя, наступствы для цэлага пакалення маладых грамадзян, робіць выснову даследчыца.
Цалкам азнаёміцца з даследаваннем можна тут.