Як захаваць помнік гісторыі: практычныя парады
Сёлета былі знішчаныя млын у Солах, капліца ў Жыткавіцкім раёне, сведка паўстання Кастуся Каліноўскага. Пад пагрозай зносу апынуліся драўляная забудова ў Гародні, флігелі ў Жыровіцкім манастыры, Вайсковыя могілкі ў Мінску. Калі вы не ведаеце, што рабіць, каб захаваць архітэктурную спадчыну, а душа баліць, пачаць дзейнічаць дапамогуць гэтыя парады.
1.Калі да вашага помніка пад'ехаў бульдозер, а помнік статус гісторыка-культурнай каштоўнасці не мае, то ў мяне для вас кепскія навіны.
2. Чым раней вы даможацеся статусу, тым лепей. Як падаць заяўку на ўнясенне ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей апісана ў памятцы “Як падрыхтаваць прапанову аб наданні статусу аб’екту архітэктуры”, што падрыхтавала “Гісторыка”.
Дарэчы, калі падаць заяўку ў час не паспелі, але працы на помніку яшчэ не пачаліся, можна зрабіць гэта зараз. Па закону, аб’ект, які знаходзіцца на разглядзе на ўнясенне ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, не можа змяняцца да прыняцца рашэння.
3. "Біце ў сэрцы іх, біце мячамі!"
Бульдозеры яшчэ не пад'ехалі, а ў вы ўжо ведаеце пра знос? Ваш помнік мае адпаведны статус? Віншую! У вас шчэ ёсць шанец нешта выратаваць. І распачынаць трэба з журналістаў.
Вам трэба выклікаць грамадскі рэзананс. Пішыце ў самыя чытаемыя СМІ, даводзьце, чаму гэты помнік павінны быць захаваны. У вас пад рукой заўсёды мусяць быць нумары журналістаў з усіх магчымых выданняў, каб яны маглі аператыўна рэагаваць.
Пры разбурэнні дапамагчы можа шок-кантэнт. Хапіла аднаго вельмі пранізлівага паста Паўла Каралёва, каб цяперашні касцяк каманды валанцёраў Вайсковых прыляцеў на дапамогу. Таксама вялікае ўражанне стварыла відэа, дзе Павал бароніць ад балгаркі агароджу 19 ст. За некалькі дзён яго прагледзела 2000 чалавек!
4. Аднак памятайце, што раз'юшаныя артыкулы варта пісаць толькі тады, калі іншай надзеі ўратаваць не засталося. Калі вы загадзя плануеце распачаць працу, трэба спакойна і цікава распавядаць пра помнік, гісторыю яго ўзнікнення. Супраца заўсёды лепшая за канфлікт.
Таму "Біце ў сэрцы іх, біце мячамі!". Зрабіце так, каб беларусам было балюча страціць гэты помнік. Выбудуйце эмацыйную сувязь з месцам. Пішыце навіны, артыкулы, ладзьце імпрэзы. Папулярызуйце веды пра любы куточак. Біце ў званы! Няхай людзі паглянуць і зразумеюць, што без гэтага дома, млына, могілак жыццё ў іх неяк пашэрае. Мясцовыя ўлады пабачаць вашыя высілкі (калі загадзя распачаць) і прынамсі замінаць не будуць у працы, а то і дапамогуць. Паўтаруся: загадзя.
5. Даведайцеся, ці ёсць у помніка ўладальнік. Гэта трэба па некалькіх прычынах. З аднаго боку, без дазволу ўладальніка рабіць што-кольвек на помніку нельга. Але з другога, скаргі ўласнікаў, правы якіх парушылі, могуць стаць дадатковым рычагом уздзеяння. Пры патрэбе яны могуць і ў суд звярнуцца. Шукайце, дамаўляйцеся, памятайце, што вы ў адным чаўне.
6.Пішыце звароты. Як паказвае досвед, без комплекснага падыходу: грамадскага рэзанансу і заканадаўчага рэгулявання гэта махіна ехаць не хоча. Не факт, што атрымаецца, але ўсё ж лепей, чым чакаць на ганку бульдозеры.
Калі гаворка ідзе пра гісторыка-культурную каштоўнасць (бо толькі тады помнік абаронены законам), найперш трэба пісаць звароты ў пракуратуру. Чым болей, тым лепш). Пракуратура не пакарае вінаватых, не стане на ваш бок. Яна проста праверыць на наяўнасць парушэнняў і калі іх знойдзе, прадпісаннем спыніць дзеянні. Ура?! Не, на гэтым праца не спыняецца. Трэба пісаць звароты ў мясцовыя саветы, у Мінкульт. Працу з дакументамі трэба завершыць, а то парушальнікі скажуць, што гэта не іх спынілі, а яны самі спыніліся. Шукайце юрыста ці спецыяліста па ахове спадчыны.
7. Ладзьце дзяжурствы і талаку. Першыя дапамогуць адсачыць усе змены і, магчыма, захаваць ад поўнага разбурэння. Каб вы не прачнуліся ранкам, а замест дома перакаці-поле лётае і цвыркуны стракочуць. Паміраць дык з музыкай! Ну прынамсі пад камерамі журналістаў. Ах і так! Не забывайцеся падчас дзяжурстваў самі ствараць кантэнт, які аператыўна можна пераслаць журналістам. Мабільны інтэрнэт і добрая камера — галоўная зброя валанцёра!
Другая, то-бок, талака, асабліва загадзя распачатая, можа зрабіць у вачах улады ўражанне, што помнікам займаюцца, таму гэтым дзецюкам варта дапамагчы. Ну, гэта са сферы фантастыкі. А практычна, талака паляпшае стан помніка. Гэта важна, бо вельмі часта тлумачэннем адмовы ад унясення ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей становіцца кепскі стан аб'екта. Аднак бярыце пад увагу, што, калі ён мае статус ГКК, без навукова-праектнай дакументацыі там нельга нічога рабіць па закону. Але можна паспрабаваць дамовіцца з мясцовымі ўладамі.
Дзяжурствы і талака тым яшчэ добрыя, што дапамогуць вам сабраць каманду розных спецыялістаў, ну ці проста каманду. У любым выпадку, лепей, чым працаваць аднаму.
8.Стварайце суполкі і чаты ў розных сацсетках. Зрабіце сайт. Думаю, без патрэбы тлумачыць важнасць кансалідацыі праз сеціва. То і не буду!
9. Звяртайцеся да розных актывістаў, яны ўжо маюць неабходны вам досвед. Яны падкажуць, што шукаць у заканадаўстве, да каго звяртацца з гучнай навіной, дзе распачаць краудфандынг. Гэта ж актуальна і ў дачыненні гісторыкаў і краязнаўцаў. Дапамогуць сабраць інфармацыю пра аб'ект.
І напрыканцы троху карысных спасылак на заканадаўства:
- Аб ахове спадчыны, праве на культуру — арт. 54 Канстытуцыі РБ, арт. 2, 32-37, 39 Кодэкса аб культуры РБ
- Аб праве Грамадскага кантролю і атрыманні інфармацыі — арт. 34 Канстытуцыі РБ, арт. 19, 20 і 39 Кодэкса аб культур
- Аб дзяржаўнай палітыцы ў сферы культуры — арт. 8-15 Кодэкса аб культуры
- Аб перавазе Кодэкса аб культуры над іншымі нарматыўнымі актамі — арт. 5 Кодэкса аб культуры, арт. 23, п.3 Закона РБ “О нормативных правовых актах”)
- Аб пагаршэнні ўмоў ўспрымання, праектнай дакументацыі, абавязках уласніка — арт. 73-75, 78-79, 82-123 Кодэкса аб культуры
- Аб зваротах — Закон РБ “Об обращениях граждан и юридических лиц”
- Аб праве на фота- і відэаздымкі — арт. 34 Канстытуцыі РБ, Закон РБ «Об информации, информатизации и защите информации».
Недзяржаўныя арганізацыі, якія займаюцца аховай спадчыны: Беларускі камітэт ІКАМОС, маладзёжнае грамадскае аб'яднанне "Гісторыка", Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.
Парады падрыхтаваны паводле брашуры "Як захаваць помнік ад разбурэння" Паўла Каралёва і Цімоха Акудовіча і парад Змітра Юркевіча.