Які прыярытэт у «хуткай дапамогі»?

Па прычыне недастатковай прыярытэтнасці выкліку «хуткай дапамогі» ў Слуцку памёр 58-гадовы мужчына. А яго жонка безвынікова спрабуе дабіцца пакарання вінаватых.



3962_5_big.jpg

З дзяцінства мы прывыклі з глыбокай павагай і надзеяй ставіцца да службы па аказанні хуткай медыцынскай дапамогі. Нам падаецца, што варта толькі ў небяспечную для жыцця хвіліну звярнуцца да гэтай службы, і яна своечасова прыедзе і ўратуе нашае жыццё. Але, як высвятляецца, у наш час не заўсёды «хуткая» прыязджае своечасова і не заўсёды ратуе.

 

У канцы сакавіка ў Слуцку ў доме №13 па вуліцы Базарнай раптоўна памёр мужчына ва ўзросце 58 гадоў. Па афіцыйных дадзеных смерць наступіла ад вострай сардэчна-сасудзістай недастатковасці, якая развілася ў выніку ішэмічнай хваробы сэрца. Па выніках праверкі, як вынікае з адказу старэйшага следчага 3-га следчага аддзялення Слуцкага РАУС Шчаева І. В., смерць Анатоля Пашкевіча наступіла «з прычыны хваробы сэрца і нядбайнага стаўлення да стану свайго здароўя».

 

Жонка нябожчыка Валянціна Пашкевіч да гэтага часу не можа змірыцца з раптоўнай стратай мужа і абвінавачвае супрацоўнікаў Слуцкай хуткай медыцынскай дапамогі ў халатнасці і непрафесіяналізме, лічыць, што мужа можна было б выратаваць, калі б ён быў своечасова дастаўлены ў бальніцу і там, у стацыянарных умовах, яму прадставілі б неабходнае лячэнне.

 

Да гэтага часу Валянціна абівае парогі розных устаноў і лічыць, што вінаватыя ў смерці мужа не пакараныя.

 

«Мужу стала вельмі дрэнна ўвечары 21 сакавіка. Ціск зашкальваў, адчуваў цяжар і боль у вобласці сэрца. Патэлефанавалі ў «хуткую», — кажа жанчына. — Машына «хуткай дапамогі» прыбыла толькі праз 60 хвілін. Фельчар збіла ціск, але кардыяграму не зрабіла, хоць муж скардзіўся на болі за грудзінай. Я прасіла фельчара адвезці мужа ў бальніцу, бо ён некалькі гадоў таму перанёс інсульт. Баялася паўторнага інсульту. Ён быў інвалідам Чарнобыля, на 3-й групе. Не піў, быў майстрам на ўсе рукі. «Нядбайна ставіўся да свайго здароўя» — гэта, мусіць, што пайшоў на працу назаўтра. Але ж фельчар «хуткай дапамогі» супакойвала нас, што з ім усё будзе ў парадку, у шпіталізацыі ён не мае патрэбы, і бальнічны яму не патрэбны. На наступны дзень, у нядзелю 22-га сакавіка, у 6 гадзін раніцы Анатоль пайшоў на працу, але тут жа вярнуўся, сказаў, што яму вельмі дрэнна».

 

«Выклікалі ў 6.15 машыну «хуткай» паўторна. Выклікаў ён сам, дыспетчару службы «хуткай дапамогі» казаў, што дранцвеюць рука і нага, і што гэта — паўторны выклік. Машына прыйшла хвілін праз 40, не раней. Дарэчы, наша вуліца знаходзіцца зусім блізка ад месца дыслакацыі службы тэрміновай медыцынскай дапамогі. У некалькіх хвялінах язды», — распавядае жанчына.

 

«Яму зноў зрабілі ўколы, на гэты раз зрабілі і кардыяграму. Мы прасілі шпіталізаваць мужа, бо ён адчуваў здранцвенне рукі і ногі. Аднак у шпіталізацыі ізноўку было адмоўлена. Адразу пасля ўколаў ён задрамаў, а праз паўгадзіны пасля ад’езду лекараў захрыпеў і пачаў губляць прытомнасць. Я ізноўку пачала тэлефанаваць і крычаць, што ён губляе прытомнасць. Лекары і фельчар прыехалі праз 20 хвілін, ратавалі ад смерці на працягу 45 хвілін. Не ўратавалі. Памёр», — кажа Валянціна Пашкевіч.

 

Пасля пахавання мужа жанчына звярнулася ў следчы камітэт і Міністэрства аховы здароўя. Па выніках праверкі следчым аддзяленнем Слуцкага раённага аддзелу следчага камітэту ёй было адмоўлена ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факту смерці «з-за адсутнасці грамадскага дзеяння, прадугледжанага крымінальным законам».

 

Валянціна Пашкевіч паскардзілася нават у Адміністрацыю прэзідэнта. Адказ ёй прыйшоў з Міністэрства аховы здароўя. Мінздароўя прызнала абгрунтаванасць яе звароту і паведаміла, што «камісія выявіла шэраг недахопаў у якасці аказання медыцынскай дапамогі мужу». Медыцынскія работнікі, якія дапусцілі хібы пры аказанні медыцынскай дапамогі, як вынікае з адказу, прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці. Таксама прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці і кіраўнікі, якія курыруюць іх працу, а старэйшы лекар СМД Абросімава М.М. нібыта папярэджана аб магчымым датэрміновым скасаванні кантракту.

 

Якія менавіта недахопы былі выяўлены камісіяй у працы брыгад хуткай дапамогі і як канкрэтна пакараныя вінаватыя — пра гэта ў высновах міністэрскай камісіі не гаворыцца ні слова.

 

Каб высветліць гэтую таямніцу, 21 жніўня разам з жонкай памёрлага мы пагрукаліся ў дзверы з надпісам «Заведуючы СХМД Зяневіч Іван Юльянавіч». Але ён адказаў, што «нічога не ведае пра выяўленыя недахопы». На пытанне, як пакараныя лекары, якія дапусцілі нядбайнасць, што прывяло да смерці чалавека, ён сказаў, што таксама «не ведае». «Магчыма, ім аб’яўлена вымова, — заявіў Іван Юльянавіч. — Старэйшы ўрач Абросімава не звольнена, працуе. Калі мы будзем звальняць урачоў пасля кожнага выпадку, дык тут ніводнага ўрача не застанецца».

 

Па інфармацыі кіраўніка ўкамплектаванасць дактарамі Слуцкай службы «хуткай дапамогі» складае 75%, а саміх аўтамабіляў дастаткова, для таго, каб своечасова выехаць у патрэбнае месца.

 

На наша пытанне, чаму чалавек не быў шпіталізаваны пасля некалькіх выклікаў «хуткай», фактычна быў адпраўлены на працу з такімі медыцынскімі праблемамі, а пасля і абвінавачаны ў дрэнных адносінах да свайго здароўя, ён толькі развёў рукамі.

 

Марудны прыезд машыны «хуткай дапамогі» і адсутнасць шпіталізацыі кіраўнік патлумачыў непрыярытэтнасцю катэгорыі выкліку. Згодна пастановы Міністэрства аховы здароўя № 110 ад 12.10.2009 года, значнае змяненне артэрыяльнага ціску падпадае пад катэгорыю «безадкладны выклік», і аўтамабіль «хуткай дапамогі» павінен прыехаць на працягу 60 хвілін. Найбольш хуткі тэрмін прыезду дактароў прадугледжаны толькі на катэгорыю «экстранны» і «тэрміновы».

 

Высветлілася, што каб забяспечыць самы хуткі прыезд «хуткай», становішча хворага павінна асабіста па тэлефоне ўразіць дыспетчара. Пры гэтым ён можа хрыпець, сцякаць крывёю, біцца ў канвульсіях, ляжаць у коме на дарозе пасля аварыі.

 

Атрымліваецца, што ў дадзеным канкрэтным выпадку для слуцкіх медыкаў згодна з пастановай Міністэрства галоўным было – прыехаць, укалоць хворага, забяспечыць яму спакой. А выжыве ці памрэ пасля гэтага — нікога не цікавіць, апрача жонкі і дзяцей.