Якімі будуць калоніі для наркадылераў і ЛПП для спажыўцоў (фота)

У папраўчай установе для нарказлачынцаў ужо знаходзіцца каля 400 чалавек. Тут можна карыстацца DVD,гуляць у футбол і атрымліваць добрую меддапамогу.



25_03_head.jpg

Выказванне Аляксандра Лукашэнкі пра “драконаўскія калоніі” ажыццявілі на практыцы. У аўторак 24 красавіка начальнік Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Сяргей Дарошка раскрыў некаторыя падрабязнасці. Прамая лінія праводзілася прама з “Воўчых нораў” — адной з “зон” для нарказлачынцаў, якую нядаўна пад гэтыя мэты рэарганізавалі. Сюды адпраўляюць людзей, упершыню асуджаных за абарот наркотыкаў. Калонія можа змясціць больш за 800 чалавек. У дадзены момант там знаходзіцца каля 400.

25.03_kalidor.jpg

Калідор у бараку "Воўчых нораў"

Тых, хто трапіцца на продажы наркотыкаў паўторна, “прапішуць” у глыбоцкую калонію асаблівага рэжыму №13. Сюды пасля асуджэння, мяркуючы па ўсім, і накіруюць буйных наркадылераў.

“У гэтых папраўчых установах патэнцыял медыцынскіх часцей і абсталяванне спрыяюць лячэнню нарказалежных асуджаных. Таксама людзі будуць займацца працай на вытворчасці, каб пакрываць страты асобам, у дачыненні да якіх былі здзейснены злачынствы”, — распавядае Сяргей Дарошка.

Адказнасць за наркаабарот, у адрозненні ад іншых артыкулаў Крымінальнага кодэксу, цяпер наступае з 14 год. Асуджаныя падлеткі будуць змяшчацца ў адпаведныя атрады калоній для непаўналетніх.

Сяргей Дарошка паведамляе і пра з’яўленне лячэбна-працоўнага прафілакторыя (ЛПП) для нарказалежных. Ідэя ў тым, каб на пэўны час ізаляваць чалавека ад грамадства і вылечыць. Для гэтых мэтаў вызначылі ЛТП №5 у Наваградку, дзе, па словах Дарошкі, маецца неабходнае для гэтых мэтаў абсталяванне.

“На дадзены момант там ізалявана 19 чалавек”, — прыводзіць лічбы начальнік ДВП.

 

Былыя вязні “Воўчых нораў” пра футбол, жорсткасць адміністрацыі і тэлевізары

Калонія “Воўчыя норы” праславілася ў беларускіх СМІ “сядзеннем” у ёй шэрагу палітвязняў. Напрыклад, Павел Вінагарадаў правёў тут больш за тры месяцы.

Я параўноўваю “Воўчыя норы” з вельмі дрэнным санаторыем, у якім яшчэ ёсць і правілы, якія ты абавязаны выконваць. Але пеклам я б гэта месца не назваў”, — згадвае Вінаградаў.

З мінусаў калоніі Павел называе немагчымасць паскардзіцца на адміністрацыю.

Што тычыцца працы на прамысловасці, то на ўсіх яе не хапала. Хоць народ на працы хацеў, бо так хутчэй сцякае тэрмін”, — адзначае цікавыя асаблівасці Вінагарадаў.

Жыць па правілах унутранага распарадку, на думку Паўла, у калоніі было немагчыма. Парушэнне можна было атрымаць за незашпілены гузік ці дрэнна паголены, на думку прадстаўніка адміністрацыі, твар.

Эдуард Лобаў быў затрыманы і асуджаны падчас выбарчай кампаніі 2010-га года. У “Воўчых норах” ён прабыў больш за тры гады.

“Калонію першапачаткова планавалі зрабіць з медыцынскім накірункам. Некалі гэты план не ажыццявіўся. А цяпер гэта акурат і спатрэбілася, — мяркуе Лобаў. — Там і баракі збудаваныя з больш камфортнымі ўмовамі. Санчасць таксама вялікая — памерам з барак”.

З плюсаў калоніі Эдуард назваў магчымасць займацца спортам і наяўнасць буйных вадкакрысталічных тэлевізараў у кожным атрадзе.

Пра добрую бытавую тэхніку ў “Воўчых норах” Еўрарадыё распавёў і былы вязень Аляксей Зілінкевіч, які за ўгон аўто прабыў там каля трох год.

Футбол, бег, плазма на паўсцяны, DVD, кабельнае тэлебачанне. Кормяць выдатна, хоць бывае, што нясмачна”, — такія ўспаміны засталіся ў памяці Аляксея.

25.03_dvoryk.jpg

З плюсаў калоніі былыя зняволеныя называюць магчымасць займацца спортам. Таксама ніхто з апытаных непасрэдна не сутыкаўся з фізічным гвалтам

З мінусаў калоніі былы вязень называе месцамі дрэннае да сябе стаўленне.

Мая маці аднойчы прыехала за 600 кіламетраў на спатканне. І яе не пусцілі. Яна з усімі торбамі паехала назад. Увогуле пасылкі часам перадавалі несвоечасова, у іх псаваліся прадукты. Грубіянілі і хамілі. Былі супрацоўнікі, якія ўсіх палохалі”, — заўважае Зілінкевіч, называючы канкрэтныя прозвішчы.

P.S. На загалоўным фота — барак у “Воўчых норах”

Яўген Валошын, euroradio.by