Яшчэ адзін прысуд за «счэпку» каля Стэлы, іск «Мінсктранса» суд не задаволіў
Авінавачанне — узор нядобрасумленнай работы супрацоўнікаў праваахоўнай сістэмы, «надуманае», неабгрунтаванае, і супярэчыць доказам, якія маюцца ў справе, заявіла адвакат у судзе.
Суд Ленінскага раёна Мінска вынес чарговы прысуд па падзеях 9 жніўня 2020 года. Крымінальная справа камплектоўшчыка аднаго з прадпрыемстваў сталіцы Аляксандра Дзям’янцава была разгледжаная 28 снежня. Мужчыну абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным ўдзеле у іх па ч.1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса РБ, паведамляюць праваабаронцы «Вясны».
Справу разглядала суддзя Таццяна Шоцік, дзяржабвінаваўца — пракурор А. Кот.
Аляксандр Дзям’янцаў знаходзіцца пад вартай з 9 верасня 2021 года. Разам з тым ён адбывае ранейшае пакаранне (два гады “хіміі”) за кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым стане.
Згодна з матэрыяламі абвінавачання, Дзям’янцаў, 9 жніўня 2020 года, даведаўшыся з тэлеграм-каналаў пра акцыі пратэсту, знаходзячыся на праспекце Пераможцаў каля Стэлы, разам з іншымі неўстаноўленымі асобамі, прыняў удзел у дзеяннях, які груба парушылі грамадскі парадак, станавіўся ў счэпку, не падпарадкоўваўся неаднаразовым патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, парушаў грамадскі пакой, перашкаджаў руху грамадскага транспарту.
Іск "Мінсктранса" суд не задаволіў
У справе маецца іск КУП “Мінсктранса” аб прычыненні прадпрыемству матэрыяльнай шкоды ў памеры 3 621 рубель 21 капейка.
Абвінавачаны сваю віну прызнаў часткова, акрамя перашкоды працы грамадскага транспарту. І пры гэтым меў рацыю. Бо ўрэшце суд адмовіў "Мінсктрансу" з задавальненні матэрыяльнай прэтэнзіі.
Як патлумачыў у судзе Дзям’янцаў, у счэпку ён патрапіў выпадкова, а калі спрабаваў вызваліцца – яго не адпускалі іншыя ўдзельнікі. Апроч таго счэпка адбывалася на тратуары і не перашкаджала руху грамадскага транспарту. Гэты факт быў зафіксаваны відэаматэрыяламі, якія знаходзяцца ў справе.
У судовых спрэчках абвінаваўца адзначыў змякчальныя абставіны: наяўнасць непаўнагадовага дзіця і той факт, што Аляксандр не выкрыкваў лозунгаў, і не меў пры сабе аніякай пратэснай атрыбутыкі.
Абарона: у дзеяннях Дзям'янцава няма складу крымінальнага злачынства
Абаронца ў сваім выступе адзначыла, што абвінавачанне з'яўляецца ўзорам нядобрасумленнай работы супрацоўнікаў праваахоўнай сістэмы, «надуманым», неабгрунтаваным, і супярэчыць доказам, якія маюцца ў справе.
Абарона настойвае на тым, што ў дзеяннях Дзям'янцава няма складу крымінальнага злачынства.
"На відэа бачна, як Дзям'янцаў сапраўды некаторы час стаіць "у счэпцы" з іншымі грамадзянамі, але стаіць не на праезнай частцы, як гэта паказана ў абвінавачванні, а на тратуары, а па дарозе ў гэты час рухаецца грамадскі транспарт. На гэтым жа відэа бачна, што Дзям'янцаў стаіць моўчкі, актыўных дзеянняў не прымае, нікога не агітуе, нічога не выкрыквае, на праезную частку не імкнецца", — сцвярджае адвакатка.
На відэа таксама бачна, што супрацоўнікі АУС стаяць удалечыні, нічога не выкрыкваюць, ніякія патрабаванні не выказваюць, чутныя галасы толькі грамадзянскіх асоб ("Міліцыя з народам!"), а праз некалькі хвілін камера пачынае набліжацца да натоўпу, у якім знаходзіўся Дзям'янцаў, але яго там ужо няма.
Суд пастанавіў прызнаць Дзям’янцава вінаватым і вынесці пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два з паловай гады.
Улічваючы неадбытае раней пакаранне, канчаткова прызначыць — тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.
Ад пакарання адняць тэрмін знаходжання пад вартай і тэрмін адбыцця пакарання па ранейшаму прысуду.
У задавальненні матэрыяльнага іску КУП “Мінсктранс” — адмовіць
Дзям’янцава вызваліць з-пад варты ў залі суда да пачатку адбыцця прызначанага пакарання.