Суд над журналістам, блогерам і футбалістам Аляксандрам Івуліным пачнецца 17 студзеня
Яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.
У судзе Савецкага раёна Мінска 17 студзеня адбудзецца пасяджэнне па справе 29-гадовага журналіста, блогера і футбаліста «Крумкачоў» Аляксандра Івуліна, паведамляе беларуская служба Польскага радыё.
Івулін быў затрыманы 3 чэрвеня. 4 чэрвеня яго асудзілі па адміністратыўнай справе (арт. 24.23 КаАП) на 30 сутак арышту. 2 ліпеня Івулін атрымаў статус падазраванага па крымінальнай справе. Пазней яму было прад'яўлена абвінавачанне ў арганізацыі і актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія пацягнулі парушэнне працы транспарту (ч. 1 арт. 342 КК РБ). У снежні справа Івуліна была перададзена ў суд.
Зыходзячы з матэрыялаў справы Івуліна, суд павінен кіравацца той версіяй часткі 1 артыкула 342, якая прадугледжвае пакаранне штрафам або арыштам, абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў або пазбаўленне волі на такі ж перыяд.
Калі вы хочаце падтрымаць Аляксандра Івуліна лістом ці тэлеграмай, то адправіць іх можна па адрасе: г. Мінск, вул. Валадарскага 2, 220030.