Калегі аднавілі доступ да «Беларусского журнала» – медыя, якое выдаваў Андрэй Аляксандраў
Праект перастаў абнаўляцца пасля затрымання Аляксандрава год таму.
![opera_snimok_2022_01_05_182312_www.journalby.com.png opera_snimok_2022_01_05_182312_www.journalby.com.png](/img/v1/images/opera_snimok_2022_01_05_182312_www.journalby.com.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Але калегі журналіста аднавілі доступ да сайта www.journalby.com, які нейкі час быў недаступны, перадае «Беларуская асацыяцыя журналістаў».
З 2014 года ў «Беларусским журнале» выходзілі аналітычныя артыкулы і агляды, друкаваліся меркаванні лідараў думак, палітолагаў, эканамістаў і культуролагаў.
Пакуль на сайце няма новых матэрыялаў, але мы спадзяёмся, што ў хуткім часе сітуацыя зменіцца.
Журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў быў затрыманы 12 студзеня ў межах крымінальнай справы па арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Разам з журналістам была затрыманая і яго дзяўчына Ірына Злобіна. Ім абодвум інкрымінавалі фінансаванне асоб, якія ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту.
14 студзеня ў офісе «БелаПАН», дзе Аляксандраў у 2014-2018 гадах працаваў намеснікам дырэктара, прайшоў ператрус. Канфіскаваная частка тэхнікі і носьбітаў інфармацыі. У пастанове на ператрус таксама фігураваў арт. 293 КК («Масавыя беспарадкі»).
У чэрвені Аляксандраву выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса («Здрада дзяржаве»). Яму пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі. Трымаюць яго ў СІЗА №1 у Мінску.