У чым вінавацяць журналіста Андрэя Аляксандрава?

Следчы камітэт нарэшце перапыніў маўчанне і патлумачыў, за што журналісту паставілі артыкул «Здрада радзіме», піша UDF.

andrej_aljaksandrau.jpg

Паводле звестак следства, Андрэй Аляксандраў абвінавачваецца ў тым, што забіраў грошы, перададзеныя ў выглядзе закладак у схованках ад прадстаўнікоў арганізацый BY_help і BYSOL, і займаўся аплатай штрафаў, паслуг адвакатаў і іншых выдаткаў асоб, што зазналі праблемы з-за іх удзелу ў пратэставай дзейнасці. У тым ліку выкарыстоўваліся раней перададзеныя банкаўскія плацежныя карткі замежных банкаў. Следствам устаноўлена не менш за 700 фактаў аплаты.

«Следствам атрыманыя доказы, што злачынны намер Аляксандрава быў накіраваны на аказанне дапамогі замежным арганізацыям "Linking Media" (BY_help) і "Stichting Belarus Solidarity Foundation" (BYSOL) у правядзенні дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі», — сказаў прадстаўнік СК.

Такім чынам, Андрэю Аляксандраву ставяць у віну ўсё тую ж выплату штрафаў і дапамогу тым, хто трапіў пад суд падчас пратэстаў. Але следствам гэта расцэньваецца амаль як шпіянаж.