Валанцёраў фонда «Страна для жизни» прызналі палітвязнямі

9 ліпеня 2021 года ў Мінску супрацоўнікамі КДБ былі затрыманыя валанцёры фонда «Страна для жизни» Марына Дуброўская, Антон Сташэўскі, Юлія Сырых і Таццяна Астроўская.

58442d5a_bf4f_47dc_85c8_8d9990b98c8f.jpg

13 ліпеня стала вядома, што валанцёры абвінавачаюцца ў злачынстве па ч. 2 арт. 361-2 КК («Фінансаванне дзейнасці эстрымісцкага фарміравання») і ім пагражае ад пяці да васьмі гадоў пазбаўлення волі. Усе чацвёра былі ўзятыя пад варту ў СІЗА №1.
У сувязі з гэтым прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці адзначаюць: прад’яўленне абвінавачання валанцёрам фонда «Страна для жизни» адбываецца на фоне ўзмацнення рэпрэсій у дачыненні да прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці краіны.
Усе часцей для апраўдання масавых рэпрэсій у краіне ўлады выкарыстоўваюць г. зв. «антыэкстрэмісцкае заканадаўства» — рэпрэсіўныя змены, унесеныя ў цэлы шэраг законаў краіны як рэакцыя на падзеі мінулага года. Прыкрываючыся рыторыкай барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам, улады развязалі небывалыя рэпрэсіі ў дачыненні да палітычных апанентаў дзеючага рэжыму, незалежных журналістаў, правабаронцаў і іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.
Абвінавачанне ў фінансаванні экстрэмісцкага фаміравання валанцёраў, якія ажыцяўляюць гуманітарную, дабрачынную дзейнасць па аказанні дапамогі ахвярам парушэння правоў чалавека, з’яўляецца заганнай практыкай.
Праваабаронцы адзначаюць, што валанцёрская дзейнасць па аказанні дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій не мае нічога агульнага з экстрэмісцкай дзейнасцю, не з’яўляецца яе фінансаваннем, носіць выключна мірны характар і, адпаведна, пераследуе абсалютна легітымныя мэты. Такая дзейнасць апрыёры не можа быць крыміналізаваная, бо не носіць грамадска небяспечны характар.
Канстытуцыя Беларусі гарантуе кожнаму грамадзяніну свабоду асацыяцый з іншымі асобамі дзеля рэалізацыі супольных мэт. Гэтая свабода гарантаваная і арт. 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і не можа падлягаць ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўсталяваныя законам і з’яўляюцца неабходнымі ў дэмакратычным грамадстве ў мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.
Праваабаронцы перакананыя, што Марына Дуброўская, Антон Сташэўскі, Юлія Сырых, Таццяна Астроўская не здзяйснялі дзеянняў, якія б дазвалялі ўладам абмежаваць іх свабоду.
Яны ацэньваюць іх пераслед як палітычна матываваны, звязаны з іх мірнай дабрачыннай, гуманітарнай дзейнасцю і рэалізацыяй свабоды асацыяцый.
Кіруючыся п. 3.1 а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця «палітычны зняволены», праваааронцы прызнаюць гэтых асоб палітычнымі зняволенымі і патрабуюць ад улад Беларусі:

  • Неадкладнага і безумоўнага вызвалення Марыны Дуброўскай, Антона Сташэўскага, Юліі Сырых, Таццяны Астроўскай і неадкладнага спынення іх крымінальнага пераследу.
  • Вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і спынення палітычных рэпрэсій у краіне.