Журналіста Андрэя Аляксандрава падазраюць у фінансаванні пратэстаў

Журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў быў затрыманы 12 студзеня ў межах крымінальнай справы па арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Разам з журналістам была затрыманая і яго дзяўчына Ірына Злобіна. Ім абодвум інкрымінуюць фінансаванне асоб, якія ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту.

Андрэй Аляксандраў / БАЖ

Андрэй Аляксандраў / БАЖ


Як паведамляе тэлеканал “Белсат”, пра інкрымінаванне Аляксандраву фінансавання пратэстоўцаў заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч. Паводле яго слоў, журналіст разам са сваёй дзяўчынай атрымлівалі грошы ад фонду салідарнасці BYHELP і ўсяго аплацілі больш за 250 штрафаў.
"Са схованак, знойдзеных па каардынатах геалакацыі, мужчына забраў больш за 100 тысяч долараў і еўра. Акрамя таго, у камеры захоўвання адной са сталічных крам яму была пакінутая банкаўская картка, пры дапамозе якой праводзіліся банкаўскія плацяжы і грашовыя сродкі пераводзіліся ў наяўныя грошы", — заявіў Казакевіч.
Таксама сёння стала вядома, што ў дачыненні да журналіста выбраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту на два месяцы.
“Рашэнне аб меры стрымання прыняў УСК Мінска з санкцыі пракуратуры. Але гэта не значыць, што яна не можа быць змененая, прыводзіць словы адвакаткі Аляксандрава Вольгі Карпушонак БелаПАН. — У бліжэйшы час Андрэя павінны перавесці ў СІЗА на вуліцы Валадарскага”.

14 студзеня ў офісе БелаПАН, дзе Аляксандраў у 2014-2018 гадах працаваў намеснікам дырэктара, прайшоў ператрус. Канфіскаваная частка тэхнікі і носьбітаў інфармацыі. У пастанове на ператрус таксама фігураваў арт. 293 КК (“Масавыя беспарадкі”).