Амбасада ЗША: Беларускія ўлады па-ранейшаму схiльныя маніпуляваць законам дзеля сваiх палітычных мэтаў

Амбасада ЗША ў Беларусі 15 студзеня выступіла з заявай наконт пераследу беларускіх незалежных СМІ.

aliaksandrau_1.jpg


"Мы глыбока занепакоеныя пераследам беларускіх незалежных СМІ, якія проста робяць сваю справу, непрадузята паведамляючы сваім суграмадзянам аб тым, што адбываецца", — адзначаецца ў заяве. "Арышт Андрэя Аляксандрава на гэтым тыдні і ўчарашні рэйд на інфармацыйнае агенцтва БелаПАН у пошуках сумніўных апраўданняў яго арышту з'яўляюцца яшчэ адным сведчаннем таго, што ўлады па-ранейшаму схiльныя маніпуляваць законам дзеля сваiх палітычных мэтаў. Моцныя незалежныя сродкі масавай інфармацыі, свабодны абмен інфармацыяй і доступ да яе з’яўляюцца правам беларускага народа i вельмi важныя для адкрытага сучаснага грамадства".
Амбасада ЗША зноў заклікала ўрад Беларусі абараняць і забяспечваць асноўныя свабоды, у першую чаргу свабоду сходаў, слова і друку. Беларускі народ заслугоўвае лепшай будучыні.
Нагадаем, журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў перастаў выходзіць на сувязь 12 студзеня. На наступны дзень высветлілася, што ён затрыманы ў рамках крымінальнай справы, узбуджанай упраўленнем Следчага камітэта (УСК) па Мінску, і праходзіць у якасці падазраванага па арт. 342 КК. У межах гэтай крымінальнай справы 14 студзеня прайшоў ператрус у рэдакцыі БелаПАН, супрацоўнікам якой Аляксандраў раней з'яўляўся.